Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч: “Тое, што дзяцей білі нагамі, закідвалі ў аўтобусы – гэта і ёсьць сьвята інаўгурацыі”


Любоў Лунёва, Менск Больш за паўсотні затрыманых і зьбітых – асноўны вынік акцыі, прысьвечанай 10-м угодкам кіраваньня дзяржавай Аляксандрам Лукашэнкам. Дагэтуль людзей трымаюць ў аддзеле міліцыі Савецкага раёна.

Яшчэ напачатку акцыі міліцыянты перакрылі ўсе выхады з падземнага пераходу на плошчу Якуба Коласа. Людзі стаялі ўздоўж дарогі ад будынку філярмоніі да унівэрсама "Сталічны".

Каля двух дзесяткаў чалавек прайшлі на плошчу па праспэкце Францішка Скарыны. Частку натоўпу міліцыянты выціснулі ў пераход, а астатніх амонаўцы зацягнулі ў аўтобус. Адразу пасьля гэтага пачалася так званая "зачыстка" ля гастранома "Сталічны".

Пад зачыстку траплялі мінакі, якія выйшлі з крамы.

Амонаўцы зацягвалі людзей у аўтобусы. Пры гэтым іх зьбівалі нагамі, дубінкамі. Двух хлопчыкаў павалілі на асфальт і пацягнулі за ногі тварам па зямлі.

Людзі крычалі, жанчыны кідаліся ратаваць хлопцаў. Іх таксама зьбілі.

Дэпутата Сяргея Скрабца прыціснулі да аўтобуса, але затрымліваць не сталі. Як толькі аўтобусы напаўнялі людзьмі, іх адвозілі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Савецкага раёна. Там цяпер знаходзяцца некалькі чалавек з моладзевага руху "Зубр", з "Маладога Фронту", каардынатар "Хартыі''97" Зьміцер Бандарэнка і іншыя.

Удзельнік акцыі, лідэр “Народнай Грамадаы” Мікалай Статкевіч сказаў:

(Статкевіч: ) “Тое, што тут адбылося, выдатна сымбалізуе 10-годзьдзе прыходу да ўлады Лукашэнкі. Тое, што дзяцей білі нагамі, закідвалі ў аўтобусы – гэта і ёсьць сьвята інаўгурацыі. І ня трэба 4-гадзіннай прэс-канфэрэнцыі, дайце адзін кадр – і ўсё зразумела”.

Каля двух сотняў чалавек прайшлі па вуліцы Якуба Коласа на плошчу Бангалёр, дзе мусіў адбыцца канцэрт.

Дэпутат Валеры Фралоў выступіў перад прысутнымі. Ён паабяцаў, што наступным разам арганізатары зьменяць тактыку. Радыё Свабода спадар Фралоў паведаміў наступнае:

(Фралоў: ) “Другі раз будзем дзейнічаць па-іншаму. Мы будзем яшчэ шмат над гэтым думаць, як гэта зрабіць. Ёсьць у мяне ўжо пэўныя думкі, як гэта рабіць. Што датычыць паводзін міліцыянтаў. Гэта было так нахабна! Людзі ішлі па тратуары, нікога не чапалі, нічога не рабілі, а яны іх хапалі.”

(Карэспандэнтка: ) “Вы казалі, што была нейкая дамоўленасьць, што нібыта будзе ўсё нармальна”.

(Фралоў: ) “І я так думаў. Але ж так не адбылося...”

Дэпутат Уладзімір Парфяновіч дадаў:

(Парфяновіч: ) “З рэжымам ня можа быць ніякай дамоўленасьці. Ён сябе сам паказвае. Мы ўчора паслухалі хлусьню. Хлусьню на чатыры гадзіны.

(Карэспандэнтка: ) “Тое, што так расправіліся зь людзьмі, у часе выбарчай кампаніі, на вачах у журналістаў...”

(Парфяновіч: ) “Ніякіх адкрытых і дэмакратычных выбараў у Рэспубліцы Беларусь не адбудзецца”.

Нават у часе канцэрту амонаўцы хапалі хлопцаў, якія раздавалі жанчынам кветкі.

Пачкі з балёнікамі міліцыянты выхоплівалі з рук і не давалі раздаваць людзям. Патлумачыць свае дзеяньні яны адмаўляліся.

На пытаньне: "Чаму супрацоўнікі міліцыі не выканалі дамоўленасьці аб тым, што абыдзецца без затрыманьняў?" адказаць адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што выконваюць загады кіраўніцтва.

Заўтра пачнуць судзіць затрыманых удзельнікаў акцыі.

Фотаздымкі з плошчы Якуба Коласа (21 ліпеня, 2004 году):





Гл. таксама • Сьпіс пакараных за ўдзел у акцыі 21 ліпеня • 27 удзельнікаў акцыі пакаралі арыштамі й штрафамі; Зьміцер Бандарэнка атрымаў 15 сутак • Вынікі “зачысткі” на плошчы Якуба Коласа: 60 чалавек затрымана, 27 зь іх будуць судзіць • Сяргей Антончык: “Простых шляхоў змаганьня на Беларусі ўжо не засталося” • “Rzeczpospolita”: калі б не папярэднія захады міліцыі, на вуліцу вышлі б нават 10 тысячаў дэманстрантаў • Беларускія афіцыйныя мэдыі нават не абмовіліся пра ўчорашнія падзеі • Беларускае МУС вучыць расейскага журналіста правільна рабіць сюжэты • Міністар унутраных справаў У. Навумаў патрабуе дэпартаваць расейскага журналіста за “неаб’ектыўнае” асьвятленьне акцыі пратэсту • За ўдзел у акцыі “Твой адказ сыстэме” у Віцебску затрымалі 23 чалавекі • У 10 гадавіну прэзыдэнцтва Лукашэнкі прайшлі пікеты ў Празе, Вене, Парыжы і Стакгольме • У Вільні адбыўся пікет з нагоды 10 гадавіны кіраваньня Лукашэнкі • У Варшаве адбываецца пікет, прысьвечаны 10 угодкам прэзыдэнцтва Лукашэнкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG