Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звыш 100 жыхароў Гомельскай вобласьці зьнікла бязь вестак, бальшыня зь іх – у Расеі


Казімер Яноўскі, Гомель Звыш 100 жыхароў Гомельскай вобласьці аб`яўлены сёлета ў вышук. Найбольш зьніклых сярод тых, хто паехаў на заробкі ў так званую саюзную дзяржаву – суседнюю Расею.

Паводле зьвестак аддзелу вышуку Абласной міліцэйскай управы, сёлета ў органы ўнутраных спраў рэгіёну зьвярнулася па дапамогу амаль паўсотні чалавек. Яны прасілі паспрыяць у пошуках сваякоў, зьніклых у Расеі.

Сьпіс зьніклых апошнім часам папаўняюць і жанчыны. 24-гадовая гамяльчанка Ірына выправілася на працу ў Расею сёлета ўвесну. Дзе яна й што зь ёю – невядома. 45-гадовы жыхар Веткі Віктар Гаўрылаў не падае пра сябе зьвестак ужо трэйці год. Распавядае маці Віктара Ніна Канстанцінаўна:

(Гаўрылава: ) “27 мая 2002 году паехаў, і вось ужо трэйці год нічога пра сябе не паведамляе. У міліцыі мне сказалі, што вельмі позна распачаліся пошукі. Адзін наш веткаўчанін распавядаў, што бачылі сына ня так даўно ў расейскім горадзе Арле. Ён будаваў там царкву, а пасьля, з просьбы сьвятара, нібыта, капаў магілы. У сына ёсьць дачка, яна ўжо выйшла замуж. Дапамога нам не патрэбна – хаця б яго жывога пабачыць. Я ўжо вочы выплакала”.

Як сьцьвярджаюць у аддзеле вышуку Абласной управы міліцыі, гамельчукі найбольш зьнікаюць, калі накіроўваюцца на заробкі ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Карэлію, Цюмень. Астрахань. Нярэдка ў Расеі беларускія грамадзяне патрапляюць у сапраўднае рабства: у іх адбіраюць пашпарты, не выплачваюць замоўленых заробкаў, і, канечне, яны ня маюць ніякіх страхавых полісаў.

Гомельскім міліцыянтам апошнім часам удалося адшукаць у суседняй дзяржаве 11 жыхароў рэгіёну. Чатырох зь іх бадзяжнічалі, яшчэ чацьвёра – былі мёртвымі.

Цела 39-гадовага гамельчука Сяргея Бараноўскага маскоўскія міліцыянты знайшлі на станцыі мэтро “Кіеўская” яшчэ ў 2002 годзе. Праз год устанавілі, што гэта менавіта Бараноўскі. Аднак маскоўская лінейная міліцыя нічога не паведаміла ў Беларусь. Факт сьмерці Бараноўскага гомельскім вышукоўцам стаўся вядомы толькі сёлета падчас камандзіроўкі ў Маскву.

У паасобку, міністар унутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў лічыць, што пошукавая работа ў рэгіёне вядзецца найгорш – адносна іншых вобласьцяў:

(Навумаў: ) “Колькасьць зьніклых усюды прыкладна аднолькавая. За апошнія пятнаццаць гадоў “астатак” у сярэднім складае каля 100 чалавек у кожнай вобласьці. Але вышук у Гомельскай вобласьці вядзецца горш за ўсё”, – сказаў міністар Навумаў, які днямі знаходзіўся ў Гомелі й браў удзел у абмеркаваньні на калегіі абласной міліцэйскай управы праблемы зьніклых людзей.

Трэба згадаць, што менавіта Міністэрствы ўнутраных спраў Беларусі й Расеі праводзяць ці не сама болей сумесных паседжаньняў у межах гэтак званай саюзнай дзяржавы. І зусім не зразумела, чаму ў такім разе беларускіх грамадзян цяжка адшукаць у саюзнай дзяржаве.

***

Летась і сёлета нашая магілёўская карэспандэнтка Марыя Ўсьціновіч таксама распавядала пра выпадкі рабаваньня, зьбіцьця, выкраданьня і забойства беларускіх грамадзянаў, якія едуць на заробкі ў Расею з Магілеўшчыны.

Адна з прычынаў гэтага – тое, што значная частка беларусаў працуе ў Расеі нелегальна, парушаючы расейскае заканадаўства аб працы і міграцыі, яны ня могуць разьлічваць на абарону з боку закону. Пра гэты і іншыя аспэкты беларускай працоўнай міграцыі да ўсходняга суседа казаў сёньня на нарадзе ў МЗС пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў.

***

Пасол Беларусі ў Расеі Ўладзімер Грыгор’еў са спасылкай на маскоўскую міліцыю паведаміў пра рост злачынстваў сярод грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца ў Расеі. Паводле Грыгор’ева прычына гэтага – рост колькасьці беларусаў, якія едуць у Расею на заробкі. Пасол паведаміў, што летась іх было 300 тысячаў.

Уладзімер Грыгорьеў падкрэсьліў, што значная частка зь іх працуе, не афармляючы кантрактаў, з прычыны чаго беларусы ў Расеі часам трапляюць ў складаныя сытуацыі, яны не атрымліваюць заробак агаворанага памеру ці наагул застаюцца без яго. “Таму ім часам даводзіцца красьці ці ўчыняць іншыя злачынствы”, – заявіў пасол Беларусі у Расеі Ўладзімер Грыгор’еў.
XS
SM
MD
LG