Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбудуцца афіцыйныя праводзіны дэлегацыі Беларусі на ХХVIII летнія Алімпійскія гульні


Міхал Стэльмак, Менск Як паведамілі ў Міністэрстве спорту і Нацыянальным алімпійскім камітэце, праграма сёньняшніх праводзінаў беларускіх алімпійцаў – традыцыйная. Раніцай а восьмай гадзіне ў спартовым міністэрстве адбудзецца сход спартоўцаў. На гэтым сходзе, як вынікае з праграмы, яны мусяць абраць капітана. Прынамсі капітан ужо ёсьць: ён прызначаны міністрам спорту Юры Сіваковым. Гэта адбылося ў пятніцу, пасьля сканчэньня сумеснай калегіі Міністэрства спорту і выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Спадар Сівакоў, а гэта адбывалася на маіх вачох, бо на тую калегію былі дапушчаныя і журналісты недзяржаўных выданьняў, заявіў што ўжо прынята рашэньне на гэты конт. Таму роля спартоўцаў у абраньні капітана на сёньняшнім сходзе – гэта роля статыстаў, ня больш. Трэба ўсяго толькі падняць руку за чэмпіёнку мінулай Алімпіяды ў Сыднэі ў кіданьні дыску Эліну Зьвераву, якая паедзе і на цяперашнія Гульні ў Афіны. Дарэчы, вось што пра свае капітанскія абавязкі распавяла мне сама спадарыня Зверава:

(Зьверава: ) “Я па ідэі мушу зачытаць клятву алімпійца. Гэта хутчэй дэкаратыўная фігура і не нясе на сабе нейкіх функцыяў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ці павінен капітан быць прыкладам на Алімпійскіх гульнях?”

(Зьверава: ) “Не, што вы. У мяне гэты год вельмі складаны. Кіраўніцтвам гэта не прадугледжваецца. Я буду як звычайны спартовец. Проста ў дадзеным выпадку вырашылі такі гонар аказаць”.

Наколькі мне памятаецца, падобныя праводзіны беларускіх спартоўцаў на мінулыя Алімпіяды адбываліся з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Сустрэчу беларускіх алімпійцаў з Лукашэнкам прадугледжвае і праграма сёньняшніх урачыстасьцяў. У мінулыя разы, калі прыгадаць такія праводзіны спартоўцаў на папярэднія летнія і зімовыя Алімпійскія гульні, Лукашэнка, як правіла, публічна заклікаў спартоўцаў годна выступіць на спаборніцтвах.

Можна таксама спрагназаваць зь вялікай доляй верагоднасьці, што і сёньня алімпійцам будзе нагадана пра палітычную ролю спорту. Пра тое, што перамогі на Гульнях вельмі станоўча будуць уплываць на імідж Беларусі. Як я мяркую, у сваёй прамове ў часе сустрэчы Лукашэнка не прапусьціць сказаць і падкрэсьліць абавязкі спартоўцаў. Каб кожны сябра нацыянальнай зборнай адчуў адказнасьць, што грошы на ягоную падрыхтоўку дзяржава выдаткоўвала ня дарэмна.

Я ўжо згадваў вышэй, што ў пятніцу прайшла сумесная калегія Мінспорту і НАКу, дзе на гэтую адказнасьць за вынікі выступленьняў у Афінах таксама зьвярталася асаблівая ўвага. Праўда, тычылася яна найперш трэнэраў. Начальства, якое ўхваляла сьпіс беларускай алімпійскай дэлегацыі, што накіроўваецца ў Грэцыю, лічыць, што туды едуць самыя падрыхтаваныя асобы.

Між тым, ёсьць і іншыя меркаваньні людзей, якім даручана любымі сродкамі заваяваць алімпійскія мэдалі, якіх, нагадаю, агулам мусіць быць ня меней як дваццаць пяць. Пятую частку зь іх загадана прывезьці дадому беларускім лёгкаатлетам. Дык вось, іх галоўны трэнэр Аляксандр Рудскіх лічыць, што такія патрабаваньні аніяк не стасуюцца з тымі просьбамі і пажаданьнямі пры фармаваньні дэлегацыі ў Афіны, якія выказваліся трэнэрам, але якія так і засталіся без рэагаваньня:

(Рудскіх: ) “Трэба мазгі прыкладваць у пляне камплектаваньня трэнэрскага складу на Алімпіяду. Бо там трэнэраў, якія едуць прагуляцца зь дзікай картай – поўна. А між тым у нас у кіданьні молата паказваюць вынікі такія, што дай Бог іх данесьці да Афінаў. А чаму не паслаць усіх трэнэраў-малатабойцаў, калі яны ўсе прэтэндуюць на мэдалі?!”
XS
SM
MD
LG