Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭГУ высяляюць?


Ул. інф. Замежныя выкладчыкі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, якія меркавалі прабыць у Беларусі яшчэ й жнівень, змушаныя зьмяніць свае пляны. Падставай для гэтага ёсьць афіцыйны ліст з адміністрацыі прэзыдэнта, згодна зь якім, пачынаючы ад 5 жніўня, усе памяшканьні ЭГУ мусяць быць вызваленыя.

Інстытут нямецкіх дасьледаваньняў пры Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце зьяўляецца адным з найбольш пасьпяховых праектаў у галіне нямецка-беларускага адукацыйнага супрацоўніцтва. Некаторыя навучальныя курсы Інстытуту створаны паводле ўзору модуляў унівэрсытэту ў Франкфурце-на-Одэры. Зь беларускімі студэнтамі праводзяць заняткі нямецкія філёзафы, эканамісты, палітолягі – прычым, выключна на нямецкай мове.

Апошнім часам зь неафіцыйных размоваў можна было дазнацца, што адносна навучальных плянаў немцаў паступае ўсё больш, так бы мовіць, рэкамэндацый з боку беларускіх міністэрскіх чыноўнікаў. Чыноўнікі настойліва раяць замяніць, напрыклад, курс рынкавай эканомікі на курс па міжнародных правох дзіцяці альбо СНІДу.

Адзін зь нямецкіх выкладчыкаў, які мае працяглы кантракт з ЭГУ, а цяпер разам са сваімі калегамі паўстаў перад непазьбежнасьцю пакінуць памяшканьні Інстытуту ад 5 жніўня, занепакоены сытуацыяй, але лічыць, што й у такім выпадку трэба шукаць рашэньне.

(Выкладчык: ) “Так, мы атрымалі ліст ад мясцовых уладаў, у аўторак, што мусім пакінуць памяшканьні. Зразумела, гэтыя прэтэнзіі не да нашага Інстытуту, а да ЭГУ. Аднак мы лічым, што трэба шукаць рашэньне. Казаць што-небудзь больш пакуль зарана”.

Пакуль замежныя партнэры Эўрапейскага ўнівэрсытэту ўстрымліваюцца ад нейкіх камэнтароў і даюць зразумець, што пытаньне ня толькі ў арэндзе.

Паводле заходніх дыпляматаў, жаданьне беларускіх уладаў любым шляхам спыніць навучальны працэс у гэтай установе, можа мець самыя сумныя наступствы для прэстыжу Беларусі.

Нямецкі дыплямат Гельмут Фрык, які да чэрвеня працаваў амбасадарам ФРГ ў Менску, перакананы:

(Фрык: ) “Гэта было б вялікай трагедыяй для Беларусі, ейных партнэраў, калі ЭГУ далей ня зможа існаваць ці працаваць у поўным аб’ёме. Мы, Эўразьвяз і Нямеччына, пераканаўча выклалі сваю пазыцыю беларускаму ўраду… Выканаўца абавязкаў старшыні Эўразьвязу ад імя краінаў ЭЗ напісаў дакладны й зьмястоўны ліст міністру Мартынаву. Тое, што ЭГУ, хоць і са спазьненьнем, выдалі ліцэнзію, можна абгрунтаваць і ўзьдзеяньнем гэтае акцыі. Мы чулі, што й цяпер маюцца цяжкасьці, але спадзяёмся: яны будуць пераадолены. Са свайго боку, мы будзем і надалей гэтаму ўсяляк садзейнічаць”.

Гэтая пазыцыя Нямеччыны й Эўропы была выкладзена яшчэ раней, калі ўстанову зьбіраліся пазбавіць ліцэнзіі. Тады ад імя краінаў Эўразьвязу міністру замежных справаў Беларусі Мартынаву быў напісаны адмысловы ліст, у якім патлумачвалася занепакоенасьць эўрапейскіх краін у зьвязку зь лёсам ЭГУ.

Эўрапейскі ўнівэрсытэт па-ранейшаму лічыцца сярод беларускай моладзі адной з самых прэстыжных ВНУ, і сёлета, як і ў папярэднія гады, сюды пададзена вялікая колькасьць заяваў на паступленьне.

Гл. таксама • Улады запатрабавалі адстаўкі рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG