Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Булавацкі – эсэ “Мая Свабода”


RFE/RL Сёньня прадстаўляем яшчэ аднаго фіналіста конкурсу, прысьвечанага 50-годзьдзю беларускай службы Радыё Свабода. Гэта настаўнік матэматыкі з Магілёву Міхась Булавацкі. За пасьлядоўнае беларускамоўнае выкладаньне ўлады пазбавілі яго мажлівасьці працаваць у школах гораду, нягледзячы на выдатныя посьпехі ягоных вучняў.

Ноч свабоды

Уявіце сабе чалавека ў койцы, загіпсаванага ад пояса да пяткі на адной назе і да калена на другой. У гэтай койцы праходзіць усё ягонае жыцьцё. Сюды прыносяць ежу, прыносяць сякія-такія забаўлянкі, прыносяць судно ці "вутку" для натуральных патрэбаў і нават падкладваюць іх куды трэба, каб ён гэтыя патрэбы змог задаволіць. Так выглядаў мой партрэт у тыя часы, калі Беларуская служба Радыё Свабода пачынала сваю дзейнасьць, з якой я тады ніяк не мог судакранацца, нават як пасіўны і абыякавы слухач. Бо было мне тады восем год і ляжаў так я ўжо тры гады і ляжаць мне, як пазьней выявілася, наканавана было яшчэ чатыры… Гіпс, натуральна, быў не заўсёды. Яго праз тры месяцы зразалі, каб нага магла адпачыць і адрасьці, але праз пэўны час загіпсоўвалі зноў. Гэтыя прамежкі без гіпсу былі ўжо глытком свабоды, якую я скарыстоўваў мабыць занадта актыўна. Бо каму ў такім узросьце ня хочацца рухацца, – ну хаця б вось перакульнуцца ў койцы! I ўрачы досыць хутка апраналі маю нагу ў новую гіпсавую нагавіцу. Такіх, як я, у палаце Чачэвіцкай дзіцячай косьцева-сухотнай санаторыі было каля двух дзесяткаў – цэлы клас. Ня мы хадзілі ў школу, а настаўнікі прыходзілі да нас і вучылі нас чытаць і пісаць алоўкам у сшытку, прыкладзеным да кавалка фанэры (аловак зьнізу, папера з фанэркай зьверху). Настаўнікі, мэдсёстры, нянечкі зьяўляліся ў нас нібыта зь нейкага іншага сьвету, зайздроснага сваёй недасягальнасьцю, і туды ж зьнікалі. А мы заставаліся ў межах чатырох сьцен, зьнізу да паловы зялёных, зьверху белых, белай столі і падлогі, колеру якой ужо й ня помню. Койкі былі на катках, дзякуючы якім нас дастаўлялі на працэдуры, а летам з усіх палат выкочвалі на дзень на адкрытую прасторную вэранду. Так ішло наша жыцьцё з сваімі маленькімі крыўдамі і радасьцямі, з праявамі дзіцячай гарэзьлівасьці і свавольства, за якое магло наступіць і пакараньне: свавольніка выкочвалі ў калідор і пакідалі там пасумаваць нейкі час аднаго.

Аднойчы, ужо ў даволі позьні час, калі выхавацелька павінна была пакласьці нас спаць і сысьці дадому, нейкая гарэза напала на мяне. Я з кімсьці гучна гаманіў, сьмяяўся, выхавацелька спрабавала мяне супакоіць і ўрэшце прыгразіла выкаціць мяне на ноч у самы дальні і цёмны куток калідора. Каб прадухіліць такое, я зьвязаў ручніком сваю койку з койкай суседа і працягваў свавольнічаць. Разгневаная выхавацелька пачала тузаць маю койку, але яна не паддавалася і гэта весяліла мяне яшчэ больш. Урэшце яна разабралася, у чым справа, і, яшчэ больш раззлаваная, рэзкімі рыўкамі разьвязала вузел ручніка і пакаціла маю койку ў калідор. Потым мабыць вырашыла, што калідор – слабое пакараньне і пакаціла мяне на вэранду, пакінуўшы там аднаго пасярод пустой цёмнай прасторы. "Пасьпіш адну ноч тут!" Праз хвіліну вярнулася, памарудзіла, мабыць чакала, што я буду плакаць і прасіцца, але я маўчаў. I яна, накрыўшы мяне яшчэ адной коўдрай, сышла ўжо беззваротна.

Я застаўся адзін. Было і страшна, і цікава. Я прыслухоўваўся да гэтай цішыні і не адчуваў яе варожасьці. Пачаў аглядвацца і пашкадаваў, што яна не падвезла мяне да парэнчаў вэранды. Адтуль было б бачна і неба зь месяцам і зоркамі, і жвіровая дарожка вакол будынка, і клюмбы з кветкамі за ёй... Як туды пад''ехаць? Для гэтага трэба зьлезьці з койкі. Але... Што можа тут зрабіць загіпсаванае дзіця зь недаразьвітымі цягліцамі? 3 гэтай койкі я ня злазіў ужо тры гады, у патрэбных выпадках мяне здымалі. I нават сам намер зьлезьці ўспрымаўся ўжо як пасягненьне на нешта забароненае. Акрамя таго, перакуліцца праз бакавіну койкі я мо й змог бы, але ж, падаючы на падлогу, нараблю грохату сваім гіпсам. I нават калі гэтага грохату не пачуюць, як потым залезьці назад? Зьмерзнуць на падлозе і паклікаць на дапамогу? Гэтага вельмі не хацелася! I магло абярнуцца яшчэ большым пакараньнем, хаця якое можа быць большае пакараньне, я ня ведаў.

Але, як кажуць, вочы баяцца, а рукі й ногі робяць. Цікаўнасьць пераважыла страх. Я вызваліўся з-пад коўдраў, падсунуўся да краю і пачаў рабіць упартыя спробы перакінуць загіпсаваную нагу праз жалезную бакавіну койкі. Стаміўшыся і не дасягнуўшы посьпеху, спыніў спробы і задумаўся. Ідэя знайшлася. Я прыўзьняўся на адной руцэ, а другой пазапіхаў пад крыжавіну скамечаныя коўдры. Так утварылася апора падважніка. Калі я, змораны гэтай няпростай працай, апусьціў плечы на ложак, нага задзірыста ўзьнялася і лёгкім паваротам я занёс яе над бакавінай. Асьцярожна паварочваючыся далей, я змог заняць становішча упоперак койкі. Ногі віселі над падлогай, а рукамі я трымаўся за другую бакавіну. Адпусьціць рукі – азначала нарабіць грохату і магчыма пабіцца самому. Гэтага не хацелася, але што рабіць далей, я ня ведаў. Давялося вярнуцца назад і паўтарыць тое ж, толькі ўжо носам уніз. I не пасярод койкі, а каля яе сьпінкі. Трымаючыся за гэтую сыгінку, я пачаў павольна пасоўваць гіпсавае тулава праз бакавіну. Самым небясьпечным было становішча, калі гіпсавая павязка канчалася і на жалязяку леглі б мае рэбры. Я разумеў, што рэбры трымаць маю загіпсаваную масу ня змогуць і тады трэба як найхутчэй саскочыць. Але лёгка сказаць "саскочыць". Я ссунуўся, зьдзіраючы скуру з грудзей, і калі ногі дасягнулі апоры, койка паехала на мяне і я павіс на руках пад ёй у нахіленым стане.

Але гэта быў ужо вынік!

Я адпачываў на падлозе і шукаў плян далейшых дзеяньняў. Заняць вэртыкальнае становішча каля няўстойлівай койкі было няпроста. I я папоўз па падлозе, пакідаючы за сабой белы гіпсавы сьлед і падштурхоўваючы за сабой койку. Так мы разам зь ёю дабраліся да парэнчаў, аздобленых кратамі з косых планак. Гэтыя краты дапамаглі мне падняцца і праз сэрыю розных спробаў забрацца зноў на койку. Я ляжаў і адпачываў, як чалавек, прыемна стомлены пасьпяховай працай. Працай, на якую я патраціў мабыць не адну гадзіну часу.

Уся санаторыя спала. Мне ж спаць не хацелася. Я ўглядваўся ў нязвыклыя і таямнічыя краявіды зорна-месячнай ночы, услухоўваўся ў яе дзівосныя гукі, успрымаў прыемна-прахалоднае казытаньне ветрыка і пахі, якія ён мне даносіў. Потым пачаў, падцягваючыся за парэнчы, пераяжджаць на новыя месцы. Койка паслухмяна кацілася, каткі ціха павісквалі. Мне захацелася хуткасьці і я пачаў штурхаць койку рэзкімі рыўкамі, пераяжджаючы з аднаго канца вэранды да другога. Маё задавальненьне можа зразумець той, хто ўпершыню сеў за руль аўтамабіля і імчыць па шырокай дарозе, націскаючы пэдаль газу. Накатаўшыся ўдосталь, я пад''ехаў да сходніка, які злучаў вэранду з дарожкай, павярнуў на гэтую нахільную плоскасьць і... доўга не рашаўся адпусьціць рукі. Але ўсё ж адпусьціў. Койка, набіраючы хуткасьць з горкі, прашамацела каткамі па жвіру дарожкі і спынілася паміж клюмбамі.

Вакол мяне былі кветкі, за імі шапацелі лістотай дрэвы, а наа-даа мнооой... О, нада мной была ня белая столь палаты!.. Недзе далёка-далёка і ў той жа час зусім блізка – працяг-ні руку й памацай! – нада мной было чорнае неба, усыпанае блёсткамі зорак. Яны падміргвалі мне! Мне! Мабыць, радаваліся, што я зь імі. I, здаецца, нават зьвінелі. Так, зоркі зьвінелі-сьмяяліся, і я ўсьміхаўся ім насустрач.

Я ўжо ня помніў пра ложак, у якім ляжаў, ня помніў пра санаторыю, я быў між зорак. Я лётаў між імі, я гуляў зь імі, я размаўляў зь імі... Я спаў шчасьлівым сном свабоднага чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG