Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыкаў гурту “Палац” звольнілі зь “Белканцэрту” за ўдзел у канцэрце 21 ліпеня


Ганна Соусь, Менск Пасьля ўдзелу ў канцэрце ў часе акцыі 21 ліпеня артыстаў “Палацу” звольнілі зь дзяржаўнай арганізацыі “Белканцэрт”. На дзяржаўным радыё цяпер таксама не рэкамэндавана ўключаць у эфір кампазыцыі “Палацу”. Некаторыя ўдзельнікі канцэрту зьвязваюць гэтыя захады з крытычнымі заўвагамі Аляксандра Лукашэнкі на адрас гурту падчас выступу перад дыпляматамі на мінулым тыдні.

Удзельнікі гурту “Палац” пра сапраўдныя прычыны звальненьня ведаюць няшмат, але стратай працы не надта расчараваны.

Гавораць Андрэй Хвісевіч і Юрась Белякоў.

(Хвісевіч: ) “Я так асабліва ня ведаю прычын. А што, гэта праблема – звальненьне? Наадварот – добра”.

(Белякоў: ) “Усё будзе добра з “Палацам”.

Атрымаць камэнтар лідэра “Палацу” Алега Хаменкі сёньня не атрымалася: паводле музыкаў, ён ад’ехаў зь Менску.

А вось што паведамілі Радыё Свабода пра сытуацыю са звальненьнем у “Белканцэрце”.

(Супрацоўнік “Белканцэрту”: ) “Сакратар у адпачынку, генэральны дырэктар таксама ў адпачынку. Наколькі мне вядома, напісалі зааяву – ды ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “Яны самі напісалі?”

(Супрацоўнік “Белканцэрту”) “Так. А як жа?”

(Карэспандэнтка: ) “Ня іх звольнілі, а яны самі звольніліся?”

(Супрацоўнік “Белканцэрту”: ) “Самі. Наколькі мне вядома”.

Лідэр гурту “Нэйра Дзюбэль” Аляксандар Кулінковіч, які выступаў на акцыі разам з музыкантамі “Палацу”, ня ведаў пра звальненьне калег, бо толькі вярнуўся з фэстывалю “Басовішча”. Але ўжо ў Польшчы яму паведамілі, што ў сваёй прамове перад дыпляматамі Аляксандар Лукашэнка нэгатыўна выказаўся наконт выступаў у часе апазыцыйных акцый гуртоў “Палац” і “Нэйра Дзюбэль”.

(Кулінковіч: ) “На маю думку, гэта такая звычайная помста. Ані філярмоніі гэта ня будзе мінусам – тое, што яна звольніла “Палац”. Ды, па праўдзе, гэта й для “Палацу” ня будзе мінусам. Гэта папросту такія дробныя дзіцячыя рэчы, накшталт: “сам дурань”. Яшчэ раз паказвае поўную нікчэмнасьць гэтага ўсяго”.

Гісторыя са звальненьнем музыкаў “Палацу” атрымала працяг. У суботу на дзяржаўным радыё супрацоўнікам не рэкамэндавалі ўключаць у эфір кампазыцыі “Палацу”. А ў рэдакцыі радыё “Сталіца” пра непажаданасьць гучаньня ў эфіры “Палацу” была нават вывешана адпаведная папера – праўда, без подпісу й пячаткі. Як распавядаюць некаторыя супрацоўнікі, афіцыйнай забароны не было. Але ж у такіх выпадках і рэкамэндацыі бывае дастаткова.

Дарэчы, на інтэрнэт-сайце “Палацу” паведамляецца, што сёлета гурт чарговы раз быў запрошаны арганізатарамі на “Славянскі базар”, і чарговы раз без камэнтароў быў выключаны са сьпісаў за два дні да фэстывалю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG