Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомы распаўсюдзіў улёткі з патрабаваньнем трэцяга тэрміну для Лукашэнкі з падробленым подпісам


Браніслава Станкевіч, Віцебск Улёткі зьявіліся ў паштовых скрынях сёньня ўночы. Іх атрымалі жыхары Кастрычніцкага раёну – праўда, за выключэньнем таго дому, дзе жыве сама спадарыня Карач.

Улёткі, надрукаваныя па-расейску з подпісам “Ваш дэпутат Вольга Карач”, ня маюць аніякіх выходных дадзеных, але іхняя колькасьць, на думку спадарыні Вольгі, вымяраецца не адной сотняй асобнікаў.

Ва ўлётках гаворыцца пра грамадзкі рэфэрэндум, які месяц таму правялі ў Віцебску Павал Севярынец ды Валеры Шчукін: “Я глыбока абураная акцыяй, якую праводзілі Севярынец са Шчукіным, бо цяпер гаворка ідзе не пэрсанальна пра аднаго палітыка, а пра ўвесь далейшы шлях нашае краіны”. А сканчаецца зварот да землякоў наступнымі словамі: “Так” – трэцяму тэрміну!”

Пра тое, што ад ейнага імя вядзецца падобная агітацыя, Вольга Карач даведалася ад сваіх выбарцаў, бо цяпер яна знаходзіцца далёка ад Віцебску. Усіх, хто ёй патэлефанаваў, спадарыня Карач прасіла як мага шырэй паведаміць пра тое, што яна нічога падобнага не пісала.

(Карач: ) “Крыўдна, што мой подпіс падроблены, што ад майго імя гавораць чужыя людзі.У гэтай улётцы – не мая пазыцыя, і там мана. Таму што, калі гаварыць пра трэці тэрмін, то даводзіцца гаварыць і пра зьмены ў Канстытуцыі, а я супраць зьмяненьня Канстытуцыі, у любым выпадку!”

Разважаючы пра тое, хто мог скарыстаць ейнае імя, Вольга Карач згадала, што апошнім часам ейнай актыўнай працай з выбарцамі былі незадаволеныя асобныя прадстаўнікі віцебскага гарвыканкаму. Асабліва з тае пары, як з дапамогаю дэпутацкіх запытаў давялося выкрыць выпадкі завышэньня коштаў на камунальныя паслугі. Таму яна не выключае, што спробы дыскрэдытаваць ейнае імя могуць сыходзіць менавіта адтуль.

Паводле меркаваньня спадарыні Вольгі, гэтая ўлётка рабілася выключна дзеля таго, каб прынізіць ейны аўтарытэт спаміж выбарцаў, бо досыць значная колькасьць выбарцаў Лукашэнку не падтрымлівае, а таксама не паважае й тых, хто стаіць на ягоным баку.

Цяпер Вольга Карач зьбіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру, хаця і без асаблівае надзеі, што вінаватых знойдуць.
XS
SM
MD
LG