Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады запатрабавалі адстаўкі рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства адукацыі запатрабавала ад кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту неадкладнай адстаўкі рэктара, прафэсара Анатоля Міхайлава. Акрамя таго, Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта змушае ВНУ да 5 жніўня пакінуць арандаванае памяшканьне. Выкладчыцкі калектыў ЭГУ лічыць гэтыя патрабаваньні незаконнымі.

Напачатку міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў прапанаваў кіраўніцтву ўнівэрсытэту правесьці перамовы пра гарантыі існаваньня ВНУ ў выпадку адстаўкі Анатоля Міхайлава. Аднак раптоўна ён спыніў перамовы й запатрабаваў адстаўкі рэктара ва ультыматыўнай форме, пагражаючы вялікімі непрыемнасьцямі. Якія неўзабаве й узьніклі. Пра гэта ў інтэрвію радыё Свабода паведаміў прарэктар Уладзімер Дунаеў.

(Дунаеў: ) “Нам паступіў ліст з галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня пра высяленьне нас з навучальнага корпусу на абсалютна незаконнай падставе. Потым зьявілася камісія Мінадукацыі ў справе выкананьня ліцэнзійных патрабаваньняў. І ад сёньня ізноў працуе чарговая падатковая камісія – мне ўжо цяжка палічыць іх”.

Акрамя таго, ня вырашаным застаецца пытаньне ў справе пераатэстацыі ўзроўню навучальнага працэсу. Спадар Дунаеў перакананы, што ўсе гэтыя захады дзяржаўных органаў скіраваны на закрыцьцё ВНУ. У Міністэрстве адукацыі ад камэнтароў ухіляюцца, але кіраўнік управы вышэйшай адукацыі Юры Міксюк сказаў наступнае.

(Міксюк: ) “У агульных рысах ведаю сытуацыю: нас праінфармавалі, што, аказваецца, у іх няма плошчаў – патрэбнай колькасьці. Таму накіравана праверка на адпаведнасьць ліцэнзійным патрабаваньням – у тым ліку, і па колькасьці памяшканьняў. Праверка з загаду міністра накіравана”.

Паводле кіраўніцтва ЭГУ, Анатоль Міхайлаў, які цяпер знаходзіцца на стажыроўцы за межамі краіны, папрасіў выкладчыцкі калектыў выказаць сваё стаўленьне да гэтай сытуацыі, і па-ранейшаму атрымаў падтрымку. Вось што паведаміла дэкан факультэту права Ала Сакалова.

(Сакалова: ) “Мы настроены трымацца тае лініі, якую абралі ад 21 студзеня, калі да нашага рэктара быў выстаўлены першы ультыматум. Але ў нас ня так шмат рэсурсаў, каб адстойваць сваю пазыцыю. І раз нам выстаўлена патрабаваньне вызваліць будынак, мы пасьпешліва шукаем новае памяшканьне, каб разьмясьціць тэхніку, бібліятэку. Мы й хацелі б гэта зрабіць, але вельмі многія адмаўляюць – у гэтым ёсьць праблема. Але мы так лічым, што праўда – на нашым баку.

Сёньня Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт праводзіць баль для выпускнікоў 2004 году. Лёс шасьці соцень іншых студэнтаў, а таксама абітурыентаў, якія здаюць уступныя іспыты, застаецца няпэўным.

Нагадаем: упершыню міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў запатрабаваў ад акадэміка Анатоля Міхайлава – заснавальніка Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту – вызваліць пасаду рэктара на пачатку студзеня. Калектыў унівэрсытэту тады заявіў, што гвалтоўная адстаўка спадара Міхайлава паставіць пад пытаньне само існаваньне ВНУ й нэгатыўна паўплывае на імідж Беларусі ў сьвеце. На падтрымку Анатоля Міхайлава таксама выступілі амбасадары шэрагу эўрапейскіх краін у Беларусі.

Гл. таксама • ЭГУ высяляюць, нямецкія прафэсары ўжо пакуюць рэчы
XS
SM
MD
LG