Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узнагароду “Музыка Свабоды” на Басовішчы атрымаў “Уліс”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У мястэчку Гарадок на Беласточчыне мінулае ночы скончыўся XV фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча”. На сёлетнім фэстывалі была ўпершыню ўручаная адмысловая ўзнагарода “Музыка Свабоды”, прымеркаваная беларускай службай радыё Свабода да 50-годзьдзя свайго заснаваньня. Узнагароду “Музыка Свабоды” і каштоўныя падарункі сёлета атрымаў Вячаслаў Корань і гурт “Уліс” за песьню “Радыё Свабода”.

Выступу Вячаслава Кораня й гурту “Ўліс” на “Басовішчы” чакалі ня толькі тысячы слухачоў, але таксама і калегі-музыкі. Прыкладам, Юрка Асеньнік, лідэр знанага беластоцкага гурту “Zero-85”, лічыць, што “Ўліс” – гэта найбольш вартасны прадстаўнік беларускай рок-сцэны, гурт, які заўсёды грае тое, што хоча, а ня тое, чаго ў дадзены момант патрабуе рынак.

(Асеньнік: ) “Тут, на “Басовішчы”, я магу раз на год паслухаць нармальны канцэрт гурту “Уліс”, для якога я ўжо трынаццаты раз прыяжджаю на фэстываль. Пры нагодзе, канешне, слухаю й іншыя гурты, якія таксама люблю, але “Басовішча” для мяне – гэта, перадусім, “Уліс”, “Радыё Свабода”.

Узнагарода беларускай рэдакцыі радыё Свабода “Музыка Свабоды” сталася для “Ўлісу” абсалютнай нечаканасьцю, бо дагэтуль на “Басовішчы” гасьцей фэстывалю ніколі не ўзнагароджвалі.

(Памідораў: ) “Прыз гурту “Ўліс” ад Радыё Свабода!”

Тым больш, хаця й цяжка ў гэта паверыць, але як нам паведаміў лідэр “Улісу” Вячаслаў Корань, ягоны гурт за ўсю сваю гісторыю ніколі ніякіх узнагародаў не атрымліваў.

(Корань: ) “Так, гэта было для мяне нечаканасьцю. Вы толькі заснавалі гэтую ўзнагароду і ўручылі яе ўпершыню, таму гэта нечаканасьць была”.

Паводле Вячаслава Кораня, узнагарода ў пэўным сэнсе сьведчыць пра тое, што ён абраў у музыцы правільны шлях – граць не на замову, а толькі тое, што лічыш патрэбным.

(Корань: ) “Няма сэнсу рабіць тое, чаго патрабуе публіка, бо ў Беларусі і так грошай на гэтым не заробіш. Таму лепш рабіць тое, што падабаецца табе самому”.

Цікава, што песьня “Радыё Свабода”, за якую “Ўліс” уласна і атрымаў узнагароду нашага радыё, была запісаная ажно ў трох варыянтах.

(Корань: ) “Гэта не цікава – граць штосьці ўвесь час у адным варыянце. Кожны новы альбом “Улісу” адрозьніваецца ад папярэдняга. Таму калі мы цяпер граем песьню “Радыё Свабода”, дык хочам рабіць гэта па-новаму”.

Ulis, Slava Koran, Svaboda, Dzikavicki

На фотаздымку: карэспандэнт Радыё Свабода Аляксей Дзікавіцкі ўручае ўзнагароду Славу Кораню.
XS
SM
MD
LG