Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіманіцкая Рудня


Ягор Маёрчык, Сіманіцкая Рудня (Лельчыцкі раён Гомельскай вобласьці) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Мальвіну зь дзіцячай казкі “Залаты ключык” памятаюць усе. Гэткая рамантычная дзяўчынка-кветка з блакітнымі валасамі й вялікімі вачыма. Сваёй прывабай яна скарыла сэрцы П’еро й Бураціны.

Мальвіна Юшкевіч зь вёскі Сіманіцкая Рудня не такая вядомая, але яна таксама заслугоўвае, каб і яе амалявалі. Сярэдняга веку спадарыня. Насуперак халоднаму й хмарнаму лету, ейныя рукі й твар пасьпелі ўжо загарэць да чырвона-бронзавага колеру. Апранута кабета, як і ўсе вяскоўцы. Строй не такі ўжо сьвяточна-ўрачысты, бо ледзь ня ўвесь дзень яна праводзіць на гародзе ды ў хляве.

Спадарыні Юшкевіч крыху бракуе прыгоства казачнай Мальвіны. А патрэбна яно дзеля таго, каб памякчэлі сэрцы чыноўнікаў мясцовай вертыкалі.

(Мальвіна Юшкевіч: ) “Капаю тут граду. Ды пойду ў такім во… То на каго старшыня лагодней паглядзіць: на мяне, ці на таго, што прыйдзе ў духах?”

(Карэспандэнт: ) “Вы набудзьце сабе духі”.

(Мальвіна Юшкевіч: ) “А! Ну, так, яны ёсьць. Але ўсё адно запытаюцца: “Дзе ты робіш?” “Даяркай” “Ну, і ідзі адсюль”.

(Карэспандэнт: ) “У вас ёсьць сьвяточны строй? Апранаеце сьвяточны строй – і прыходзіце да старшыні. Можа, іншы эфэкт будзе?”

(Мальвіна Юшкевіч: ) “Як робім самі. Вось і ўся увага. Бо ніхто не дапаможа. Ніхто! Ні Лукашэнка, ні старшыня сельскага савету. У наш час і жыцьцё такое, што мы нікому нідзе не патрэбны”.

У Мальвіны Юшкевіч ёсьць свой П’еро – ейны муж Уладзімер. На гэты час – беспрацоўны. На апошнім месцы ён, так бы мовіць, разышоўся з начальствам у поглядах. А тым часам пакуль стаіць на біржы, дапамагае жонцы ў гаспадарцы.

(Уладзімер Юшкевіч: ) “Я зьбіраў малако. Яны зразаюць тлустасьць. Навока паставяць “3,4”. Я такой каровы ня бачыў, каб тлустасьць была “3,4”! “3,8” – гэта будзе самая такая пустая кароўка. Кажу: “Гаспадар жа праверыць!” “Нічога! – кажуць. – Ты яму стаў такую!” Нашто я буду з чалавекам сварыцца? Я прыехаў і людзям усё распавёў. У нас такое: устаеш у пяць і лягаеш у 12 гадзін ночы. Жывем зь зямлі. На градах з матычкаю працую. Луплю ва ўсю! Гэта бабская праца, але яна сама не спраўляецца. А я стаў і пагнаў”.

(Карэспандэнт: ) “У ягады й грыбы ходзіце?”

(Уладзімер Юшкевіч: ) “Натуральна, ходзім. Нармальна набіраем – кіляграмаў па трыццаць, нават болей. І за кошт гэтага жывем”.

(Карэспандэнт: ) “За сэзон колькі можна зарабіць?”

(Уладзімер Юшкевіч: ) “Тысяч 500, блізу мільёна зарабіць можна. Але цяпер усё гэта бяруць за капейкі. Гэтыя шпікулянты тутака за 2 тысячы кіляграм набудуць, завязе – і прадасьць за пяць ці за шэсьць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто вам перашкаджае ўзяць уласнага коніка, паставіць на воз вёдры ды паехаць і здаць?”

(Уладзімер Юшкевіч: ) “Цябе хутка задавяць, калі ты будзеш гэтым займацца”.

(Карэспандэнт: ) “У вас тут мафія?”

(Уладзімер Юшкевіч: ) “А яна цяпер усюль! Усюль!!”

(Карэспандэнт: ) “А ўлада нейкая ў вёсцы ёсьць, ці не?”

(Уладзімер Юшкевіч: ) “А сюды ніхто не прыяжджае! Нашто ім гэтыя людзі? Пляваць яны хацелі на гэтых людзей! Яны клапоцяцца толькі пра сябе. Пра людзей яны ніякім чынам не клапоцяцца”.

Лес абкружае Сіманіцкую Рудню з чатырох бакоў. Гэтыя мясьціны лічацца самымі грыбнымі ў Лельчыцкім раёне, што на Гомельшчыне.

Апошнімі гадамі тут склалася цэлая сыстэма. Мясцовае насельніцтва суцэльна перакваліфікавалася ў грыбнікоў. Перакупнікі езьдзяць па вёсках ды зьбіраюць ураджай. І церазь некалькіх пасярэднікаў лісіцы й баравікі ўрэшце рэшт патрапляюць на кірмашы ды ў рэстарацыі буйных гарадоў Беларусі й прылеглых краін.

Для насельнікаў Рудні хата Аўгеньні Рэмчынскай – гэта своеасаблівы нарыхтоўчы пункт. Гаспадыня якраз і ёсьць адным з ланцугоў у згаданай схеме.

(Рэмчынская: ) “Выбачайце, што мы такія касматыя й абыякія – на гародзе была”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ж не тэлебачаньне. Вы ня бойцеся за сваю “касматасьць”.

(Рэмчынская: ) “Я не баюся! І па грыбы і па ягады ходзім. Летась я чатыры мяхі грыбоў насушыла. На 200 даляраў прадала. Яшчэ белыя грыбы салілі. Намарынавала дзесьці 120 жбанкоў”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі жбанкоў?!”

(Рэмчынская: ) “120”.

(Карэспандэнт: ) “Вы цяпер прыёмшчыцай працуеце?”

(Рэмчынская: ) “Я пэнсіянэрка. Але калі хтосьці папросіць мяне прыняць грыбы, то я прыму. А крутыя бізнэсмэны прыяжджаюць і забіраюць. А мы для іх сабіраем. Я загатовіла, яны забралі – і мне там нешта заплацяць. Але ня тое, што я сваю цану усталёўваю”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму самі не ўсталёўваеце?”

(Рэмчынская: ) “У мяне ўсё ёсьць: і бочкі, і шалі. Але трэба мець каналы збыту, патрэбна машына. А калі яны ў мяне пастаяць, – яны прападуць. А я сама хаджу па 2-3 разы на дзень у лес. У нас такія тут людзі, што ледзь поўзаюць, а ў лес ідуць. Хто толькі можа хадзіць – усе там. Нават тыя, каму па 80 гадоў і тое ідуць з кійком у лес”.

Яскравым прыкладам таго, што пад зьбіральніцтва грыбоў падпадаюць усе ўзросты, паўстае Марыя Герман. Бабульцы ўжо блізу васьмідзесяці.

(Карэспандэнт: ) “У ягады й грыбы ходзіце?”

(Герман: ) “Калі ёсьць час, дык схаджу”.

(Карэспандэнт: ) “Няцяжка нагінацца да грыбоў ды ягад?”

(Герман: ) “А чаму, сынок, няцяжка? Зайдзеш у лес… вось лісічка, вось лісічка і вось лісічка. Пуц на каленцы! Пазьбіраў, пазьбіраў і пайшоў далей. Каленцы баляць і ногі баляць. Прыйдзеш… здаецца, толькі ўпасьці ды паляжаць. Паляжыш трохі, устанеш – і зноў топчысься”.

(Карэспандэнт: ) “Што зь імі робяць. Як іх апрацоўваюць?”

(Герман: ) “Прынесьці. Памылі іх, пачысьцілі, адварылі. Алеі на патэльню налілі. Іх паклалі туды – і хай закіпаюць. Туды цыбулькі, туды часныку, туды кропу й усялякае заправы. Адхаладзіў. За іх – у жбанок. І закруціў”.

Як бы Марыя Герман ні наракала на сваё здароўе, але яна дагэтуль трымае худобу й засявае дзялкі. Калі грыбоў назьбірае больш, чым патрэбна, – прадае іх.

Заробленыя грошы, хутчэй за ўсё, пойдуць на аўтобусныя квіткі. Сын нарэшце атрымаў кватэру. Хоць горад бабе Марыі не даспадобы, аднак езьдзіць яна туды ня так ужо й рэдка – у госьці да ўнукаў.

(Герман: ) “Хораша! Прыгожа тут і лес зялёны. Але ніхто ня хоча, сынок, тут заставацца. На што вам маладым такое жыцьцё ў гэтым пяску, у камарах і горы? Ці ня лепей жыць у горадзе? У мяне ў Мазыры сын ё. Атрымаў кватэру. Заехала я да яго. Над шляхам тая кватэра, на пятым паверсе. Як зараве машына – я ў ванко, як зараве машына – я ў ванко. Яны рагочуць зь мяне й сьмяюцца: “Дурная баба! Яна ў вёсцы машынаў ня бачыць! Яна толькі стаяла б і машыны лічыла”. А іх тут няма нідзе. На тыдзень адна праедзе, а там яны ляцяць і ляцяць”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі да ўладаў ставяцца?”

(Герман: ) “Жыць стала лепей. Кажуць, – добры наш гэты ўправіцель менскі. Як яго? Гарбачэнка? Ці Ганачэнка? Як яго?”

У Сіманіцкай Рудні засталіся адны толькі пэнсіянэры. Аднак улетку з пачаткам вакацый тут можна пачуць і дзіцячыя галасы.

На лес, раку, грыбы ды ягады й на тое, як іхныя аднагодкі працуюць, не марнуючы часу, “гарадзкія” глядзяць падзіўлёна. Затое й навучаюцца нечаму новаму: іх жа таксама прыслалі сюды не адпачываць, а досьведу набірацца.

(Карэспандэнт: ) “Завуць цябе як?”

(Дзяўчынка: ) “Сьвета”.

(Карэспандэнт: ) “Год табе колькі?”

(Сьвета: ) “Дзевяць. Я тут прыехала на канікулы да бабы зь дзедам”.

(Карэспандэнт: ) “У лес у грыбы ходзіш?”

(Сьвета: ) “Хаджу”.

(Карэспандэнт: ) “Шмат назьбірала?”

(Сьвета: ) “Багата! Кубачак. Я назьбірала лісіц, а баба зварыла мне суп”.

(Карэспандэнт: ) “Бацькі твае дзе працуюць?”

(Сьвета: ) “Маці нідзе не працуе. А бацька дома працуе. То з цэглай працуе, то падмуркі кладзе. Маці раней лісічку нарыхтоўвала. За-га-таўліцелі прыяжджалі, забіралі грыбы й давалі грошы”.

(Карэспандэнт: ) “Атрымлівалася, што гэта была матуліна праца?”

(Сьвета: ) “Так. А я сястру даглядала”.

(Карэспандэнт: ) “Малайчынка!”

Атрыманыя за грыбы грошы тут падзеляць на дзьве няроўныя часткі. Большая асядзе ў хованках. Адтуль зрэдзьчасу будуць даставаць па адной купюры. Ды так, каб дацягнуць да наступнага сэзону.

На меншую частку здабытку вяскоўцы дазволяць сабе пашыкаваць. А гэта значыць, што выручкі ў тутэйшай краме адразу паболее.

З таго боку прылаўка – Валя Ліпская.

(Ліпская: ) “Гэта толькі адзін попыт ёсьць – на гарэлку, віно, цыгарэты, соль і цукар. Я ж не магу прымусіць людзей нешта набываць! А пляну даюць 3 мільёны на гэтых во пэнсіянэраў. Хлеб прывозяць праз два дні на трэйці. 20 боханаў хлеба за дзень не разьбіраюць”.

(Карэспандэнт: ) “Не прадалі вы хлеб. Яго сьпісваюць?”

(Ліпская: ) “Ніхто нічога ня сьпісвае! Забірай дадому й еж. Прыяжджае санстанцыя. “Чаму пратэрмінаваны тавар?” Яго зьнішчаюць. Я свае грошы плачу яшчэ за той тавар, што зьнішчылі. У дадатак я на 10-15 базавых велічыняў атрымліваю штрафу. Пратэрмінаваны хлеб, нягодныя пернікі ці кансэрвы – усё забіраеш дадому. Дзяцей гэтым накарміла, сьвіней і цяля. А якая мне з гэтага выгода? На 0,4 стаўкі толькі працую. Атрымліваю я 15 тысяч. І трое дзяцей маю. Каб ня тыя грыбы й ягады, я прапала б. Я зь іх толькі й жыву. Зь дзецьмі пайду й нанашу столькі, што мне трэба месяцаў два рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Плюньце вы на гэтую працу ды хадзеце ў грыбы й ягады!”

(Ліпская: ) “Я тады “дзіцячых” не атрымаю. За конт таго, што я маю 100 тысяч дзіцячых, я трымаюся за гэтыя 15 тысяч”.

Прадавачка Валя Ліпская не хавае радасьці ад таго, што ў краму пацякуць грошы. Але гандлёвае шчасьце будзе нядоўгім. Увосень жыхары Сіманіцкай Рудні куды як тужэй зацягнуць пасы.

І так да наступнага лета.
XS
SM
MD
LG