Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На гомельскіх рынках прадаюць не правераныя на радыяцыю грыбы й ягады


Казімер Яноўскі, Гомель У гэтыя дні на рынках Гомелю й у розных ажыўленых месцах зьявілася шмат прадукцыі з навакольных лясоў – чарніц, лісічак, падбярозавікаў. Большасьць гандляроў прадаюць іх без праверкі на радыяцыю. А хто й праверыў – ня можа спраўдзіць пакупніком, што прадукцыя не заражаная вышэй за дапушчальны ўзровень.

Першых дзьвюх жанчын, што прадавалі лісічкі, я сустрэў у самым цэнтры гораду, на прыпынку “Вуліца Жаркоўскага”. Паўлітровы жбанок лісічак яны пагаджаліся аддаць за тысячу рублёў. Пры гэтым пераконвалі: “Чыстыя. Можна есьці”.

На Прывакзальным рынку жанчыны прадавалі чарніцы зь вёдзер у шэрагу з садоваю малінаю й чорнымі парэчкамі. Шклянка лясных ягад – 400-500 рублёў. На пытаньне, ці правяраліся чарніцы на радыяцыю, прадавачкі часам адказвалі, што ягады – ня іхныя: гаспадыня, маўляў, адлучылася, папрасіла папільнаваць. Іншыя пераконвалі, што самі спажываюць чарніцы, – і нічога ім ня робіцца. А прадаюць таму, што патрэбна капейка на хлеб.

На Цэнтральным рынку таксама нямала гандляроў лясной прадукцыяй.

Гутару з жанчынай, якая прапануе гараджанам чарніцы.

(Карэспандэнт: ) “Ці правяралі вы свае чарніцы?”

(Жанчына: ) “Правяралі. Узяла пяць шклянак дзіцяці – і пайшла праверыла. Нармальныя. Усе нармальна – так лябарантка сказала”.

(Карэспандэнт: ) “А які ўсё ж узровень забруджаньня? Колькі бэкерэляў?”

(Жанчына: ) “Здаецца, 29. Сказала, што яшчэ нават аднаго не хапае – кюру таго, ці муру. Хіба ж я разумею?!”

(Карэспандэнт: ) “У вас ёсьць даведка, што вы правяралі ягады на радыяцыю?”

(Жанчына: ) “Дык яна не дала. Сказала: “Ідзі, баба, прадавай”.

Каб удакладніць пачутае, я зьвярнуўся да радыёляга Цэнтральнага рынку Валянціны Каржовай.

(Каржова: ) “Мы не даем даведак. Ёсьць людзі розныя. Яны могуць даведку на чыстыя ягады перапрадаць, і з гэтай даведкай будуць прадаваць забруджаныя”.

Спадарыня Каржова сказала, што ні ягады, ні грыбы сёлета ня сталі чысьцейшымі ад радыяцыі. Тым, хто хоча пачаставацца ягадамі ці грыбамі, у лябараторыі раяць купіць у прадавачак невялікую колькасьць, праверыць, а пасьля ўжо вырашаць – варта набываць больш, ці не.

Прапануюць і другі варыянт: прыводзіць у лябараторыю гандляроў лясной прадукцыяй, каб разам праверыць яе на радыяцыю.

Такая новая завядзёнка, аднак, ня надта зручная пакупніком: ня кожны хоча за дзьве ці тры шклянкі чарніц марнаваць час на праверку. З іншага боку, гэта не вымагае ад саміх гандляроў праверкі лясное прадукцыі.

(Прадавачка: ) “Я толькі ў мінулым годзе правярала. Гэта чэсна вам кажу”.

Дарэчы, у мінулым годзе на правераную лясную прадукцыю гандляром выдавалі даведкі з указаньнем даты праверкі.
XS
SM
MD
LG