Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выпадкі дыфтэрыі ў Гомелі: прышчапляюцца ўсе, у тым ліку дарослыя


Казімір Яноўскі, Гомель У Гомелі распачынаецца вакцынацыя насельніцтва супраць дыфтэрыі – вострага інфэкцыйнага захворваньня, якое паражае верхнія шляхі органаў дыханьня.

На шчасьце нейкай экстрэмальнай сытуацыі ў горадзе няма. Праўда, апошнім часам выяўлена 3 выпадкі захворваньня на дыфтэрыю. Чацьвёртым хворым стаўся жыхар прыгараднай вёскі Прыбар, які працуе ў абласным цэнтры – так што і яго аднесьлі да ліку гараджанаў. Гэтыя падзеі і спрычыніліся да арганізацыі ў горадзе прышчэпак супраць дыфтэрыі.

У абласным цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі паведамілі, што ўжо атрымалі неабходную колькасьць вакцыны для прышчэпак. Сродкі на яе ахвяраваны з рэспубліканскага бюджэту.

Наогул, прышчэпкі ад дыфтэрыі робяцца адзін раз на 10 гадоў. Пасьля апошняй масавай вакцынацыі прайшло толькі 8 гадоў. Лічылася, што гэтая хвароба пераможана. Аднак новавыяўленыя факты захворваньня на дыфтэрыю спрычыніліся, так бы мовіць, да заўчаснай вакцынацыі.

Вядома, што на дыфтэрыю хварэюць пераважна дзеці. Але гэтым разам прышчапляцца будзе ўсё дарослае насельніцтва гораду, паколькі на дыфтэрыю захварэлі менавіта дарослыя. Чаму інфэкцыйная хвароба перакінулася на дарослых, тлумачыць намесьнік галоўнага ўрача абласнога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Мікалай Скаромны:

(Скаромны: ) “Дыфтэрыя з прычыны посьпехаў барацьбы зь ёю ў дзіцячым асяродку перакінулася на дарослы кантынгент. Іншымі словамі, зьмяніла месца сваёй лякалізацыі. Таму цяпер дарослае насельніцтва ўцягнута ў каляндар прышчэпак”.

Так патлумачыў адмысловец Скаромны прычыну таго, што дыфтэрыя выявілася ў асяродку дарослых. Другі фактар, паводле спадара Скаромнага – гэта паніжэньне імунітэту ў насельніцтва.

Паводле адмыслоўца, прышчэпкі ад дыфтэрыі мэдыкі пачнуць рабіць літаральна зь сёньняшняга дня непасрэдна на прадпрыемствах і ва ўстановах. Нямоглым пэнсіянэрам з дапамогаю органаў сацыяльнага забесьпячэньня прышчэпкі зробяць дома, астатнім – у мэдычных установах. Ня будуць прышчапляцца толькі тыя, каму гэта супрацьпаказана.
XS
SM
MD
LG