Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пытаньне тыдня: “Чым запомнілася 10-гадовае прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў На пытаньне тыдня адказваюць жыхары Магілёва.

(Спадарыня: ) “Першыя ўражаньні, калі ён стаў прэзыдэнтам… Для мяне – як жанчыны – адыграла вялізную ролю тое, што ён паехаў туды бяз жонкі. Вось гэта ўжо мінус. Бо я лічу, што прэзыдэнт ува ўсім павінен паказваць прыклад”.

(Спадарыня: ) “Для мяне гэта цяжкае пытаньне – я не палітык. Мне, напрыклад – як мэдсупрацоўніку – няблага: ён нам пастаянна дабаўляе нейкую капейчыну”.

(Спадарыня: ) “Я працую ў такой сфэры, дзе заробак не падвышаецца абсалютна. Я працую ў бібліятэцы. Мы жывём за рысай беднасьці. Ён абсалютна не зьвяртае ўвагі на культуру. Але адсюль усе нашыя беды – ад нашага бескультур’я”.

(Спадар: ) “Усё ж такі тым, што як-ніяк стабільнасьць нейкая зьявілася ў народзе”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, а вы лепей сталі жыць за гэтае дзесяцігодзьдзе?”

(Спадар: ) “Я не сказаў бы”.

(Карэспандэнт: ) “Тады адкуль стабільнасьць?”

(Спадар: ) “Лепей не стала, але ўрэшце рэшт горш не выходзіць ніяк”.

(Спадар: ) “Я цяпер хацеў бы быць на пэнсіі. Але толькі не займацца справай. Таму што я навокал бачу праблемы. Як толькі пачынаеш кранацца жыцьця непасрэдна, сутыкаесься з праблемамі”.

(Спадар: ) “Карацей, я не магу падабраць словаў, каб выказаць сваё стаўленьне да гэтага пытаньня – скрайне адмоўнае”.

(Карэспандэнт: ) “Чым вам запомнілася 10-гадовае прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі?”

(Спадар: ) “Абурэньнем супраць уціску свабоды прэсы – я сказаў бы так. Няма ніякай крытыкі на адрас Ураду й таго ж прэзыдэнта? Не, ёсьць, але яе мала хто чуе, мала хто ведае”.

(Спадарыня: ) “Неяк стала болей спакойна. Я проста параўноўваю, як жывуць ува Ўкраіне. Ня ведаю, як жывуць у Расеі… Аднак мне падаецца, што ў нас больш спакойна жыцьцё ідзе, чым у іншых рэспубліках”.

(Спадар: ) “Таталітарны рэжым ні да чога добрага ніколі не даводзіў і не давядзе. Я так лічу”.

(Спадарыня: ) “Дыктат і паказуха. Мая маці жыве ў вёсцы на пэнсію – для яе ён ідэал. Ён ёй выдае своечасова пэнсію, і для яе гэта – галоўнае. А для мяне – выбачайце. У мяне дзіця, мне трэба даць яму адукацыю й нечым карміць. На сёньняшні дзень без таго, каб скрасьці ў нашай дзяржавы, – напэўна, інакш нельга”.

(Спадар: ) “Ад прэзыдэнта мала што залежыць. Жыцьцё трэба самім будаваць”.
XS
SM
MD
LG