Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Да першых Алімпійскіх гульняў сучаснасьці меў непасрэднае дачыненьне беларускі інжынэр Зыгмунд Мінэйка


Уладзімер Глод, Менск Толькі тры тыдні застаецца да адкрыцьця чарговых летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах. І хаця прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту Алімпіяды заяўляюць, што яны пасьпеюць зрабіць усё неабходнае, многія непакояцца, ці хопіць ім часу. А вось на першых Алімпійскіх гульнях сучаснасьці, якія праводзіліся ў тых жа Афінах у 1896 годзе, было куды спакайней: усе спартовые аб’екты тады пабудавалі своечасова. Сярод інжынэраў, якія займаліся гэтай важнай справай, быў і беларус Зыгмунд Мінэйка. Як ён патрапіў у Грэцыю?

Зыгмунд Мінэйка нарадзіўся ў 1840 годзе ў вёсцы Балванішкі (цяпер яна завецца Зялёны бор) Ашмянскага раёну. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, пасьля – у Пецярбурскай інжынэрнай вучэльні. Першым адкрыў імя Зыгмунда Мінэйкі для шырокай аўдыторыі доктар гістарычных навук, прафэсар Барыс Клейн. У свой час спадар Клейн жыў і выкладаў у Горадні, сябраваў з Васілём Быкавым і Алесям Карпюком. Апошнія шэсьць год прафэсар жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.

(Клейн: ) “Я займаўся біяграфіяй Зыгмунда Мінэйкі. Знайшоў ягоную справу ў віленскім архіве, бо ён за ўдзел у паўстаньні 1863 году быў арыштаваны. Яго нават хацелі пакараць сьмерцю, але ён выратаваўся. Гэта быў актыўны паўстанец. Потым ён уцёк, эміграваў праз Малдову й трапіў у Афіны. Там ён пасяліўся і ў Грэцыі ўжо стаў жыць”.

У Грэцыі спатрэбіліся менавіта інжынэрныя веды спадара Мінэйкі. Вось што пра гэта гаворыць прафэсар Клейн:

(Клейн: ) “Ён – адзін з буйнейшых інжынэраў, які зрабіў для Грэцыі вельмі многа: рэгуляцыя рэк, масты, дарогі... Адначасова як журналіст пісаў аб Алімпійскіх гульнях і працаваў над тым, каб яны прайшлі добра. Ён быў адным з тых, хто ажыцьцяўляў праект Алімпійскіх гульняў”.

У 1910 годзе за ўсе выбітныя справы Зыгмунда Мінэйкі парлямэнт Грэцыі аб’явіў яго ганаровым грамадзянінам краіны.

Але ж вернемся да нашых дзён. Шэф алімпійскай місіі Беларусі Анатоль Іваноў выяжджаў у Афіны і летась восеньню, і сёлета – у якасьці назіральніка. І вось якія ўражаньні ў яго засталіся ад будаўніцтва спартовых аб’ектаў:

(Іваноў: ) “Мяне, што ўразіла: згодна з рэглямэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту, усе спартовыя аб’екты мусяць быць гатовыя за год да правядзеньня Алімпійскіх гульняў. Мы прыяжджалі летась у верасьні – падрыхтавана было адсоткаў 30. Некаторыя аб’екты яшчэ будавалі, пад некаторыя толькі-толькі пачалі капаць катлаваны, нам нават не паказалі спартовыя аб’екты. Калі мы прыехалі зноў, сёлета ў лютым, сытуацыя была крыху лепшай. Але, тым ня менш, спартовыя аб’екты не былі гатовымі”.
XS
SM
MD
LG