Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія афіцыйныя мэдыі нават не абмовіліся пра ўчорашнія падзеі


Сьвятлана Курс, Менск Агляд незалежнай прэсы

Недзяржаўныя мэдыі поўняцца зьвесткамі аб падзеях 21 ліпеня ў Менску – на акцыі “Твой адказ сыстэме”, прысьвечанай 10-годзьдзю кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. “Улады зноў ужылі сілу супраць іншадумцаў”, – піша тыднёвік “Наша Ніва”. “Як толькі на пляцы Коласа зьбіралася хоць 20 чалавек, шарэнга амонаўцаў выціскала іх у двары, людзей білі і арыштоўвалі. Усяго затрымалі больш за 50 чалавек, некаторых з жорсткім зьбіцьцём”, – паведамляе тыднёвік. На акцыю прыбылі дэлегацыі з Бабруйску, Жодзіна. Віцебскую дэлегацыю перахапілі ў Талачыне і ссадзілі з аўтобуса.

Усяго, паводле падлікаў “НН”, за час кіраваньня Лукашэнкі былі арыштаваныя каля 5 тысячаў чалавек, 55 сталіся “палітычнымі крымінальнікамі”.

Інтэрнэт-выданьне “Хартыя-97” паведамляе, што ў акцыі бралі ўдзел каля 4 тысячаў чалавек, было затрымана каля 60 чалавек. Іхны сьпіс друкуецца на сайце www.chаrter97.org. Гэтую ноч затрыманыя правялі ў Савецкім РАЎС Менску. Празь дзьве-тры гадзіны пачнуцца масавыя суды над удзельнікамі акцыі. Некаторыя затрыманьні суправаджаліся жорсткім зьбіцьцём, людзей валаклі па зямлі тварам уніз. Гэта дало падставу сусьветнай арганізацыі “міжнародная амністыя” абвесьціць затрыманых вязьнямі сумленьня. Ужо пасьля сканчэньня акцыі, каля 21 гадзіны, групу чальцоў моладзевага аддзяленьня “Зубр” супрацоўнікі АМОНу затрымалі, згрузілі ў аўтобусы й адвезьлі за Менскую кальцавую дарогу, паведамляе Інтэрнэт выданьне Хартыя-97.

Беларускія афіцыйныя мэдыі, у тым ліку тэлеканалы нават у прайм-тайм не абмовіліся пра згаданыя падзеі. Перадаваліся рэпартажы з фэстывалю “Славянскі базар”. Орган Адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” друкуе парады – асьцерагацца сонечнага й душнага надвор’я і як найменей бываць на санцапёку.

Рэгіянальныя мэдыі не пасьпелі зрэагаваць на падзеі ў Менску. Іхныя старонкі прысьвечаныя паўсядзённаму жыцьцю ў рэгіёнах. Сёньня выйшаў 500 нумар тыднёвіка “Інтэкспрэс”, які выходзіць у Баранавіцка-Ляхавіцкім рэгіёне. За 10 год існаваньня, нягледзячы на перасьледы з боку мясцовых уладаў, газэта сталася выдавецкім домам, які выпускае 5 незалежных рэгіянальных газэтаў.

“Газэта Слонімская” надрукавала вынікі “гарачай лініі” са слухачамі. Вось на што скардзяцца жыхары Слоніму: з кранаў цячэ брудная вада, “хуткая дапамога” не выяжджае на выклікі, па паўгода не бывае гарачае вады, не рамантуюцца тратуары, паўсюдна сьсякаюцца дрэвы, мясцовы камбінат пячэ нясмачны хлеб. І самая цікавая скарга: у сувязі з “Дажынкамі”, якія пройдуць сёлета ў Слоніме, мясцовая пошта паздымала ў людзей паштовыя скрыні і прапануе набываць новыя – у аддзяленьнях сувязі. Гэтак паштары хочуць упрыгожыць горад. Пакуль жа лісты й газэты грамадзянаў паштары кідаюць у пад’ездах і дварох.
XS
SM
MD
LG