Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падрыхтоўчая кампанія фінішавала. Але канфлікты ў алімпійскай камандзе Беларусі ня згасьлі


Міхал Стэльмак, Менск 23 ліпеня афіцыйна фінішавала алімпійская падрыхтоўчая кампанія. Завяршыўся чатырохгадовы пэрыяд падрыхтоўкі алімпійскай зборнай Беларусі, гісторыя якога багата на сваркі й разьбіральніцтвы. Гучныя канфлікты ў камандзе доўжацца й з набліжэньнем спаборніцтваў у Афінах.

У пятніцу вынікі алімпійскай падрыхтоўкі падсумавала сумесная калегія выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту й Міністэрства спорту. На паседжаньні прагучала: выканана далёка ня ўся праграма падрыхтоўкі. У паасобку, Беларусь у Грэцыі не прадстаўлена ў гульнёвых відах спорту. Ня здолелі пераадолець сыстэмы адборачных спаборніцтваў і нацыянальныя каманды па бадмінтоне, таэквандо, стэндавай стральбе. Як “правальны” кваліфікаваны выступ жаночай “васьмёркі” ў акадэмічнай грэблі. Ня выступяць у праграме алімпійскіх камандных спаборніцтваў таксама айчынныя гімнасты.

Паводле міністра спорту Юр’я Сівакова, асноўныя віноўцы спартовых непаразуменьняў – трэнэры, якія нібыта заўчасна абяцалі “мэдалёвы беларускі дождж” у Афінах. Між тым, галоўны трэнэр алімпійскай зборнай па лёгкай атлетыцы Аляксандар Рудскіх заявіў на паседжаньні калегіі, што беларускія трэнэры застаюцца закладнікамі валюнтарысцкіх рашэньняў спартовых чыноўнікаў.

(Рудскіх: ) “Умешвацца ў падрыхтоўку ёсьць вельмі многа ахвотнікаў. Вось учора ў камандзе адбыўся інцыдэнт, які нельга кваліфікаваць з прафэсійнага пункту гледжаньня. Наша каманда “хадакоў”, сем чалавек якой будуць браць удзел у Алімпійскіх гульнях, знаходзяцца на трэніровачным зборы ў Кыргызстане. Яны ўладаваны нармальна. Але зь Менску ім паступіў сыгнал, што, нібыта, здымаюць аднаго трэнэра, а ставяць іншага. Адбылася сварка сярод трэнэраў і спартоўцаў”.

Як вынікае з тлумачэньня спадара Рудскіх, канфлікт справакаваў дзяржаўны трэнэр па лёгкай атлетыцы. Паводле прамоўцы, функцыі такіх чыноўнікаў гіпэртрафаваны. Яны – падкрэсьлівае спадар Рудскіх – неабгрунтавана ўмешваюцца ў падрыхтоўчы працэс алімпійскіх камандаў. Але пры гэтым ні за што не адказваюць.
XS
SM
MD
LG