Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у акцыі “Твой адказ сыстэме” у Віцебску затрымалі 23 чалавекі


Браніслава Станкевіч, Віцебск Апрача прадстаўнікоў палітычных партыяў, якія зладзілі гэтую несанкцыянаваную акцыю каля “Сіняга дому” у Віцебску, у пастарунак забралі і дваіх журналістаў – карэспандэнтку Радыё Свабода Браніславу Станкевіч і рэдактара недзяржаўнай газэты “Віцебская трыбуна” Сержука Серабра.

Сёньняшні пікет на вуліцы Леніна ў Віцебску зладзілі тутэйшыя актывісты палітычных партыяў, якія ўваходзяць у перадвыбарчую кааліцыю “Пяцёрка +”, а таксама іхныя аднапартыйцы з Воршы ды Магілёву. Усяго каля 40 чалавек выйшлі да “Сіняга дому”: адны распаўсюджвалі спаміж мінакоў газэту “Время”, іншыя паўсталі жывым ланцугом з партрэтамі зьніклых беларускіх грамадзянаў – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага ды Зьмітра Завадскага.

Вакол пікетоўцаў адразу пачалі зьбірацца людзі, бо сёньня – апошні дзень фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”, і народу ў цэнтры вуліцы было вельмі багата.

Праз 15 хвілін ад пачатку акцыі да пікетоўцаў падышлі міліцыянты. Спачатку яны зьнялі ўсіх удзельнікаў пікету на відэастужку, а потым, без усялякіх папярэджаньняў, і нават не называючы сваіх імёнаў ды званьняў, загадалі ўсім сядаць у міліцэйскія машыны ды ехаць у пастарунак.

Усіх затрыманых, а іх аказалася 23 чалавекі – зьмясьцілі ў актавай залі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі. Пасьля таго, як начальнік райаддзелу Ігар Шульган правёў “выхаваўчую” гутарку, у затрыманых пачалі браць тлумачэньні, а потым фатаграфаваць – з пачкам газэтаў або з партрэтамі зьніклых – у залежнасьці ад таго, з чым “патрапіўся” пікетовец. Дарэчы, спаміж затрыманых апынуліся старшыні Віцебскай ды Магілёўскай абласных арганізацый АГП спадары Ананьнеў ды Шанцаў, старшыня віцебскай гарадзкой арганізацыі АГП Алена Залеская ды старшыня віцебскай гарадзкой арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Ўладзіслаў Токараў.

Партыйцам давялося правесьці ў пастарунку каля 2-х гадзінаў, бо міліцыянты ня дужа сьпяшаліся складаць дакмэнты. З-за гарачыні ды адсутнасьці сьвежага паветра аднаму з сябраў ПКБ, Зьмітру Селюку зрабілася блага з сэрцам, і яму ўрэшце выклікалі “Хуткую дапамогу”, але па-за чаргой складаць пратакол ня сталі, пратрымаўшы ў задушным памяшканьні яшчэ каля гадзіны.

На кожнага з затрыманых пікетоўцаў склалі пратакол пра парушэньне Закону адносна парадку правядзеньня вулічных акцыяў, такі самы пратакол склалі і на рэдактара газэты “Віцебская трыбуна” Сержука Серабра, які фатаграфаваў акцыю ды працэс затрыманьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG