Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае МУС вучыць расейскага журналіста правільна рабіць сюжэты


Ігар Карней, Менск Міністар унутраных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў пакрыўдзіўся на карэспандэнта расейскага тэлеканалу РТР Дзьмітрыя Пятрова. Паводле Навумава, у рэпартажы журналіста колькасьць удзельнікаў акцыі апазыцыі 21 ліпеня шматразова завышана. Цяпер МУС хадайнічае перад МЗС пра пазбаўленьне Дзьмітрыя Пятрова акрэдытацыі.

Карэспандэнт РТР Дзьмітрый Пятроў прыехаў у Менск адмыслова дзеля здымкаў акцыі апазыцыі. Ува ўчарашнім вечаровым эфіры праграмы “Вести” быў паказаны ягоны сюжэт пра хаду мітынгу, затрыманьні й зьбіцьцё дэманстрантаў. Менавіта гэты рэпартаж і абурыў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, які на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што журналіст назваў няправільныя лічбы.

Ужо з раніцы гэтай справай пачалі займацца супрацоўнікі МУС і МЗС. Сам Дзьмітрый Пятроў даваць камэнтары адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што камандзіраваны Масквой, і таму гэта – прэрагатыва маскоўскага кіраўніцтва. У цэнтральным офісе РТР у Маскве таксама нічога пэўнага не гавораць. Вось што паведаміла прадстаўніца каналу Марыя Безбародава.

(Безбародава: ) “Пакуль камэнтароў ня робім. Мы ніякіх афіцыйных дакумэнтаў зь беларускага боку не атрымалі, і да таго часу ад камэнтароў устрымаемся. Нават па агульнай сытуацыі, ня маючы дакумэнтаў, – самі зразумейце – сказаць няма чаго”.

Раніцай 22 ліпеня цэлая група прадстаўнікоў РТР, уключна й сам Дзьмітрый Пятроў, былі выкліканы ў міністэрствы замежных і ўнутраных справаў. Супрацоўнік карэспандэнцкай сеткі РТР Андрэй Качура сказаў, што размовы былі стрыманыя, без узаемных абраз.

(Качура: ) “Аднак на рукі нам ніякіх папераў не далі”.

Зь Міністэрства ўнутраных справаў Пятрова й ягоных калег адвезьлі ў Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных справаў Менгарвыканкаму, дзе паказалі відэаматэрыялы ўчарашніх падзеяў. Вось што сказаў адзін з супрацоўнікаў Упраўленьня.

(Супрацоўнік ГУУС: ) “Была пададзена жывая карцінка падзеяў, зьнятых у часе апэратыўнага відэаназіраньня за цэнтральнай часткай сталіцы. Але нейкіх афіцыйных дзеяньняў ГУУС распачынаць ня будзе – гэта ня ў нашай кампэтэнцыі”.

(Карэспандэнт: ) “Дык журналіст згадзіўся, што перавысіў у матэрыяле колькасьць удзельнікў акцыі?”

(Супрацоўнік ГУУС: ) “Вельмі складаная атрымалася сытуацыя. Як высьветлілася, ён даваў у сюжэце такі камэнтар: паводле некаторых ацэнак, было 2-5 тысяч чалавек. Нам ён сказаў, што яму гэтыя ацэнкі выказалі прадстаўнікі апазыцыі. Паводле ж афіцыйных дадзеных, на плошчы Якуба Коласа было 170-180 чалавек. Журналіст спаслаўся наагул на апазыцыю – ні на кога канкрэтна… ”.

Цяпер пытаньне пра тое, ці пазбавяць расейскага журналіста акрэдытацыі, – у кампэтэнцыі Міністэрства замежных справаў. Аднак там паведамілі, што вывучэньне ўсіх акалічнасьцяў зойме некалькі дзён, і рабіць высновы рана. Пакуль Дзьмітры Пятроў не атрымаў ніякіх афіцыйных зьвінавачаньняў, ён палічыў за лепшае адляцець у Маскву.

Гл. таксама • Міністар унутраных справаў У. Навумаў патрабуе дэпартаваць расейскага журналіста за “неаб’ектыўнае” асьвятленьне акцыі пратэсту
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG