Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХІІІ міжнародны фэстываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” завяршыўся


Браніслава Станкевіч, Віцебск Закрыцьцё фэстывалю было менш напышлівым ды афіцыёзным, чымся адкрыцьцё: на гэтую імпрэзу ў Віцебск завітаў ужо не Аляксандар Лукашэнка, а прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Разам з усімі гледачамі заключнага канцэрту ў Летнім амфітэатры ён прывітаў пераможцу Конкурсу маладых выканаўцаў, уладальніка Гран-пры фэстывалю, а таксама ўзнагароды памерам у 10 тысячаў даляраў ЗША, прадстаўніка Беларусі Пятра Ялфімава.

Сёньня, 22-га ліпеня, на віцебскай сцэне пройдуць апошнія канцэрты расейскіх эстрадных зорак – гуртоў “Машына часу” ды “Прэм’ер-міністар” – і горад сьцішыцца да наступнага фэстывалю. Дарэчы, сёлета на канцэртах “Славянскага базару” не адбылося якіх-небудзь значных эксцэсаў, акрамя хіба таго, што 20-га ліпеня расейскі сьпявак Мікалай Баскаў пашкодзіў нагу ў часе ўласнага выступу. Нават канцэрт Філіпа Кіркорава прайшоў без скандалу, якога тут чакалі і гледачы, і журналісты, якіх сьпявак у сваім чарговым рымэйку называе “шчалкапёрамі”.

Затое свае складаныя адносіны з прэсаю прадэманстравалі ў апошні фэстывальны дзень віцебскія міліцыянты: учора разам з удзельнікамі несанкцыянаванага пікету на вуліцы Леніна былі затрыманыя рэдактар недзяржаўнай газэты “Віцебская трыбуна” Сяржук Серабро ды карэспандэнтка Радыё Свабода Браніслава Станкевіч. Нагадаем, што ўсяго ў часе акцыі “Твой адказ сыстэме” ў Віцебску затрымалі 23 чалавекі.
XS
SM
MD
LG