Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 удзельнікаў акцыі пакаралі арыштамі й штрафамі; Зьміцер Бандарэнка атрымаў 15 сутак


Любоў Лунёва, Менск Арыштамі й штрафамі пакараў суд Савецкага раёну ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі, што адбылася ўвечары 21-га ліпеня й была прымеркавана да дзясятых угодкаў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Некаторых амонаўцы зьбілі пад час затрыманьняў. Бліжэйшым часам адвакаты накіруюць скаргі ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.

У суд Савецкага раёну прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек падтрымаць сваіх сяброў. Арганізатары акцыі дэпутаты Валер Фралоў, Сяргей Скрабец і Ўладзімер Парфяновіч спачатку выступалі ў працэсах у якасьці сьведкаў, а потым прысутнічалі на знак салідарнасьці з затрыманымі.

Першым судзілі каардынатара “Хартыі’97” Зьмітра Бандарэнку. Руслан Казадаеў пакараў яго арыштам на 15 сутак. Адразу пасьля агалошваньня прысуду Зьміцер Бандарэнка пасьпеў сказаць некалькі словаў Радыё Свабода.

(Бандарэнка: ) “Я пытаўся, хто мае пашкоджаньні й траўмы. Паднялі рукі 17 чалавек. Я сам бачыў сінякі. Некалькі чалавек зьвярнуліся па мэдычную дапамогу. Зь некаторых папросту зьдзекваліся. У людзей былі траўмы суставаў, у некаторых ад удараў у грудзі – боль… Дапамогі ім не аказалі. Але начавалі яны не на Акрэсьціна, а ў савецкім РУУС, дзе ўмовы значна горшыя. Там няма дзе спаць. Учарашні дзень праілюстраваў, што Лукашэнка трымаецца на злосным гвалце дачынна сваіх грамадзян”.

18-цігадовага Аляксея Ляўковіча пакаралі штрафам 50 базавых велічыняў (гэта 900 тысяч рублёў). Ён працуе на аўтазаводзе, і ягоны месяцовы заробак складае 200000 рублёў.

(Ляўковіч: ) “Мяне пакаралі штрафам 900000 беларускіх рублёў. Ня ведаю, як я буду выплачваць гэтыя грошы. Гэтае пакараньне лічу абсалютна абсурдным. Я прыйшоў на плошчу, каб выказаць сваё стаўленьне. Мяне затрымалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, а ў судзе выступалі сьведкамі зусім ня тыя людзі, якія мяне затрымлівалі”.

Удзельнікаў акцыі прывезьлі ў суд на двох аўтобусах. Затрыманых па адным выводзілі да судзьдзяў, а потым тых, каго арыштавалі, адводзілі зноў у аўтобус. Трох судзьдзяў – Руслан Казадаеў, Наталя Скугарава й Сяргей Сікліцкі – разглядалі адміністратыўныя справы. Анатоля Бельскага арыштавалі на трое сутак, Паўла Юхневіча – на 10, Артура Фінкевіча – таксама на 10 сутак. Для яго гэта ўжо чацьвёрты арышт. Мінулы раз актывіст “Маладога Фронту” правёў за кратамі спэцпрыёмніку 30 сутак.

(Фінкевіч: ) “Прадстаўнікі “Маладога Фронту” й “”Маладой Беларусі” яшчэ скажуць сваё слова на парлямэнцкіх выбарах. Мы цяпер займаемся выбарамі вельмі актыўна, і мы пераможам. У зьвязку з тым, што я сяджу ўжо ня першы раз, мяне гэта не запалохае. Буду сядзець чацьвёрты раз. Я там адчуваю сябе нармальна. Мяне сябры падтрымліваюць, перадаюць перадачы й дасылаюць газэты. Так што я знаходжуся ў абсалютна нармальным маральным стане. Усё роўна я застануся актыўным удзельнікам апазыцыйных вулічных акцый”.

Актывістаў моладзевага руху “Зубр” братоў Аляксандра й Паўла Беланоўскіх пакаралі штрафамі на 20 і 40 базавых велічыняў. Назіральнікі азначаюць, што прысуды гэтым разам былі асабліва жорсткія. Пратаколы на ўсіх затрыманых склалі паводле першай часткі 167 артыкулу. І ўсе спадзяваліся, што пакараньні будуць трохі мякчэйшымі. Але судзьдзі давалі максымум, прадугледжаны заканадаўствам. З 27 затрыманых на гэты момант застаецца некалькі чалавек, справы якіх яшчэ не разгледзелі.

Руслан Харкевіч знаходзіцца ў 10-м клінічным шпіталі. Яму яшчэ ў аддзяленьні міліцыі зрабілася кепска, і давялося выклікаць “хуткую дапамогу”. Міліцыянты запэўнілі: як толькі акрыяе, хлопца таксама адвязуць у суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG