Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтрвыбаркам можа арганізаваць рэфэрэндум для Лукашэнкі за 45 дзён


Юры Дракахруст, Прага Аляксандар Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь 10 ліпеня 1994 году. 20 ліпеня таго ж году ён афіцыйна заняў гэтую пасаду, пакляўшыся на Канстытуцыі. У тагачаснай Канстытуцыі было запісана, што працягласьць аднаго прэзыдэнцкага тэрміну – 5 гадоў і што адзін грамадзянін краіны ня можа займаць гэтую пасаду больш за два тэрміны.

У лістападзе 1996 году па ініцыятыве прэзыдэнта Лукашэнкі быў праведзены рэфэрэндум аб зьменах у Канстытуцыю. Паводле рашэньня Канстытуцыйнага суда гэты плебісцыт меў дарадчы характар, аднак кіраўнік дзяржавы надаў яму абавязковую сілу. Паводле зьмененай Канстытуцыі першы тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі быў працягнуты на 2 дадатковыя гады – да 2001 году. Аднак запіс пра тое, што адна асоба ня можа займаць прэзыдэнцкую пасаду больш за два тэрміны, захаваўся і ў зьменай Канстытуцыі.

Парадак правядзеньня канстытуцыйнага рэфэрэндуму выклікала рэзкую крытыку з боку заходніх дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. У 1997 годзе Беларусь была пазбаўленая статусу адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы, да 2000 году ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Беларусь была прадстаўленая дэлегацыяй разагнанага Вярхоўнага Савету.

Падчас учорашняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка чарговы раз заявіў пра магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму, які б скасаваў канстытуцыйнае абмежаваньне для адной асобы абірацца на трэці прэзыдэнцкі тэрмін. Прычым, паводле Лукашэнкі падрыхтаваць і правесьці такі рэфэрэндум можна вельмі хутка.

Сёньня сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік удакладніў, што тэрміны яшчэ дазваляюць правесьці канстытуцыйны рэфэрэндум адначасова з парлямэнцкімі выбарамі. Паводле яго словаў, гэта будзе магчыма ў тым выпадку, калі ініцыятыва аб правядзеньні плебісцыту будзе зыходзіць не ад грамадзянаў альбо парлямэнта, а асабіста ад прэзыдэнта. У такім выпадку, сказаў Мікалай Лазавік, Цэнтрвыбаркаму спатрэбіцца 45 дзён для правядзеньня дадатковых арганізацыйных мерапрыемстваў.

Паводле словаў сакратара ЦВК, для арганізацыі ўсенароднага галасаваньня не спатрэбіцца вялікіх фінансавых выдаткаў: тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі былі сфарміраваны яшчэ ў сакавіку 2003 года на выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў і працягваюць дзейнічаць цяпер, а ўчастковыя камісіі адначасова могуць арганізоўваць галасаваньне як па выбраньні дэпутатаў у парлямэнт, так і па рэфэрэндуме.

Аднак сакратар Цэнтарвыбаркаму нагадаў, што кіраўнік дзяржавы, паводле ягоных словаў, яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня адносна даты правядзеньня рэфэрэндуму. Магчыма, сытуацыя высьветліцца пасьля нарады ў Адміністрацыі прэзыдэнта па перадвыбарнай тэматыцы, якая заплянаваная на 27 ліпеня – зазначыў Мікалай Лазавік.
XS
SM
MD
LG