Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

24 ліпеня 1618 году пабачыў сьвет першы беларускі лемантар


Ул.інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 23 і 24 ліпеня

23 ліпеня ў 1623 годзе пакінуў гэты сьвет Памва Бярында, навуковец і паэт. Найважнейшая праца Бярынды – гэта ягоны “Лексыкон”: самы вялікі на свой час слоўнік беларускае мовы, які ўключаў сем тысячаў словаў і быў надрукаваны ў 1627 годзе ў Куцеінскай друкарні каля Воршы.

23 ліпеня ў 1922 годзе мітрапалітам Беларускім і Менскім абраны Мэльхісэдэк – адна з найярчэйшых асобаў у гісторыі беларускай праваслаўнай царквы. Менавіта ягонымі намаганьнямі беларуская праваслаўная царква ўстала на шлях аўтакефаліі і незалежнасьці ад Масквы. Больш за тое, царква актыўна ўключылася ў нацыянальнае адраджэньне. Дзіва што Мэльхісэдэк трапіў пад пільны кантроль ГПУ, ня раз зьведаў арышты, а ўрэшце быў сасланы ў Краснаярск. Празь некалькі гадоў змагар за аўтакефалію беларускага праваслаўя памёр пры загадкавых абставінах. Жыцьцю Мэльхісэдэка прысьвечаная кніга Тацяны Процькі “Пакутнік за Веру і Бацькаўшчыну”, якая выйшла ў 1996 годзе ў сэрыі “Нашы славутыя землякі”.

23 ліпеня 1993 году адбыўся візыт беларускай дзяржаўнай дэлегацыі на чале са старшынёй Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам у ЗША. Гэта быў першы такога ўзроўню візыт кіраўніка незалежнае Беларусі ў Амэрыку. У часе паездкі адбылося падпісаньне Дэклярацыі пра адносіны паміж ЗША i Рэспублікай Беларусь.

Цяпер пра памятныя падзеі заўтрашняе суботы. Яны таксама пачынаюцца з гістарычнае даты, што зьвязаная зь беларускай мовай. 24 ліпеня 1618 году пабачыў сьвет першы беларускі лемантар. Называўся ён “Буквар мовы славянскай, пісаны чытаньню вучыцца хто хоча ў карыснае кіраваньне” і быў надрукаваны ў Еўі (цяпер гэта мястэчка Вевіс у Літве). Асобнікі першага беларускага лемантара захаваліся ў Капэнгагене і Лёндане.

24 ліпеня 1925 году Бюро ЦК КПБ выпусьціла пастанову з наступнае нагоды: “Лічыць неабходным выкараняць з ужываньня ў беларускай мове слова “жыд” і замяніць яго словам “яўрэй”. Канец цытаты. Менавіта ад гэтай пастановы і пачалося ўжываньне ў беларускай мове пазычанага з расейскай слова “яўрэй”. Дагэтуль па-беларуску можна было сказаць толькі “жыд”, і гэтае слова, у адрозьненьне ад расейскай мовы, не было ў нас абразьлівым. Варта згадаць верш Янкі Купалы “Ўсебеларускія жыды” або працу Зьмітрака Бядулі “Жыды ў Беларусі”. Вось жа менавіта 24 ліпеня 1925 году ў беларускай мове зьявілася новае слова – “яўрэй”.

Таксама 24 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі драматург і заснавальнік нацыянальнага кінэматографу Рыгор Кобец, аўтар славутай песьні пра Нёман паэт Анатоль Астрэйка, артыст Купалаўскага тэатру Генадзь Гарбук, беларускі палітык і заснавальнік фонду “Дзеці Чарнобыля” Генадзь Грушавы і беларускі шахматыст, міжнародны грасмайстар Барыс Гельфанд.
XS
SM
MD
LG