Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая канфэрэнцыя Лукашэнкі: ці варта чакаць зьменаў у палітыцы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: аглядальнік газэты “Беларускі рынак” Паўлюк Быкоўскі й намесьнік галоўнага рэдактара “Беларускай газэты” Віктар Марціновіч.

(Валер Карбалевіч: ) “У дзясятую гадавіну кіраваньня Аляксандар Лукашэнка правёў прэсавую канфэрэнцыю, хоць ягоная прэс-сакратарка й ён сам усяляк акцэнтавалі ўвагу на тым, што гэтыя падзеі ня зьвязаны. Прычым, праводзіць прэс-кафэрэнцыю з нагоды чарговай гадавіны прыходу да ўлады стала для Лукашэнкі традыцыяй. Так, напрыклад, ён сустракаўся з журналістамі 9 верасьня, у гадавіну дня галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году. Сёньня Вы абодва непасрэдна ўдзельнічалі ў прэс-канфэрэнцыі й задавалі пытаньні. Якое агульнае ўражаньне склалася ў вас ад гэтай прэс-канфэрэнцыі? Ці былі загадзя падрыхтаваны пытаньні, якія задавалі прадстаўнікі дзяржаўных СМІ? Якую ацэнку даў сам Лукашэнка свайму дзесяцігадоваму кіраваньню?”

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Я магу толькі ўскосна меркаваць, ці былі падрыхтаваны пытаньні, задаваныя журналістамі дзяржаўных СМІ. Але калі паглядзець на зьмест гэтых пытаньняў, то яны мусілі сабой падмацаваць думку, што ў Беларусі ўсё стабільна й добра, Беларусь рухаецца наперад, хоць і ёсьць пэўныя недахопы.

Сам кіраўнік дзяржавы трохі какетнічаў. Гэта было нешта падобнае на дзень народзінаў, калі ў чалавека пытаюць пра ягоныя дасягненьні. І з аднаго боку, нясьціпла казаць пра дасягненьні, а з іншага, – палітыку не казаць пра іх немагчыма. І ў гэтай ролі Лукашэнка паводзіў сябе абсалютна натуральна, на мой погляд”.

(Віктар Марціновіч: ) “Лукашэнка выглядаў вельмі ўпэўненым. Цяжка згадаць, калі ён яшчэ быў такі ўпэўнены. Ён, так бы мовіць, заляцаўся да журналістаў, намагаўся прадэманстраваць сваё пачуцьцё гумару.

Калі казаць пра пытаньні, то падрыхтаваных пытаньняў там амаль што й не было. Апроч мэты сфармаваць грамадзкую думку адносна вынікаў ягонага дзесяцігадовага праўленьня, магчыма, была яшчэ адна мэта – адманіторыць тое, што адбываецца ў грамадзтве. Ён запрасіў да сябе журналістаў амаль усіх СМІ, былі ўключэньні з заводу, аграрнай гаспадаркі. Пыталіся пра нешта й шэраговыя людзі. Дазваляю сабе меркаваць, што ён хацеў пачуць альтэрнатыўныя меркаваньні, адчуць, ці ёсьць небясьпечныя для яго выклікі”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што наўрад ці ён мог атрымаць нейкі адэкватны й аб’ектыўны адказ на актуальныя пытаньні. Таму што нават з тых рэплік карэспандэнтаў падчас уключэньняў зь месцаў было бачна: яны добра ведаюць, хто й што зьбіраецца спытаць, і рэгулююць гэты працэс. І задаваліся толькі пытаньні, якія падабаліся Лукашэнку”.

(Быкоўскі: ) “Гэта звычайная праца PR-службы, калі падбіраюцца пэўныя асобы. Выбарнікі выказвалі свае падзякі, ставілі нейкія асобныя праблемы. Калі слухачы й гледачы не заснулі на самым пачатку прэс-канфэрэнцыі, то потым яна мусіла ім спадабацца – ува ўсялякім разе, значнай частцы”.

(Карбалевіч: ) “Вы, спадар Марціновіч, казалі пра ўпэўненасьць. Але мне падалося, як пачалі задаваць вострыя пытаньні, Лукашэнку гэта, у нейкім сэнсе, вывяла зь сябе. Напрыклад, калі Юрась Карманаў спытаў пра даклад Пургурыдзіса, які тычыцца зьніклых палітыкаў. Аляксандар Лукашэнка й потым колькі разоў вяртаўся да гэтага пытаньня, нават калі ўжо адказваў на іншыя.

У зьвязку з азначаным, якое адлюстраваньне на прэс-канфэрэнцыі атрымала тэма дэмакратыі, правоў чалавека, свабоды СМІ? Менавіта ж пра гэта пытаўся карэспандэнт польскай тэлевізіі. Як бы вы ацанілі адказ Лукашэнкі?”

(Быкоўскі: ) “На мой погляд, Лукашэнка перавёў пытаньне пра дэмакратыю й свабоду слова ў карысную для сябе плашчыню. Ён гаварыў найбольш пра бясьпеку: у Беларусі, маўляў, жыць бясьпечней. І на гэтай падставе сьцьвярджаў, што з правамі чалавека тут усё нармальна. У беларускім грамадзтве, дзе папулярны тэзіс ”абы не было вайны”, такая пастаноўка пытаньня можа мець пэўны водгук. Як палітык Лукашэнка добра выйшаў з гэтай сытуацыі, бо людзі чуюць тое, што яны могуць успрыняць. І толькі асобы з апазыцыйнымі поглядамі ўспрымуць гэта неяк інакш”.

(Марціновіч: ) “Мне падалося, што Лукашэнка імкнуўся абысьці вострыя вуглы, зьмякчыць праблему дэмакратыі. І ў адказе на пытаньне польскага журналіста гэта вельмі яскрава праглядалася”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, Лукашэнка спрабаваў перавесьці праблему дэмакратыі й правоў чалавека ў праблему бясьпекі. Прычым, ён папросту казаў няпраўду. Даводзіў, напрыклад, што перад ягоным прыходам да ўлады Беларусь, быццам бы, была напярэдадні распаду, Заходняя Беларусь глядзела ў Польшчу, Палесьсе зьбіралася адасобіцца ад краіны, а расейцаў хацелі выселіць з нашай тэрыторыі. І толькі дзякуючы прыходу Лукашэнкі, быццам бы, усталявалася стабільнасьць.

Але нават калі ён упэўніваў, што з праблемай дэмакратыі ў Беларусі ўсё нармальна, ягоныя ж рэплікі яго выдавалі. Спачатку ён аспрэчыў вэрсію, што барацьба з прыватным сэктарам у эканоміцы вядзецца дзеля таго, каб лягчэй было кіраваць грамадзтвам. Але тут жа сказаў, што прыватнікам лягчэй кіраваць, бо яму ёсьць што траціць. То бок пытаньне пра патрэбу кіраваньня не стаіць наагул.

З іншага боку, Лукашэнка сказаў, што восеньскія выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць дэмакратычнымі. Але 30% там павінна застацца дэпутатаў цяперашняга складу. Як толькі гаворка заходзіла пра апызыцыю, Лукашэнка пераходзіў на лаянку, называў усіх нязгодных “здраднікамі”. Мне падаецца, гэта ня робіць гонару кіраўніку дзяржавы.

Іншая справа – уласная палітычная пэрспэктыва Лукашэнкі. Кажуць пра рэфэрэндум, новыя прэзыдэнцкія выбары. Якія вы зрабілі высновы з адказу Лукашэнкі на гэтае пытаньне?”

(Быкоўскі: ) “Лукашэнка ўскосна, але вельмі яскрава паказаў, што ён будзе ўдзельнічаць у выбарах 2006 году. Так ён адказваў на пытаньне карэспандэнта БІ-Бі-Сі Кірыла Сухоцкага. Ён не назваў, калі будзе рэфэрэндум. Але ён сказаў, што гэта будзе менавіта рэфэрэндум, а ня нешта падобнае да ўкраінскага варыянту, дзе Канстытуцыйны суд дазволіў Кучму балатавацца зноў на пасаду прэзыдэнта. Гэта ня будзе й падобна на тое, што адбылося ў Расеі, дзе Ельцын паказаў пальцам на Пуціна. І гэта ня будзе падобна на азэрбайджанскія падзеі, дзе папросту адбылася дынастычная перадача ўлады.

Лукашэнка сказаў, што ён ня можа падмануць сваіх выбарнікаў, і таму мусіць вынесьці гэтае пытаньне на рэфэрэндум. Ён цалкам адхіліў магчымасьць перадачы ўлады пераемніку. Кіраўнік дзяржавы сказаў: ён ня можа нікому даверыцца, таму што ў пэўнага чалавека сёньня такія погляды, а заўтра могуць зьявіцца іншыя. І па-другое, відаць, гэта не гарантуе будучыні самому Лукашэнку.

І потым ён абмаляваў магчымы варыянт свайго жыцьця пасьля адыходу ад улады. Ён казаў пра пэнсію, даў зразумець, што ён – яшчэ малады чалавек. Казаў пра значны прыбытак на пэнсіі… І ў такім разе абяцаў не перашкаджаць тым, хто будзе кіраваць дзяржаваю пасьля яго. Ён ўсё ж думае пра магчымасьць сыходу, але яму патрэбна гарантыя асабістай бясьпекі й добрыя матэрыяльныя ўмовы”.

(Марціновіч: ) “У мяне трохі іншае адчуваньне ад ягонага адказу. Я заўважыў: гэты чалавек ня ведае, што будзе рабіць пасьля таго, як сыдзе. Мне падалося, што Лукашэнка адказваў на гэтае пытаньне вельмі разгублена. Ён некалькі разоў паўтарыў, што пра гэта яшчэ ня думаў. Такім чынам, я зрабіў выснову, што ён не зьбіраецца сыходзіць, і зьбіраецца балятавацца ў 2006 годзе. У нашай беларускай сытуацыі гэта раўназначна таму, што ён застанецца прэзыдэнтам і пасьля 2006 году.

Лукашэнка не сказаў, калі будзе рэфэрэндум. З гэтага можна зрабіць дзьве высновы. Па-першае, ён ня ведае, калі яго праводзіць; па-другое, рашэньня пра яго правядзеньне ў хуткім часе няма. Лукашэнка азначыў, праўда, што ня трэба шмат часу, каб зарганізаваць рэфэрэндум. Таму я мушу думаць, што нам трэба чакаць 2005 году”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы таксама зьвярнуць увагу: на пытаньне пра тэрмін правядзеньня рэфэрэндуму Лукашэнка сказаў прыкладна так: мы штосьці думаем над гэтай праблемай, але яшчэ не гатовы.

Калі казаць пра агульную выснову з прэс-канфэрэнцыі, то можна выснаваць: ня варта чакаць нейкіх зьменаў у палітыцы эканамічнай, замежнай, унутранай. Палітыка не мяняецца, як не мяняецца сам Лукашэнка. І ён зьбіраецца застацца ў беларускай палітыцы яшчэ на доўгі час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG