Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь ня пусьцілі прадстаўніцу польскага Фонду імя Стэфана Баторы


Альгерд Невяроўскі, Менск Кіраўнічку беларускай праграмы польскага Фонду імя Стэфана Баторы Агнешку Камароўскую, якая прыляцела ў Менск, не пусьцілі за межы аэрапорту. Памежнікі заявілі, што прозьвішча спадарыні Камароўскай знаходзіцца ў сьпісе асоб, уезд якіх у Беларусь непажаданы.

Кіраўнічка беларускай праграмы Фонду імя Стэфана Баторы Агнешка Камароўская прыляцела ў Менск 21 ліпеня, каб узяць удзел у сэмінары, зарганізаваным беларускімі грамадзкімі арганізацыямі. Але ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск-2” яе спынілі супрацоўнікі памежнага кантролю. Што было далей, распавядае сама спадарыня Камароўская.

(Камароўская: ) “Пры ўезьдзе ў Беларусь 21 ліпеня мяне не прапусьцілі праз пашпартны кантроль у менскім аэрапорце. Сказалі, што я не пажаданая ў Беларусі асоба, і на наступны дзень выслалі мяне найбліжшым рэйсам у Варшаву. Ноч я правяла ў менскім аэрапорце. Гэта толькі ведаю. Ніякай больш інфармацыі ніхто мне ня даў. Памежнікі патлумачылі толькі, што я знаходжуся ў сьпісе асоб, уезд якіх у Беларусь непажаданы, і што нічога ім больш не вядома. Я была гэтым шакаваная. І, па праўдзе, да гэтага часу не разумею, зь якой прычыны нехта прыняў такое рашэньне”.

Беларускія памежнікі прапаноўвалі Агнешцы ў той жа дзень вылецець за ўласны кошт самалётам у Вену, але яна ад гэтай прапановы адмовілася. Спадарыня Камароўская ўжо ня першы год кіруе ў Фондзе імя Стэфана Баторы праграмай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. У гэтай справе яна неаднаразова наведвала Беларусь.

Прадстаўнікі амбасады Польшчы ў Менску вельмі зьдзіўлены рашэньнем беларускіх уладаў. Гаворыць прэсавая сакратарка польскай амбасады Моніка Садкоўская.

(Садкоўская: ) “Амбасада думае зьвярнуцца з афіцыйным запытам, каб высьветліць прычыну забароны ўезду ў Беларусь спадарыні Агнешкі. Тым больш, што 19 ліпеня яна атрымала доўгатэрміновую трохразовую візу ў консульскім аддзеле амбасады Беларусі ў Варшаве. Мы зьдзіўлены гэтым фактам і лічым, што беларускі бок у бліжэйшыя дні паведаміць нам прычыну свайго рашэньня”.

Я спрабаваў дазнацца матыў забароны ўезду ў Беларусь Агнешкі Камароўскай у кіраўніка прэсавай службы Дзяржкамітэту памежных войскаў Васіля Кіптэнкі. Спадар Кіптэнка толькі пацьвердзіў, што сам гэты факт меў месца, але ён ня ведае прычыны забароны на ўезд.

А вось у чым бачыць сутнасьць забароны Агнешцы Камароўскай уезду ў Беларусь старшыня рабочай групы Асамблеі няўрадавых арганізацый Сяргей Мацкевіч.

(Мацкевіч: ) “ Прычына папросту ў грамадзкай дзейнасьці гэтага Фонду. Ён займаўся ў Беларусі адукацыйнымі праектамі. Пераважна – з моладзьдзю й з элітамі. І, вядома ж, такая дзейнасьць беларускія ўлады не задавальняе. Таму спынена магчымасьць Агнешцы наведваць Беларусь. Гэта, хутчэй, працяг ціску на грамадзкія арганізацыі, які пачаўся з 2003 году”.

Беларускія ўлады ўжо неаднаразова нематывавана забаранялі ўезд у краіну прадстаўніком польскіх грамадзкіх фондаў і арганізацый. Але Агнешка Камароўская сказала, што гэтае рашэньне уладаў не перашкодзіць ёй і надалей займацца праграмай падтрымкі грамадзянскай супольнасьці ў нашай краіне.
XS
SM
MD
LG