Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці зьяўляюцца набыткам культуры мастацкія творы пра Лукашэнку кшталту верша Славаміра Адамовіча і ананімнай паэмы “Лука Мудзішчаў”?


Галіна Абакунчык, Менск Падчас 10-гадовага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі зьявіўся шэраг мастацкіх твораў папулярных і невядомых аўтараў, прысьвечаных жыцьцю й дзейнасьці першага прэзыдэнта краіны.

Найбольш вядомыя мастацкія ілюстрацыі прэзыдэнцтва Лукашэнкі – гэта вершаваная паэма невядомага аўтара “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт” і верш Славаміра Адамовіча “Забі прэзыдэнта”, спэктакль тэатру “Вольная сцэна” “Прынц Мамабук” і музычная кінастужка “Стоп-Лука-фільм”, інсталяцыі мастакоў суполкі “Пагоня” й песьня барда Віктара Шалкевіча “Таварыш Сапега”. Экспэрты, крытыкі й нават самі аўтары ня лічаць іх высокамастацкімі работамі. Аднак факт зьяўленьня такіх прысьвячэньняў яны называюць станоўчай зьявай у жыцьці грамадзтва.

Вядомы журналіст Павал Шарамет, які таксама ёсьць аўтарам дакумэнтальнага фільму “Дзікае паляваньне” й кнігі “Выпадковы прэзыдэнт”, усе гэтыя творы называе, аднак, адмоўным, а не станоўчым фактам у гісторыі нацыянальнай культуры. І вось чаму.

(Шарамет: ) “Тое, што зьяўляюцца такія кнігі, фільмы, – добра. Але калі б не было гэтай улады, калі б не было Лукашэнкі, – было б у некалькі разоў больш яркіх мастацкіх твораў. Бо ўвесь час людзі трацяць на тое, каб захаваць сябе ў прафэсіі, каб адбіцца ад ціску ўладаў, каб захаваць сваё жыцьцё: вельмі ж небясьпечна працаваць у Беларусі. Лукашэнка адабраў у беларусаў шанец зрабіць сапраўдную нацыянальную культуру на тым эмацыйным і палітычным уздыме, калі Беларусь набыла Незалежнасьць”.

Меркаваньні спадара Шарамета пра невысокую мастацкую вартасьць твораў, прысьвечаных Лукашэнку, падзяляе таксама суаўтар кінастужкі “Страх” і “Звычайны прэзыдэнт” Леанід Міндлін. Паводле яго, надзённыя творы мастацтва галоўным чынам мусяць інфармаваць шырокую грамадзкасьць пра сутнасьць падзеяў. Зрэшты, аўтары адпачатна былі перакананы, што ў сёньняшняй Беларусі гэта немагчыма. Гаворыць Леанід Міндлін.

(Міндлін: ) “Мы ведалі, што гэтага фільму ня ўбачаць мільёны. Але – хаця б сотні тысяч. У нас была свая грамадзянская пазыцыя, і мы не маглі гэтага не зрабіць, не сказаць. Але застануцца і кнігі, і фільмы – усё тое, што будзе зроблена, каб Беларусь жыла лепш. Жыве Беларусь!”

Яшчэ адзін выбітны творца – мастак і пэрформэр Алесь Пушкін, які колісь прывёз вазок гною падарункам прэзыдэнту, а таксама намаляваў Лукашэнку на “Страшным судзе”, – кажа, што гэткае мастацтва мае ўсё ж станоўчае значэньне.

(Пушкін: ) “Народ перавёў свой пратэст у мастацкую плоскасьць – вельмі цывілізавана супраціўляецца дыктатуры. Я рэкамэндаваў бы зрабіць мастацкую кнігу, у прадмове якое было б напісана: “Сябры, мы ня вельмі ганарымся гэтымі творамі, яны напісаны ляпідарна, яны напісаны “на скорую руку”, але мы па-свойму пратэставалі”. І трэба было б зьмясьціць мастацкія творы побач з дакумэнтальнымі (фота, да прыкладу): зьбітыя акрываўленыя людзі; зьніклыя асобы; дужыя амонаўцы зьбіваюць жанчын. На тле пратэсту мастацкага – вось яна, арытмэтыка дыктатуры. Вось гэты летапіс беларускага мастацкага супраціву будзе выгодна, вельмі выгодна адрозьнівацца”.
XS
SM
MD
LG