Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі беларусаў ня плацяць за кватэру?


Юлія Шарова, Менск На прэсавай канфэрэнцыі 20 ліпеня Лукашэнка заявіў пра тое, што не зрабіў ніводнай памылкі, дбаючы пра народны дабрабыт. Між тым, за апошнія дзесяць год доля выдаткаў на жытло для беларусаў павялічылася ў некалькі разоў, але якасьць камунальных паслуг засталася ранейшай. Чаго беларусам варта чакаць надалей?

Калі ўзяць сярэдняга эўрапейца, то для яго нормай будзе траціць на жытло ня больш за 30% сваіх грошай – кажа эканаміст Яраслаў Раманчук. Сярэдні беларус сёньня траціць на кватэру ўжо 18% з таго, што зарабляе. І гэта яшчэ ня скрайняя мяжа. Дзяржава ў найбліжшыя гады плянуе скарачаць перакрыжаванае субсыдаваньне. А гэта значыць, што будзе паступова падвышаць тарыфы на камуналку – пакуль насельніцтва ня стане аплачваць усё па рэальным кошце.

Ня дзіўна, што ў краіне нямала людзей за кватэру папросту ня плаціць. Паводле зьвестак Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, амаль на 15% асабовых рахункаў ёсьць запазычанасьць. Гэтак званых злосных неплацельнікаў, якія ўхіляюцца ад платы больш за год, набярэцца прыблізна 5%.

Яраслаў Раманчук лічыць, што праблема тут ня толькі ў беднасьці людзей, але й у тым, што іх не прывучылі ўсе рахункі аплачваць своечасова.

(Раманчук: ) “Папросту людзі разумеюць гэтак: калі ня будуць плаціць, – зь імі нічога страшнага ня здарыцца. Яны баяцца толькі аднаго – каб ня выселілі з кватэры. А згодна з Жыльлёвым кодэксам, зрабіць гэтага ўлады ня могуць. Таму нашыя чыноўнікі ўлічваюць беднасьць хатніх гаспадарак і папросту пасіўна апускаюць рукі. Затое кампэнсуюць недахопы ў сваёй сыстэме праз больш высокія тарыфы й перакрыжаванае субсыдаваньне з іншых сэктараў.

Неплацельнікаў караюць пакуль ня надта каб жорстка: адлучаюць ваду, газ, электрычнасьць, не выдаюць даведак і пашпартоў. Але з хат не выганяюць. За апошнія паўтара года з прычыны неаплаты ў горшае й меншае плошчаю жытло шляхам абмену перасялілася 30 сямей. Толькі такога кансэнсусу могуць дасягнуць неплацельнікі й камунальныя службы. Кватэрнага фонду для прымусовага перасяленьня за няўплату ў Беларусі практычна няма, і такое надараецца хіба ў выключных выпадках.

Злосныя неплацельнікі – пераважна асобы сацыяльна неўладкаваныя. Найперш бедныя людзі, алькаголікі й наркаманы. Аднак бывае, што непрыемнасьці здараюцца й у людзей прыстойных. Напрыклад, гэтай вясной Зінаіда Ганчар атрымала позву ў суд, бо была вінавата камунальнікам каля 200 даляраў. Спадарыня Ганчар, дарэчы, мела свае прэтэнзіі да камунальных службаў – ЖЭС не зрабіў рамонту кватэры пасьля пажару, і таму колькі месяцаў запар яна не плаціла за жытло.
XS
SM
MD
LG