Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зь меркаваньня дэпутатаў групы "Рэспубліка", акцыя "Твой адказ сыстэме" ўдалася


Альгерд Невяроўскі, Менск Арганізатары акцыі “Твой адказ сыстэме” дэпутаты групы “Рэспубліка” Ўладзімер Парфяновіч, Сяргей Скрабец і Валер Фралоў падсумоўвалі 22 ліпеня вынікі падзеяў папярэдняга вечара. Сваю прэсавую канфэрэнцыю дэпутаты правялі каля будынку суду Савецкага раёну Менску, дзе адбываліся працэсы над затрыманымі ўдзельнікамі дэманстрацыі.

Цягам першай паловы дня арганізатары акцыі “Твой адказ сыстэме” дэпутаты Фралоў, Скрабец і Парфяновіч былі ў судзе, дзе выступалі сьведкамі ў працэсах над затрыманымі на плошчы Якуба Коласа ўдзельнікамі дэманстрацыі. Вынікі акцыі дэпутаты падсумоўвалі ў той час, калі сталі вядомы першыя судовыя рашэньні: дэманстрантаў штрафавалі на 30 базавых велічыняў і каралі 15-суткавымі арыштамі.

Вось як генэрал Фралоў патлумачыў, чаму міліцыя дзейнічала на плошчы Якуба Коласа гэтак брутальна.

(Фралоў: ) "Трэба было запалохаць людзей. Людзі ў нас і так запалоханыя, страх моцна пусьціў карані. І мне здаецца, гэта было зроблена, каб яшчэ больш людзей запалохаць. Але адбываецца ўсё наадварот: калі спружыну сьціскаюць, то яна потым як стрэліць… Будзе нязручна таму, хто сьціскае гэтую спружыну".

(Карэспандэнт: ) " Вы гэта нейкім чынам зьвязваеце з магчымым правядзеньнем рэфэрэндуму на конт трэйцяга прэзыдэнцкага тэрміну?"

(Фралоў: ) "На мой погляд, менавіта так усё й адбываецца".

А вось меркаваньне Сяргея Скрабца.

(Скрабец: ) "Гэта зьвязана з тым, што спадар Лукашэнка ведае: ягоны легітымны тэрмін прэзыдэнцтва ўчора, па сутнасьці, скончыўся. І таму міліцыянты атрымалі загад запалохваць і зьбіваць людзей . Каб ні ў кога не было нават думкі, што Лукашэнка не легітымны, і што ён ня можа ісьці на 10 ці 15 тэрмін, пра які ён марыць і пра які ён у часе сваёй прэсавай канфэрэнцыі абвясьціў".

Дэпутаты групы “Рэспубліка” прызналіся, што адчуваюць сваю адказнасьць за людзей, схопленых міліцыяй, а цяпер яшчэ пакараных вялікімі штрафамі й арыштамі. Таму спадары Фралоў, Парфяновіч і Скрабец прыйшлі падтрымаць іх у судзе. Судовыя рашэньні ў справе затрыманых удзельнікаў акцыі яны называюць палітычна матываванымі й папярэдне вызначанымі ўладамі.

Дэпутата Ўладзімера Парфяновіча асабліва абурыла тое, як “амонаўцы” паводзілі сябе адносна затрыманых імі пасьля канцэрту амаль 50 актывістаў руху “Зубр”.

(Парфяновіч: ) "Крымінал у АМОНу. Амонаўцы здымалі зь людзей каштоўныя рэчы, скрадалі іх. Былі пагрозы. Казалі: ці вы самі будзеце капаць магілы, ці вам дапамагчы? Я не разумею гэтых людзей… Гэта – здраднікі. Але я думаю, што мы дасягнулі сваёй мэты. І спадар Лукашэнка дасягнуў сваёй мэты – прадэманстраваў, што ў краіне існуе дэмакратыя, свабода слова, свабода шэсьцяў. Праўда, свабода адмысловая – з дубінкай".

Дэпутаты Фралоў і Скрабец таксама лічаць, што, нягледзячы на жорсткія дзеяньні ўлады, акцыя “Твой адказ сыстэме” прайшла пасьпяхова, і яны плянуюць падобныя вулічныя мерапрыемствы ў будучыні.
XS
SM
MD
LG