Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне жыхароў Берасьця: чым запомнілася прэзыдэнцтва Лукашэнкі?


Алег Супрунюк, Берасьце Як берасьцейцы ацэньваюць апошнія 10 гадоў, у часе якіх прэзыдэнцкую пасаду ў Беларусі займае Аляксандар Лукашэнка?

(Спадар: ) “За дзесяць гадоў бардака стала менш”.

(Спадар: ) “Нічога добрага. Раней было лепей, а зараз нічога добрага няма. Усё дарагое, кожны дзень даражэе. – кватэра, хлеб, малако”.

(Спадар: ) “Нічога добрага ён мне не зрабіў як вайскоўцу, як былому ўдзельніку вайны, пазабіраў ільготы і ўсё”.

(Спадар: ) “Зьменаў патрабуе нашае становішча. Усё ўзурпавана ў адных руках. Дзе дэмакратыя?”

(Спадарыня: ) “На мой погляд, нічога, лепей не стала. У мяне асабіста стала горш. Мой муж працаваў галоўным інжынэрам на заводзе. Завод зачыніўся, зараз муж на поўначы ў такім узросьце гробіць здароўе. Дзіцё скончыла прэстыжны інстытут, працу знайсьці ня можа. Таму ў мяне дрэнны настрой”.

(Спадарыня: ) “Мне запомнілася тым, што заробкаў і працы як не было, так і няма”

(Юнак: ) “Нават ня ведаю, што адказаць. Дрэнна жывём, дрэнна”

(Карэспандэнт: ) “А хто вінаваты?”

(Юнак: ) “Вінаваты? Прэзыдэнт, напэўна. Я так мяркую. Усе так гавораць”.

(Спадарыня: ) “Што я магу казаць? У агульным што магло зьмяніцца? Трошкі палепшылася жыцьцё нашае, беларусаў. А ў прынцыпе, калі шчыра казаць, усё роўна вытворчасьць засталося на тым жа ўзроўні”.

(Спадар: ) “Калі казаць вобразна, дык у параўнаньні з іншым сьветам стабільнасьць нейкая ёсьць. Ну а разьвіцьцё залежыць ня толькі ад аднаго яго. Савецкія часы зрабілі свой адбітак і людзі яшчэ не перабудаваліся, каб працаваць у новых умовах. А так ён стараецца. Як атрымліваецца – гэта ўжо другая справа”

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, мне проста ўчора не спадабалася, калі на усіх чатырох праграмах была ягоная прэсавая канфэрэнцыя. Нічога паглядзець было немагчыма. А так нават і ня ведаю, што адказаць – нічога добрага”.

(Спадарыня: ) “Самае галоўнае – гэта спакой і мір. Больш нічога. Хай ён служыць да самой пэнсіі. Такая мая думка”.

(Спадар: ) “У прынцыпе, няма чаго ўзгадваць. Краіна прыходзіць у заняпад. Трэба ўладу мяняць”.
XS
SM
MD
LG