Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Леванеўскага: Валер Леванеўскі абвесьціў галадоўку


Сяргей Астраўцоў, Горадня Зь сёньняшняга дня абвесьціў галадаваньне кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, які сядзіць у сьледчым ізалятары турмы N1 у Горадні. Дагэтуль яго зьвінавачвалі толькі за ўчыненьне публічнай абразы прэзыдэнта Лукашэнкі, а цяпер – і за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу з масавымі беспарадкамі. Разам зь ім зьвінавачваюць яшчэ трох чалавек.

Сёньня на першы допыт выклікалі сына спадара Леванеўскага – Уладзімера й прадпрымальніцу Наталю Васільеву – як актыўных удзельнікаў мітынгу, адбыванага ў Горадні 1 траўня.

Ураніцу жонка Валер’я Леванеўскага Марына прынесла яму ежу, якое турэмны ахоўнік ня ўзяў, сказаўшы, што ейны муж адмовіўся што-небудзь спажываць. Пасьля гэтага сп. Леванеўскага наведаў адвакат Аляксандар Бірылаў.

(Адвакат: ) “Ён адмовіўся ад прыёму ежы ў сувязі з сыстэматычным парушэньнем ягоных правоў і законных інтарэсаў адміністрацыяй сьледчага ізалятару. Тое, што яны дагэтуль не рэгіструюць большасьці ягоных скаргаў і заяваў, – таксама сталася адной з прычын абвяшчэньня галадаваньня”.

Адвакат дадаў: сп. Леванеўскі наракае, што адміністрацыя падсяліла да яго чалавека, які замінае яму й правакуе канфлікт. Аднак перавесьці кіраўніка страйкаму ў асобную камэру адміністрацыя ізалятару не пажадала.

Учора была распачата крымінальная справа аб правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу й грубых парушэньнях грамадзкага парадку – паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу. Прадугледжана пакараньне ў выглядзе штрафу – і да трох гадоў зьняволеньня. Зьвінавачваюць самога Валер’я Леванеўскага, ягонага сына, а таксама Аляксандра й Наталю Васільевых.

18-гадовы Ўладзімер Леванеўскі сёньня наведаў Ленінскую раённую пракуратуру. Даваць паказаньні ён адмовіўся, бо ня лічыць сябе арганізатарам і ўдзельнікам тых падзеяў, за якія яго зьвінавачваюць. На першым допыце была й Наталя Васільева. Яна патлумачыла сьледчаму Танкевічу, што яе й некалькіх прадпрымальнікаў запрасіў да сябе старшыня гарвыканкаму – абмеркаваць праблемы, якія турбавалі ўдзельнікаў мітынгу.

(Васільева: ) “І вось я выйшла й сказала людзям – не ў мікрафон, а папросту сваім словамі, што ліцэнзаваньне адкладаецца да канца году. Вось і ўсё. А граміць, перакрываць дарогі я не заклікала”.

Але ў сьледчага знайшоўся новы, так бы мовіць, рэчавы доказ.

(Васільева: ) “Ён гаворыць: вы зрабілі злачынства, вы прымалі ўдзел у гэтым мітынгу. І паказаў фатаздымкі: я трымаю плякаты з надпісамі “Лукашэнка – у адстаўку”.

Наталя Васільева гаворыць, што яна папросту прыйшла на мітынг і выказала сваё меркаваньне. А калі потым людзі пайшлі да пастарунку, дзе сядзеў Валер Леванеўскі, яна заклікала гэтага не рабіць, і сама там не была.
XS
SM
MD
LG