Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Юльян Гайдук


Юльян Гайдук, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Сёньня свае асабістыя запісы прадстаўляе інжынэр-хімік зь Менску Юльян Гайдук.

18 ліпеня

Адкрыцьцё ў самім сабе. Дагэтуль звыклым заняткам было хадзіць па любімых месцах гораду. За перадапошнія гады тры я прайшоў па іх пешшу ня менш за тры тысячы кілямэтраў. Мне няма за што любіць свой горад. Гэта цяжкае адкрыцьцё. Цяпер буду хадзіць у лес.

19 ліпеня

Развагі з нагоды, чаму ў Беларусі несапраўднае лета. Выходжу на гаўбец. Надвор’е радасьці не выклікае. Гопнікі з гучнымі галасамі ды своеасаблівымі маналёгамі яе таксама не дадаюць.

Чарговае адкрыцьцё – “Дапаможнік па руйнаваньні гарадоў” Альгерда Бахарэвіча. Зь першага апавяданьня. Трэба чытаць далей.

20 ліпеня

Беларускія дарогі нязьменна вабяць. Праўда, за колькі гадоў сталічнай ізаляцыі заўважаю істотныя зьмены краявідаў. Шчыра ўсьцешыўся аднастайным па ўсёй трасе суцэльным "красівым" плотам уздоўж сяліб ды цьвінтароў. А што? Ня толькі ж прэзыдэнту на “красату" любавацца. Палюбаваўся й я. Але ўражаньня хапіла не нашмат. Давялося наведаць Чыжоўку, якая ня вёска ўжо гадоў пяцьдзясят, бо гадоў трыццаць – узорны сацгорад. І калі мадэрновы плот у Бухалаўцы Гомельскага раёну сэрыі ХХХ неяк цешыць вочы хаця б з прыроды руху, дык пазнаючы гэткую ж інжынэрную сэрыю бэтоннай пліты ў плоце, што ахіліў сядзібную забудову па цэнтры парку 900-годзьдзя Менску, робіцца прыкра.

Памятаю ўражаньні маці, настаўніцы ў ангельскай спэцшколе ў Менску: калі амэрыканскія госьці (часы Каці Лычовай і Раісы Гарбачовай) запатрабавалі паказаць "хіжыны", – тая ня ведала, дзе іх адшукаць. Сёньня ўбачыў сам. За мэмарыяльным эўраплотам. Той самай сэрыі ХХХ. А гэта ўжо надоўга.

Да 2006 году будзе адноўлены гістарычны цэнтар Менску. Показка дня. Прачытаў у газэце. Шкадую тых, хто будзе з гэтым... “ваўтузацца”.

21 ліпеня

З нагоды нашумелай галадоўкі ёсьць пэўнае таемнае спадзяваньне на тое, што, як кажуць, “нешта будзе”. Галадоўка – прыгожы акт. Гэткага даўно ня было. Шанец хаця часткова вярнуць, бадай, цалкам страчаны давер да "мэнэджмэнт-апазыцыі" вялікай частцы электарату. Бо "палатка" ўсё адно застанецца, а гэтак было б спадзяваньне хаця б на “палатку”, ды яшчэ з пэўным плюсам.

Спазьняючыся да прызначанага пачатку акцыі, машынальна думаю пра тое, на якім прыпынку выйсьці, каб да “эпіцэнтру” – у сэнсе на пляц Якуба Коласа – патрапіць своечасова (ёсьць такая старая тактыка). Нешта было. Застаецца суцешыцца, што, каб не галадоўшчыкі, магло быць горш. Наканаванасьць: чым менш людзей у “эпіцэнтры”, тым імпэтней лютуюць міліцыянты. Сёньняшняя бойка жорсткая. Прыгадваю, як калісь прысеў кардон амапаўцаў ад кідка скрынкі запалак каля цырку, на фоне вялізнага натоўпу людзей. Цяпер спрабую адабраць у міліцыянта транспарант, сканфіскаваны ў тых, хто ўжо сядзіць у спэцаўтобусе: “Аддайце, гэта ня ваша”. Ён лаецца.

Адна й тая ж тактыка вулічных шэсьцяў кірункам “цэнтар-Бангалор” існуе такі працяглы час, што нават малпы выдрэсіруюцца мінімалізаваць час мерапрыемства. У цэнтры заварушкі, як і дзесяць год таму, – моладзь. Толькі ўжо іншая моладзь, іншыя твары. Ды праблема ў тым, што моладзь, як ніхто іншы, хутка разумее не эфэктыўнасць такога кшталту сцэнароў палітызаванага баўленьня часу. На непрацяглы час зьяўляецца чарговая вахта штурмавікоў. Што да астатніх, дык сцэнарны аналіз хвароб грамадзтва несуцяшальны.

Пэўна, ёсьць адпаведны назоў у гэтай стадыі лякальнай таталітарнасьці – з пэўным жа натуральным зыходам. Можа, гэта стадыя талерантнасьці? Жарт. А калі сур’ёзна, дык, адрозна ад маладых, дзесяць гадоў для людзей старэйшага веку – няшмат. Папярэдне яны існавалі па адных схемах, пасьля паклалі пяць-шэсьць гадоў на авалодваньне схемамі іншымі. Цяпер, як што, ім сьвеціць накінутае чарговае прыстасаваньне. Людзей, да гэткага здольных, няшмат. І ўсё ж папросту, са спартовай цікавасьці, хочацца гэтага героя перажыць.

Учора думаў пра архітэктуру, сёньня – пра вулічныя акцыі. Не выходзяць з галавы анархісты. Ага, вось да чаго! Графіці. Кепска ці не, калі на сьценах гаспадарчых пабудоў гарадзкой рэкрэацыі зьяўляюцца палотны па матывах Гернікі? Я лічу, што гэта сыгнал. Сыгнал адказным “дарослым” людзям: “Безгустоўнасьць тут!” Графіці – найяскравейшы сродак сучаснага анархавыяўленьня: тонкага, балючага, непераадольнага непрыняцьця ўрбанізацыйнага жаху з адначасовым усьвядомленьнем няздольнасьці нешта зьмяніць. Пантофлі, парасоны ды іншыя рэчы на асфальце сёньня – таксама графіці.

22 ліпеня

Здымаю стрэс ад учорашніх падзеяў. Піва "Александрыя". У плястыку яно трапляецца кіслае ўдвая часьцей – да таго ж, на сто рублёў даражэйшае. Тады навошта купляю? Хіба, каб бамжы над душой не стаялі.

Старая кабета ў двары абазвала бандэраўцам: маўляў, бараду носіць, не – каб пагаліўся. А паколькі яшчэ не астыў ад кароткатэрміновага наведаньня ўкраінскіх сталіц, Львову ды Кіеву, думкі міжволі вяртаюцца да вандроўных уражаньняў.

Непераадольнасьць палягае паміж грамадзянскімі сьвядомасьцямі людзей дзьвюх краін з даўгім прамежкам "супольнай гісторыі". Напаткаў двох суб''ектаў – ахоўнікаў заалягічнага саду ў львоўскім музэі традыцыйнай архітэктуры. Яны аказаліся прыхільнікамі “Сашы й Сірожы". (Саша й Сірожа прапісаліся на тамтэйшай тэлевізіі). Яны ў захапленьні ад вярхоўнага беларускага пудзіла. Але нават гэным абарыгенам не абыякавы танцы ў сваёй уласнай "палатцы". Іхная інфармаванасьць пра палітычныя падзеі шчыра зьдзіўляе. Які адсотак беларусаў-выбарнікаў ведае прозьвішча свайго прэм''ера? Правільна – а дзеля чаго?

Вартаўнікі дазволілі тады нашаму таварышу-гіду забраць з вальеры дзікага вяхіра, якога пакоцала сарока.

Цудоўная патрыятычная музыка ва ўкраінцаў. Раней не цікавіўся. Асабістае адкрыцьцё новага чароўнага свету. Але нічога. У “Народным альбоме” ёсьць “Нёман”: “За дальлю цудоўнай радзімы твае расьцьвілі берагі”. БССР. Гэта вам ня “Гандзю-рыбка”. 2:1 на карысьць украінцаў.

23 ліпеня

Праз шчыльныя фіранкі нашай кватэры на першым паверсе ранак нагадвае пра сябе птушынымі сьпевамі, сонечнымі прамянямі, сёньня надзвычай пяшчотнымі, і... беларускай мовай. Гэта што – першы дзень пасьля?.. Прыслухоўваюся – не, гэта ня сон Веры Паўлаўны. Гэта ня гопнікі. Гэта гутарка дворнічых. На ладнай беларускай мове. Можа, трэба вось так заўжды прачынацца раней – і тады някепскі настрой з ранку будзе надарацца часьцей?
XS
SM
MD
LG