Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі “зачысткі” на плошчы Якуба Коласа: 60 чалавек затрымана, 27 зь іх будуць судзіць


Любоў Лунёва, Менск Вынікам учорашняй акцыі, прысьвечанай 10-годзьдзю кіраваньня дзяржавай Аляксандрам Лукашэнкам, сталі зьбіцьцё й затрыманьні больш за паўсотні ўдзельнікаў імпрэзы. Людзей трымалі ў аддзеле міліцыі Савецкага раёна некалькі гадзінаў. Паколькі ўчора было сьпякотна, некаторым стала кепска і міліцыянты выклікалі “хуткую дапамогу”. Тым ня менш, адпусьцілі непаўнагадовых, астатніх будуць судзіць у Савецкім раённым судзе.

Міліцыянты запэўнівалі, што дамовіліся з арганізатарамі акцыі. Намесьнік кіраўніка аддзела ў масавых мерапрыемствах Зьміцер Маскалік казаў, што Ірына Красоўская будзе на плошчы Бангалёр, а Валеры Фралоў – на плошчы Якуба Коласа. Дамовіліся, што ён накіруе людзей у парк “Дружбы народаў” на канцэрт. Насамрэч – гвалт, зьбіцьцё і жорсткія затрыманьні. Чаму так адбылося?

Позна ўвечары я патэлефанавала кіраўніку аддзела ў масавых мерапрыемствах палкоўніку Сяргею Гірэлю. Ён казаў, што нібыта адмысловага загаду не было – маўляў, арганізатары самі парушылі дамоўленасьці.

(Гірэль: ) “Фралоў сказаў (гэта я са слоў гавару): “Можна я на Якуба Коласа пайду і буду накіроўваць людзей у парк Дружбы народаў”. Добра. Аднак ён быў там і ніякіх захадаў як арганізатар не рабіў. Ён павінен быў растлумачыць людзям, што тут нічога не праводзіцца, ідзіце туды. Хто прыходзіць, усім тлумачыць”.

Улады задзейнічалі амаль увесь асабовы склад сталічнай міліцыі. Амонаўцы ў часе так званай “зачысткі” дзейнічалі вельмі жорстка. Як заўсёды, схапілі некалькіх мінакоў, якія нават нічога пра акцыю і ня ведалі. Аднаму хлопцу, актывісту руху “Зубр”, удалося вырвацца з рук міліцыянтаў. Я зрабіла запіс на месцы падзеяў. Вось, што ён казаў:

(Хлопец: ) “Мы разгарнулі плякаты. Нас затрымалі, білі нагамі, павалілі. У эпіцэнтры людзі ляжалі, міліцыя душыла іх і не глядзела. Мы крычалі, што там ляжаць людзі, але яны ўсё сьціскалі й сьціскалі. Потым, калі пад’ехаў амон, усіх пацягнулі ў аўтобус – бязьлітасна, білі рукамі, нагамі, былі як зьвяры”.

Усяго затрымалі каля 60 чалавек. Сярод іх амаль палова – непаўнагадовыя. Складзеныя на іх пратаколы накіруюць у адміністрацыйныя камісіі па справах непаўнагадовых. Шмат зь іх прыехала на акцыю з Барысава і іншых гарадоў. Міліцыянты казалі, што некалькі чалавек адвязуць у спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік для непаўнагадовых. Сёньня іх адтуль пад расьпіску забяруць бацькі.

Дарослых таксама адвезьлі ў спэцпрыёмнік. Цяпер яны там знаходзяцца, а прыкладна праз тры гадзіны іх павязуць адтуль у суд Савецкага раёна. Гэта каля трыццаці чалавек, дакладней – 27. Трэба чакаць новых арыштаў і штрафаў паводле сумнавядомага 167 артыкулу, які раней называўся “Дэкрэт прэзыдэнта № 5”. Аляксандр Лукашэнка падпісаў яго 10 сакавіка 1997 году. Пасьля гэтага колькасьць дэкрэтаў і ўказаў павялічылася ў сотні разоў. Але менавіта гэты адыграў сваю ролю ў рэпрэсіях супраць удзельнікаў апазыцыйных акцый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG