Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб ня геній Уладзімера Караткевіча, – магчыма, на карце сьвету не было б цяпер краіны пад назваю Рэспубліка Беларусь…”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка-111”. Лісты слухачоў чытае і камэнтуе пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

У пошце Свабоды традыцыйна шмат лістоў, прысьвечаных беларускай гісторыі, ейным выдатным асобам, вызначальным падзеям ды інтэрпрэтацыі іх у сучаснасьці. У гэтым няма нічога дзіўнага. Бо няўхільна вяртаючыся да Беларусі, мы ня можам абысьціся безь павяртаньня ў нашую памяць. Гістарычная сьвядомасьць – галоўны складнік сьвядомасьці нацыянальнай. Напэўна, кожны са слухачоў ведае прыклады, калі менавіта дзякуючы нараджэньню цікавасьці да гісторыі, нашы суайчыньнікі ўсьведамлялі сябе ня проста жыхарамі гэтай краіны, а ейнымі грамадзянамі, адказнымі за працяг справаў продкаў.

Апошнімі днямі паўстала й яшчэ адна – дакладна акрэсьленая – нагода для лістоў гістарычнай праблематыкі. Сёньня, 25 ліпеня, споўнілася 20 гадоў, як з намі няма Ўладзімера Караткевіча – пісьменьніка, дзякуючы якому сотні тысяч жыхароў БССР пачалі ператварацца з прадстаўнікоў савецкага народу ў беларусаў – спадкаемцаў багатай гісторыі, вартай эўрапейскага народу.

“Уладзімер Караткевіч, – піша сп.Сінчук зь Бягомлю, – у 1970-80-я гады зрабіў для Беларусі нязьмерна больш за цэлы акадэмічны інстытут гісторыі. Караткевіч пайшоў ад нас да крыўднага рана, усяго ў няпоўныя 54 гады, але колькі пасьпеў! Каб не ягоны геній, – магчыма, на палітычнай карце сьвету не было б цяпер і краіны пад назваю Рэспубліка Беларусь”.

Вось так , надзвычай высока ацэньвае наш слухач творчы подзьвіг пісьменьніка. З пазыцыі гістарычнае лёгікі сьцьверджаньне небездакорнае. Але, шчыра кажучы, са сп.Сінчуком ня хочацца спрачацца.

На пачатку згаданых ім 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя я вучыўся на гістарычным факультэце БДУ, і магу абсалютна ўпэўнена сказаць, што сапраўдную гісторыю свайго народу мы адкрывалі для сябе не на ўнівэрсытэцкіх лекцыях, а якраз дзякуючы кнігам Караткевіча. Выкладчыкі чыталі нам курс наскрозь міталягізаванай , нецікавай, калі не сказаць – убогай гісторыі БССР, у якім дасавецкі пэрыяд займаў у лепшым разе пятую частку. У той гісторыі не было герояў, партрэты якіх хацелася б павесіць над сваім ложкам у інтэрнаце. Затое мы мусілі добра зацьвердзіць, што беларусы да кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расеі ніколі ня мелі дзяржаўнасьці, што цягам стагодзьдзяў галоўным клопатам і запаветнаю мараю продкаў было ўзьяднаньне зь вялікім расейскім народам.

Мінулае Беларусі падавалася на лекцыях і ў падручніках як частка мінулага Расеі. А кнігі Ўладзімера Караткевіча расчынялі нам вакно ў сьвет зусім іншае гісторыі. Там, у нашых папярэднікаў, ад часоў Полацкага княства была ўласная дзяржава. Там беларускія гарады, як і гарады ўсёй Эўропы, жылі паводле магдэбурскага права. Там былі бліскучыя перамогі й выдатныя палкаводцы – Вітаўт, Астроскі, Хадкевіч… Раманы, аповесьці, апавяданьні Караткевіча папросту паўсталі замест падручнікаў.

Наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску, напэўна, пагадзіўся б са мной. Ён піша, што, менавіта дзякуючы літаратуры на гістарычную тэму, зразумеў: беларус мае сваю краіну й сваю багатую й непаўторную гісторыю.

Шлях твораў Уладзімера Караткевіча да чытачоў у савецкай імпэрыі быў не заўсёды лёгкім. Цяперашняя ўлада таксама насьцярожана ставіцца да літаратуры, прысьвечанай нацыянальнай гісторыі.

“Пачуў па Свабодзе пра кнігу Сагановіча “Невядомая вайна”, – піша сп.Копыл, – зайшоў у кнігарню, каб набыць яе. “Ёсьць такая кніга, – адказвае прадавачка й падае мне выданьне на рускай мове – “Неизвестная война”. Высьвятляецца, што кніга – пра дзейнасьць КДБ. Мяне ж цікавіла вайна з расейскай дзяржавай у 1654-1667г.г.”.

Згаданае нашым слухачом папулярнае дасьледаваньне Г.Сагановіча зьявілася дзесяць гадоў таму. На добры лад, гэтую кнігу, што запоўніла ў гістарыяграфіі ды ў гістарычнай памяці беларусаў вялізную лакуну, дзяржаве трэба было б даўно перавыдаць. Але ж мы зьяўляемся сьведкамі яшчэ адной, найноўшай спробы рэдагаваньня гісторыі – у афіцыйных выданьнях, энцыкляпэдыях, навучальных дапаможніках. У адпаведнасьці з ідэялягічнымі ўстаноўкамі ўлады рэанімуюцца, здавалася б, назаўсёды разьвянчаныя імпэрскія міты. Найноўшы прыклад – выхад дапаможніка па гісторыі Беларусі, створанага сьціплым магілеўскім выкладчыкам Якавам Трашчанком, што, як умеў, выкладаў некалі свой прадмет студэнту гістарычнага факультэту А.Лукашэнку.

Абыякавасьць, а то й варожасьць уладных структур да гісторыі свайго народу, адсутнасьць клопату пра пашырэньне гістарычных ведаў у краіне й па-за ейнымі межамі дае свой сумны плён.

Сп.Копыл піша пра пецярбурскага мастака беларускага паходжаньня Зьмітра Якуценю, чыя выстава сёлета экспанавалася ў Менску.

“Сярод прывезеных ім карцін не было ніводнай на беларускія матывы. Я сказаў Зьмітру, што яму варта наведацца ў Курапаты, сьвятое месца для кожнага беларуса, а для мастака – тым больш. Ён зьдзіўлена глянуў на мяне: “А што такое Курапаты?” Мне зрабілася вельмі крыўдна за такога беларуса. Пабыць у Курапатах ён не захацеў. Выявілася, што з нашай гісторыі – і даўняй, і нядаўняй – ён практычна нічога ня ведае. Чуў нешта пра ВКЛ. Але так і не зразумеў, што гэта такое”, – з горыччу канстатуе наш слухач.

Ведаеце, сп.Копыл, цяперашняя ўлада, здаецца, не была б супраць, каб пра Курапаты ня ведалі ня толькі нашыя замежныя суайчыньнікі, але й забыліся грамадзяне Беларусі. Невыпадкова ж цынічна адрэдагаваны артыкул пра мэмарыяльнае ўрочышча ў выдадзеным адносна нядаўна 9-м томе “Беларускай Энцыкляпэдыі”. Там паведамляецца, што ў Курапатах, аказваецца, (цытую) “ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду”. І – ні слова пра колькасьць ахвяр, якую ў 1995г. энцыкляпэдычны даведнік “Беларусь” ацэньваў 30-100 тысячамі чалавек. Ацэньваў – зважым – на падставе дадзеных Дзяржаўнай камісіі. У тым самым даведніку адназначна й доказна цьвердзілася, што ў Курапатах людзей штоночы зьнішчалі забойцы ў форме НКВД. Зразумела, чаму энцыкляпэдычны даведнік “Беларусь” не перавыдаецца – і ўжо зрабіўся, па сутнасьці, бібліяграфічным рарытэтам.

Слухач Свабоды Алесь Марціновіч з Баранавіч ужо не ўпершыню ставіць пад сумнеў намаганьні як беларускіх гісторыкаў, так і літаратараў, мастакоў, якія працуюць у гістарычным жанры.

“Насуперак філёзафу Валянціну Акудовічу, – піша, у паасобку, сп. Марціновіч – я лічу, што цяпер ужо нельга сфармаваць нацыю. Яе, нашую нацыю, трэба было зьберагчы, правесьці праз жудасныя часы сталіншчыны й брэжнеўскае бясчасьсе, што здавалася вечнасьцю, так, як гэта зрабілі прыбалты”.

Сп.Марціновіч, вы, напэўна, і самі адчуваеце, што параўнаньне беларускай сытуацыі з нашымі паўночнымі суседзямі-прыбалтамі, выбачайце, даволі хісткае. У 20-30-я гады мінулага стагодзьдзя летувісы, латышы й эстонцы мелі ўласныя незалежныя дзяржавы, дзе фармавалася нацыянальная інтэлігенцыя, якая атрымала спрыяльныя ўмовы для дзейнасьці – у тым ліку, дарэчы, і для стварэньня жывых дагэтуль нацыянальных гістарычных мітаў. У тыя самыя часы беларуская інтэлігенцыя ў БССР папросту фізычна вынішчалася.

Што датычыць вашага скептычнага стаўленьня да працы тых, хто вяртае беларусам гістарычную праўду, хачу нагадаць старую ісьціну: усё пазнаецца ў параўнаньні. 30 гадоў таму нават мы, студэнты-гісторыкі, ня мелі аніякага ўяўленьня пра бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоню”. Сёньня з гэтымі сымбалямі ў сэрцы жывуць мільёны беларусаў. Тады, у 1970-я, у нашых унівэрсытэцкіх падручніках, да прыкладу, нельга было знайсьці ні слова пра Эўфрасіньню Полацкую й Кірылу Тураўскага, Міколу Гусоўскага й Льва Сапегу, пра дзясяткі іншых выдатных дзеячаў нашай гісторыі. Сёньня іхныя імёны ведае любы школьнік. А тым, каго, як, напрыклад, асьветніцу Эўфрасіньню, з розных трыбун называлі сярэднявечнымі “цемрашаламі”, ставяць помнікі. Хіба гэта не ўмацоўвае нацыю на ейным пакручастым і, магчыма, напраўду ўнікальным для Эўропы шляху?

Вялікі ліст зь цікавымі й дасьціпнымі разважаньнямі даслаў на Свабоду сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Пятро Касьнерчык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Наш слухач – чалавек, бясспрэчна, абазнаны ў гісторыі й схільны да аналітычнага мысьленьня.

Магу толькі пагадзіцца з вашай, сп.Касьнерчык, думкаю пра тое, што “які – у гістарычнай рэтраспэктыве – характар земляробства, такі й характар нацыі”. Так званая “Валочная памера” або аграрная рэформа ў ВКЛ, што ў XVIст. зьліквідоўвала сялянскую абшчыну, сапраўды прадвызначыла розьніцу ў нацыянальных характарах беларусаў і расейцаў, у якіх гэтая самая абшчына захавалася й сталася трывалым тормазам прагрэсу.

Нямала ў лісьце нашага слухача іншых трапных, прыпраўленых гумарам, а часам і вострым сарказмам думак і назіраньняў.

Здаецца, толькі аднойчы пачуцьцё гумару здрадзіла вам, сп.Касьнерчык, – там, дзе вы пішаце, што “сьвядомых беларусаў надта ж цікавяць крытычныя дні Барбары Радзівіл, але гэтага недастаткова, каб будаваць прыстойную дзяржаву”.

Давайце вучыцца карэктнасьці.

Да свайго лісту наш слухач прыклаў дыск з напісанай ім “абсалютна новай”, як ён выказваецца, “гісторыяй бальшавіцкай эпохі”. Сп.Касьнерчык абяцае даць там адназначны адказ на “спрадвечна расейскае пытаньне “Што рабіць?”

Мне здаецца, расейскія пытаньні варта пакінуць расейцам. Нам лепей шукаць адказы на пытаньні свае, беларускія. У тым ліку, і з дапамогаю гісторыі.

Дзякуй усім, хто напісаў на Свабоду. Чакаем вашых новых вестак, думак, разваг.
XS
SM
MD
LG