Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: “Апошнія 10 гадоў у беларускай культуры – гэта суцэльныя страты”


Валянціна Аксак, Менск Так ацаніў стан беларускае культуры за часам знаходжаньня ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі знаны беларускі філёзаф і культуроляг Валянцін Акудовіч. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію нашаму радыё.

Спадар Акудовіч параўнаў сытуацыю, што ўтварылася ў беларускай культуры цягам дзесяці гадоў, з запруджанай ракою, плынь якое спынілася. А творчасьць, як вядома, разьвіваецца толькі ў няспынным руху. Таму спынены час –страчаны час. І гэта самая вялікая страта беларускай культуры – лічыць знаны філёзаф і культуроляг.

(Акудовіч: ) “Каб усю гэтую пару дзяржава хай сабе й не падтрымлівала моцна, а хаця б не рэпрэсавала ўсяго жывога, таленавітага, значнага, то мы мелі б зусім іншую сытуацыю. І вось адносна той сытуацыі, якая магла быць, але не адбылася… Гэты пэрыяд я й гатовы назваць суцэльнай стратай”.

Палітыку ўлады дачынна самых выбітных і таленавітых беларускіх творцаў Валянцін Акудовіч лічыць добра сплянаванаю рэпрэсіўнаю акцыяй, якая прывяла да жахлівых разбуральных наступстваў.

(Акудовіч: ) “Якраз у гэты час апынуліся за мяжой самыя таленавітыя беларускія літаратары – Васіль Быкаў, Уладзімер Някляеў, Алесь Разанаў, Славамір Адамовіч… Якраз у гэтую пару былі разагнаны рэдакцыі ўсіх дзяржаўных часопісаў. А некаторыя зь іх, як, скажам, мая любімая “Крыніца” – бадай, лепшы часопіс сярэдзіны 1990-х, – і наагул закрылі… Выдавецтва “Мастацкая літаратура” зусім змарнела, бо не адчувае пульсу літаратурнага жыцьця. А не адчувае таму, што з палітычных прычын ня можа друкаваць здольных аўтараў…

Зрэшты, страт столькі, што іх і за гадзіну не пералічыш. І таму я лепей падсумую ўсё, што адбылося. Адным словам – контррэфармацыя. Усё жывое, творчае, плённае апынулася на маргінэзе. Баль цяпер правіць шэрасьць, паныласьць, няздарнасьць”.

Тыя, хто аказаўся цяпер у фаворы ўлады, – лічыць спадар Акудовіч – з прычыны сваёй бездапаможнасьці ня могуць стварыць нічога вартага. Таму яны імкнуцца адштурхнуць як мага далей у цень таленавітых творцаў. З гэтай прычыны былі фактычна разбураны літаратурныя часопісы й выдавецтвы, зьняты з экспазыцый працы многіх мастакоў, забаронены канцэрты папулярных музыкаў. І зусім невыпадкова ўзьнік творча-інтэлектуальны рух, які аб’ядноўвае жывапісцаў, скульптараў, пісьменьнікаў, музыкаў, філёзафаў пад знакавым для Беларусі назовам – “Партызан” – і ў якім самы чынны ўдзел бярэ й наш суразмоўца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG