Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Зыгмунд Мінэйка спрычыніўся да першых Алімпійскіх гульняў сучаснасьці ў 1896 годзе


Уладзімер Глод, Менск За тры тыдні да адкрыцьця Алімпійскіх гульняў у Афінах застаецца занепакоенасьць: ня ўсе спартовыя аб’екты цалкам гатовы да спаборніцтваў. І хаця зразумела, што параўноўваць дзень сёньняшні з пазамінулым стагодзьдзем не выпадае, але да першых Алімпійскіх гульняў сучаснасьці, якія праводзіліся ў тых жа Афінах у 1896 годзе, усё было збудавана своечасова. Сярод інжынэраў, якія працавалі тады ў Афінах, быў, дарэчы, і беларус Зыгмунд Мінэйка.

Зыгмунд Мінэйка нарадзіўся ў 1840 годзе ў вёсцы Балванішкі (цяпер яна завецца Зялёны Бор) Ашмянскага раёну. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, пасьля – у Пецярбурскай інжынэрнай вучэльні. Для сучаснікаў першым імя Мінэйкі адкрыў доктар гістарычных навук, прафэсар Барыс Клейн, які жыў і выкладаў у Горадні, сябраваў з Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком. Апошнія шэсьць год прафэсар жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

(Клейн: ) "Я займаўся біяграфіяй Зыгмунда Мінэйкі. Знайшоў ягоную справу ў віленскім архіве, бо ён за ўдзел у паўстаньні 1863 году быў арыштаваны. Яго нават хацелі пакараць сьмерцю. Але ён выратаваўся. Гэта быў актыўны паўстанец. Потым ён уцёк, эміграваў праз Малдову й трапіў у Афіны. Ён там пасяліўся й стаў жыць. Ён – адзін з уплывовых інжынэраў, які зрабіў для Грэцыі вельмі многа: рэгуляцыю рэк, масты, дарогі... Адначасова – як журналіст – пісаў пра Алімпійскія гульні й працаваў над тым, каб яны прайшлі добра. Ён быў адным з тых, хто ажыцьцяўляў праект Алімпійскіх гульняў".

Шэф алімпійскай місіі Беларусі Анатоль Іваноў тройчы выяжджаў у Афіны. І вось якія ўражаньні ў яго засталіся.

(Іваноў: ) "Мяне што ўразіла: згодна з рэглямэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту, усе спартовыя аб’екты мусяць быць гатовы за год да Алімпійскіх гульняў. Мы прыяжджалі летась у верасьні: падрыхтавана было адсоткаў 30. Калі мы прыехалі зноў, сёлета ў лютым, сытуацыя была крыху лепшай. Але тым ня менш, спартовыя аб''екты не былі гатовы. Я да сёньняшняга дня не магу высьветліць, з чаго будзе зроблены сэктар для штурханьня ядра. Я прасіў пра гэта дзеля таго, каб нашыя лёгкаатлеты ведалі, і маглі пашукаць, дзе можна трэніравацца на гэтакім самым пакрыцьці. Але адказу няма. Калі параўноўваць з той Алімпіядай, што была чатыры гады таму ў Сіднэі, то гэта, як кажуць, – неба й зямля. У Сіднэі да адпаведнага часу ўсё было зроблена. Мы хадзілі па стадыёне, мацалі дарожкі, траву. І гэтак далей. Усё было падрыхтавана".

Не на карысьць Афін параўнальна зь Сіднэем бачыць сытуацыю й галоўны трэнэр Нацыянальнай каманды Беларусі па мастацкай гімнастыцы Ірына Ляпарская.

(Ляпарская: ) "Калі мы прыехалі ў Афіны на перадалімпійскі тыдзень, то былі ўпэўнены, што яны нічога не пасьпеюць. Наш аб''ект лічыўся ўжо здадзеным, але ў ім было яшчэ шмат недахопаў. Што тады казаць пра базы, якія лічыліся яшчэ не падрыхтаванымі. Але калі я пабачыла, што яны пусьцілі адмысловы трамвай, то падумала: можа, і пасьпеюць.Бо мы бачылі толькі раскапаную траншэю. Можа, яны такія фэномэны – на фінішы пасьпеюць усё... Але вельмі прыгожа – так, як мы бачылі ў Сіднэі, – я думаю, ня будзе".

Што да лёсу Зыгмунда Мінэйкі, то ягоную працу ўлады Грэцыі ў свой час ацанілі вельмі высока. Гаворыць прафэсар Клейн.

(Клейн: ) "Урэшце рэшт за адметныя заслугі Зыгмунда Мінэйку грэцкі парлямэнт у 1910 годзе абвесьціў ганаровым грамадзянінам краіны. І прысвоіў яму вышэйшую вайсковую ўзнагароду".
XS
SM
MD
LG