Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе зацьвярджаць кандыдатуры прадстаўнікоў палітычных партыяў у складзе Цэнтрвыбаркаму?


Алесь Дашчынскі, Менск У Цэнтрвыбаркаме ствараецца праект прэзыдэнцкага дэкрэту аб уключэньні прадстаўнікоў палітычных партый у склад Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голасу. Некаторыя апазыцыйныя партыі ўжо запрапанавалі свае кандыдатуры: АГП – Міхаіла Пліску, а ПКБ – Алену Скрыган. Гэтыя папярэднія прапановы, як цьвердзяць у ЦВК, будуць выкарыстаныя пры падрыхтоўцы канчатковага дакумэнта.

Кіраўніцтва Цэнтрвыбаркаму вагаецца – пакуль невядома, калі зьявіцца гэты дэкрэт: да 8 жніўня, да пачатку вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты, альбо пазьней, у верасьні, пасьля іх рэгістрацыі. Тлумачыць сакратар камісіі Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Сёньня, пакуль гіпатэтычна, канцэпцыя такая: партыі, якія вылучаць сваіх кандыдатаў, будуць мець права накіраваць сваіх прадстаўнікоў у сябры Цэнтрвыбаркаму з правам дарадчага голасу. Таму і дэкрэт можа зьявіцца раней, на этапе, калі нам стане ясна, якія партыі вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты”.

Аналягічным дэкрэтам у 2000 годзе кіраўнік краіны таксама зацьвярджаў сьпіс кандыдатураў у склад Цэнтрвыбаркаму. Як жа будзе цяпер, калі ўплывовыя апазыцыйныя партыі ўдзельнічаюць у выбарах?

(Лазавік: ) “Альбо гэта будзе дэкрэтам зацьвярджацца сьпіс, а можа ў дэкрэце гэта права будзе адрасавана Цэнтрвыбаркаму, што мы будзем уключаць сваёй пастановай, пакуль гэта невядома”.

Мінулым разам пры зацьвярджэньні кандыдатур прэзыдэнтам Лукашэнкам узьніклі праблемы, пра якія згадвае сакратар ПКБ Алена Скрыган:

(Скрыган: ) “Нягледзячы на тое, што па вусным запытаньні з адміністрацыі прэзыдэнта мы назвалі прозьвішча аднаго чалавека, у дэкрэце ў склад камісіі быў вылучаны зусім іншы чалавек. Мы не зьбіраліся яго вылучаць. Нягледзячы на тое, што быў выказаны наш пратэст, усё засталося так, як і было ў дэкрэце. І мы заявілі, што ад нашай партыі няма прадстаўніка ў складзе Цэнтральнай выбарчай камісіі. Я вельмі асьцерагаюся, што можа адбыцца тое самае і ў гэтым годзе”.

Дарэчы, паводле дэкрэту 2000 года, сябры партыяў ня мелі права ўдзельнічаць у праверках, якія праводзіў Цэнтрвыбаркам, а таксама ў галасаваньні па прыняцьці рашэньняў. Пытаньне паўнамоцтваў вельмі важнае, цьвердзіць Міхаіл Пліска:

(Пліска: ) “Калі ня вызначаныя дакладныя правы, то і быць статыстам у Цэнтральнай камісіі не хацелася б”.

Сябры партыяў таксама адзначаюць, што нават такі дэкрэт, які мінімальна дазваляе ўплываць на сытуацыю, можа быць прыняты запозна.

(Пліска: ) “Партыі зьяўляюцца суб’ектамі выбарчага працэсу. Калі хацелі б пайсьці насустрач палітычным партыям, то маглі б іх уключыць з правам дарадчага голасу па меры фармаваньня акруговых, участковых камісій. Гэта было б больш грунтоўна”.

А вось што думае юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Калі б ЦВК насамрэч жадала зрабіць хоць нейкую бачнасьць дэмакратыі, маглі б зрабіць хаця б на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. А калі яны пускаюць толькі на агітацыю і на падлік галасоў, гэта з большага будзе такое прасіджваньне штаноў. Асноўная праца і з фальшаваньнямі, і з парушэньнем выбарчага заканадаўства, якую робяць улады, адбываецца на ўчастковым і акруговым узроўні. Туды сябраў партый катэгарычна не пускаюць”.
XS
SM
MD
LG