Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пургурыдэс: “Прэзыдэнт Лукашэнка непасрэдна ўцягнуты ўва ўтойваньне інфармацыі”


Натальля Судлянкова, Прага Хрыстас Пургурыдэс пракамэнтаваў для Радыё Свабода заявы прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі датычна зьніклых і справаздачы, якую падрыхтаваў спадар Пургурыдэс для Рады Эўропы.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Пургурыдэс, учора на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі было зададзенае пытаньне пра Вашую справаздачу Радзе Эўропы наконт зьніклых грамадзкіх дзеячаў у Беларусі.

Наконт Вас кіраўнік Беларусі заявіў: “Я гэтага чалавека ня ведаю, ведаць не хачу і ніяк не стаўлюся да яго справаздачы і не чытаў яе. Чуў, што ёсьць такая справаздача, вы ўвесь час на нейкага Пургурыдэса спасылаецеся. Калі яго пусьцілі ў нашую краіну і шчыра ўсё раскрылі і паказалі, а ён паехаў і плюнуў у душу ня толькі людзям, але і краіне, то я не хачу ані бачыць ані чуць гэтых справаздачаў”.

Гэта, здаецца, першая публічная рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на Вашую справаздачу? Як Вы яе ацэньваеце?”

(Пургурудэс: ) “Па-першае, мне вельмі шкада, што спадар Лукашэнка ня можа зразумець, што гэта ня ёсьць мая пэрсанальная справаздача, яна была ўхваленая большасьцю сябраў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы амаль аднагалосна і таму цяпер гэта ўжо амаль неафіцыйная справаздача Рады Эўропы. Высновы, што былі зробленыя ў справаздачы, былі прынятыя ня толькі Парлямэнцкай Асамблеяй, але таксама Эўразьвязам і ААН, а гэта ўжо міжнародныя арганізацыі.

І толькі прэзыдэнт Лукашэнка робіць выгляд, што ён не разумее цяперашніх рэаліяў. Калі казаць пра ягоную заяву, што ён ня хоча мяне бачыць, гэта ягоная асабістая справа. Але незалежна ад таго, ці хоча ён мяне бачыць, калі ён хацеў бы, каб ягоная краіна ўвайшла ў Раду Эўропы, ён мусіць быць зацікаўлены ў тым, каб расьсьледаваньне ў справах зьніклых прайшло як мага хутчэй.

Ну і апошняе – калі ён сапраўды гэты сказаў, дык гэтае стаўленьне відавочна дэманструе тое, што мы сказалі ў справаздачы. А менавіта – што прэзыдэнт Лукашэнка непасрэдна ўцягнуты ўва ўтойваньне інфармацыі аб гэтых падзеях. Калі чалавек невінаваты ў гэтым і калі прэзыдэнт сапраўды паважае закон і дэмакратычныя каштоўнасьці, дык ён ніколі ня будзе паводзіць сябе такім чынам у дачыненьні да Рады Эўропы”.

(Карэспандэнтка: ) “Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі заявіў таксама наступнае : “Пургурыдэс і іншыя хай спачатку адкажуць на маё пытаньне. Я ставіў пытаньне наконт таго, што ў Нямеччыне і іншых месцах бачылі гэтых,так бы мовіць, “зьніклых”. Дзе яны? Як толькі вы адкажыце на гэтае пытаньне, тады я прачытаю справаздачу вашага Пургурыдэса”.

Спадар Пургурыдэс, ці Вы маглі б адказаць на пытаньне Лукашэнкі?”

(Пургурудэс: ) “Гэта самы горшы тып паводзінаў, які можна чакаць ад любога лідэра любой краіны. Мне вельмі шкада, але я не магу далучыцца да спадара Лукашэнкі ў такім стаўленьні. У Нямеччыне няма зьніклых зь Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Падчас прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка абвінаваціў жонак зьніклых грамадзкіх дзеячаў у тым, што яны займаюцца палітыкай, патрабуюць праз газэты адставак высокапастаўленых чыноўнікаў. Лукашэнка сказаў: “Я за 10 гадоў нікога не “здаваў” і ніколі гэтага ня будзе. Гавораць: Навумава зьняць з пасады, а ён у той час наагул не працаваў, Шэйман працаваў чыноўнікам, памочнікам, дзяржсакратаром – ані пісталетаў, нічога ў яго не было, сядзеў побач з прэзыдэнтам. За што я іх буду звальняць?”

Як бы Вы маглі пракамэнтаваць гэтыя тлумачэньні Аляксандра Лукашэнкі?”

(Пургурудэс: ) “Калі ён сапраўды такое сказаў, міжнародная супольнасьць мусіць зразумець, што гэты чалавек вельмі небясьпечны. Міжнародная супольнасьць мусіць зразумець, што мы маем справу з чалавекам, які вельмі падобны на новага Гітлера.

Міжнародная супольнасьць мусіць вельмі ўважліва вывучыць гэтыя заявы і зрабіць адпаведныя крокі. Гэты чалавек небясьпечны.

Ну а калі казаць пра жонак зьніклых, дык мы імі проста захапляемся. Яны дэманструюць вялікую мужнасьць. Спадар Лукашэнка мусіць прывітаць мужнасьць гэтых жанчын. І не ставіцца да іх з такой непавагай, як ён гэта робіць. Людзі ў Беларусі мусяць зразумець, што гэты чалавек, які робіць такія заявы, зацягвае народ Беларусі ў вельмі небясьпечную сытуацыю. Людзі ў Беларусі вартыя значна лепшага лідэра, чым Аляксандр Лукашэнка”.
XS
SM
MD
LG