Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

20 гадоў таму памёр Уладзімер Караткевіч


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 25 і 26 ліпеня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

25 ліпеня праваслаўныя ў Беларусі ўшаноўваюць Прокла (“На Прокла поле ад расы прамокла”), а каталікі – Якуба (“Які Якуб да паўдня, такая да сьнежня зіма”).

Два славутыя беларусы пакінулі сьвет 25 ліпеня. У 1592 годзе ня стала Яна Кішкі, дзяржаўнага дзеяча, кальвініста, які ў Іўі заснаваў арыянскую акадэмію, а ў Лоску – друкарню, дзе, у прыватнасьці, друкаваліся кнігі Сымона Буднага. У 1984 годзе, 20 гадоў таму, памёр Уладзімер Караткевіч – мабыць, найбольш чытаны беларускі празаік і паэт, стваральнік прыгодніцкіх гістарычных раманаў.

25 ліпеня 1894 году, 110 гадоў таму, нарадзіўся Гаўрыла Прынцып, нацыянальны герой Югаславіі, забойца эцгерцага Фэрдынанда. Сэрбскі студэнт Гаўрыла ўваходзіў у падпольную арганізацыю “Чорная рука“, якая змагалася супраць аўстра-вугорскага панаваньня на Балканах. Яны хацелі стварыць адзіную незалежную Югаславію. Гаўрыла лічыў, што першым чынам у гэтай справе павінна стаць забойства нейкага з прадстаўнікоў імпэратарскай сям’і Габсбургаў. І вось дзень забойства настаў. 28 чэрвеня 1914 году ў часе візыту эрцгерцага Франца Фэрдынанда ў Сараева Прынцып разам зь пяцьцю таварышамі ўчыніў замах. Ягоны сябрук Нядзелька Чабранавіч кінуў бомбу, але яна выбухнула пад другім аўтамабілем працэсіі і параніла афіцэра, а эрцгерцаг у першай машыне застаўся цэлы. Калі ж пазьней Франц Фэрдынанд накіроўваўся праведаць параненага, з натоўпу выскачыў Прынцып і двума стрэламі забіў эрцгерцага і ягоную жонку. Як вядома, забойства Франца Фэрдынанда стала нагодаю для разьвязваньня першай сусьветнай вайны, у якой загінулі мільёны людзей. А што ж далей адбывалася з Гаўрылам? Яго прысудзілі да дваццаці гадоў турмы – гэткае было максымальнае пакараньне для злачынцаў, маладзейшых за 20 гадоў. У турме Прынцып захварэў на косныя сухоты, яму ампутавалі руку – ці ня тую, якой ён учыніў забойства? Тамсама, у турэмнай лякарні Гаўрыла і памёр у 1918-м годзе.

Цяпер – каляндарныя адметнасьці дня сёньняшняга, 26 ліпеня. У праваслаўных беларусаў – Гаўрыла. “Гаўрылей, казалі, – град на каноплі”. А ў каталікоў – Ганна. “Ганна з дажджом – гарох з чарвяком”.

У шырокім сьвеце 26 ліпеня – “літаратурны” дзень. Бо ў розныя гады пад гэтай датай прыйшлі на сьвет ірляндзкі драматург і Нобэлеўскі ляўрэат Джордж Бэрнард Шоў, заснавальнік “аналітычнай псыхалёгіі” швэйцарац Карл Густаў Юнг, француз Андрэ Маруа і ангелец Олдас Хаксьлі.

А яшчэ 26 ліпеня ў 1928 годзе нарадзіўся Стэнлі Кубрык, славуты амэрыканскі кінарэжысэр.
XS
SM
MD
LG