Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вільні адбыўся пікет з нагоды 10 гадавіны кіраваньня Лукашэнкі


Тацяна Поклад, Вільня Пікет з нагоды дзесятай гадавіны прэзыдэнцтва Лукашэнкі адбыўся у Вільні перад будынкам амбасады Рэспублікі Беларусь, што на вуліцы Міндоўга.

Пікетоўшчыкі трымалі двухмоўныя – па беларуску і па літоўску, – плякаты з надпісамі: “Дзесяць гадоў ганьбы!”, “Дзесяць гадоў зьдзекаў зь беларускай культурай!”, а таксама плякаты-звароты: “Лукашэнка! Спыні барацьбу з роднай мовай!” і плякат з гадзіньнікам і кароткім заклікам “Досыць!”

Акцыю ладзіла Таварыства Беларускай культуры у Літве.

Старшыня Таварыства Хведар Нюнька мяркуе, што вельмі важна паказаць, што беларусы Віленшчыны, Літвы разумеюць антыканстытуцыйную сутнасьць цяперашняга рэжыму ў Беларусі.

(Нюнька: ) “Фактычна, гэта антыбеларускі прэзыдэнт, які зьнішчае ўсё беларускае. Беларусь не далучылася да аб’яднанай Эўропы, хаця першапачаткова яна мела шанцы гэткія ж, як і Балтыйскія краіны. І калі б ня гэты рэжым… калі б гэта быў нармальны дэмакратычны ўрад, то, безумоўна, сёньня ня было б праблемы (з далучэньнем да Эўразьвязу і з перасячэньнем беларуска-літоўскай мяжы). Што ўжо казаць пра парушэньні элемэнтарных правоў чалавека, што адбываецца ў Беларусі на кожным кроку. Мы лічым, што гэта – акупацыйны рэжым, і тыя, хто яго падтрымліваюць ёсьць калябарантамі”.

У сваіх прамовах пікетоўшчыкі выказвалі салідарнасьць з усімі, хто пратэстуе сёньня супроць лукашэнкаўскага рэжыму, спадзевы на дэмакратычныя зьмены ў Беларусі.

(Спадарыня: ) “Мы пратэстуем супраць кіраваньня гэтак званага беларускага прэзыдэнта. Ён зьбіраецца на яшчэ адзін тэрмін, – вядома ж, прагрэсіўная грамадзкасьць ва ўсіх краінах ладзіць пікеты з пратэстамі супраць яго кіраваньня”.

(Спадар: ) “Трэба верыць, што моладзь падрастае, іншая моладзь, – і гэта галоўнае. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG