Лінкі ўнівэрсальнага доступу

23 ліпеня выходным днём Шклоўшчына адзначыць два юбілеі – 10-годзьдзе прэзыдэнцтва Лукашэнкі й 80-годзьдзе Шклоўскага раёну


Ігар Карней, Менск Дзесяць гадоў таму, неўзабаве пасьля перамогі Аляксандра Лукашэнкі, я – журналіст штотыднёвіка “Свободные новости” – наведаў радзіму першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь – вёску Александрыя. У выніку зьявіўся артыкул “Дом, дзе вырас прэзыдэнт”. Цяпер перачытваю сваю публікацыю дзесяцігадовай даўніны.

Ехалі мы з фотакарэспандэнтам Генадзем Лахтанавым у Александрыю дзеля таго, каб сустрэцца з маці абранага прэзыдэнта. Употай спадзяваліся на гасьціннасьць. Але Кацярына Трафімаўна замест размовы заняла абарону, закідаўшы нас зямлёй з камянямі. І мы адступіліся. Іншыя сваякі й суседзі Лукашэнкаў былі, дарэчы, больш добразычлівымі: яны ахвотна расказалі пра юнацкія гады кіраўніка дзяржавы й пра ягоную маці.

Кацярына Трафімаўна, жанчына з моцным характарам, але ня надта кампанейская, ніколі не прасіла дапамогі, і ўсё рабіла па гаспадарцы сама: лёгка накідала воз гною, секла дровы, адна высаджвала па 20 мяхоў бульбы. Ядзьвіга Рыбакова, ейная суседка, згадала, як некалі, на пачатку 50-х, паехала Кацярына шукаць працу ў Воршу. А гады праз тры вярнулася ў вёску з двохгадовым Сашам. Прозьвішча яму дала сваё. Рыбакова потым працавала з Кацярынай Трафімаўнай на фэрме. Там жа каля маці гуляўся й Саша. Рыбакова памятае, як ён часта залятаў у стойла й крычаў маці: “Ты, пэўна, мяне чакала, калі ня ўсіх кароў падаіла”. Затым кідаўся пад карову й даіў.

Вяскоўцы казалі мне, што сяброў у Лукашэнкі было няшмат: дзеці чамусьці крыўдзілі яго. Рыбакова спамінае, як аднойчы, калі ён араў гарод, прыйшлі старэйшыя хлопцы й адабралі каня. Тады ён нэрвова пачаў крычаць: “Вось вырасту, я вам адпомшчу”. Цётка Лукашэнкі, Ганна Трафімаўна, прыгадвае, што ў дзяцінстве пляменьнік марыў толькі пра адно – стаць трактарыстам. Але бабуля ўвесь час яму казала: “Вучыся лепей, а то й трактарыстам ня станеш; пойдзеш кароў пасьвіць, а палічыць ня здолееш”. Больш позьняя мара Сашы Лукашэнкі – стаць музыкам. І ён замовіў маці гармонік. А ўжо ў падлеткавым узросьце захапіўся паляваньнем.

На ўчарашняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка раптам згадаў сваё дзяцінства й сказаў, што хоць ён нарадзіўся й пражыў тры гады ў горадзе, затое потым пераехаў жыць у вёску, і таму добра яе ведае. Вось толькі які горад меўся на ўвазе – Ворша, або суседняе з Александрыяй мястэчка Копысь? Цяпер Копысь у экскурсійным маршруце пазначаны як “прэзыдэнцкая мясьціна”. Адзін з будаўнікоў, які якраз і надаваў мястэчку выгляд турыстычнага цэнтру, зьдзіўляецца:

(Будаўнік: ) “Лукашэнка ўжо стаў гарадзкім? Ён жа з Александрыі – ведаеце піва “Александрыя”? Вось, і ён з Александрыі. А Копысь – гэта найбліжшае да вёскі мястэчка. І, я так разумею, ён там вучыўся, бо школы ў Александрыі не было. Александрыя праз Дняпро зьвязана з Копысем пантонным мостам. І цяпер Копысь адбудавалі вельмі добра”.

Дзеля турыстычнага маршруту па прэзыдэнцкіх мясьцінах у вёсках і мястэчках падфарбавалі дамы, нагарадзілі платоў, заасфальтавалі вуліцы. Але ўклад жыцьця застаўся бязь зьменаў. Былыя суседзі Лукашэнкі пастарэлі, яны па-ранейшаму корпаюцца ў гародах, жывуць ад пэнсіі да пэнсіі. Некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка перавёз маці ў Менск, а збудаваны ў Александрыі яшчэ ў 1994-м адмыслова для яе дом перайшоў калгасу. Зрэшты, суседзі сьведчаць, што таго дому яна й не любіла – занадта ён быў вялікім пасьля занядбанай халупы.

У Менск маці Лукашэнкі таксама не хацела ехаць: на Шклоўшчыне засталіся брат і сястра, нявестка. Дарэчы, дзядзька Лукашэнкі, Хведар Трафімавіч, – асоба ў вёсцы ня менш легендарная за самога прэзыдэнта. Маючы адметныя фізычныя дадзеныя (як кажуць у Александрыі, гэта такая “лукашэнкава парода”), Хведар Трафімавіч і цяпер можа закласьці за каўнер, а пасьля заваліцца абы-дзе. Аднойчы яго ў такім стане пераехаў калгасны трактар. Іншаму ўжо капалі б магілу, а ён толькі ўстаў ды гаркнуў: “Во, б…, аж забалела!” Сямейнае падабенства ў характарах падкрэсьліваюць амаль усе аднавяскоўцы Лукашэнкаў. Калі я запытаўся ў Ядзьвігі Рыбаковай, ці вельмі падобны сын і маці, яна адказала: рукі да сэрца прыціскаюць зусім аднолькава.

Жыцьцёвыя шляхі Лукашэнкі й аднаго ягонага суседа – цяпер пэнсіянэра Мікалая Сматрыцкага – перакрыжоўваліся неаднойчы. Мікалай Сматрыцкі любіць прыгадаць, як ён – старшыня калгасу – даставаў цэмэнт праз намесьніка начальніка турмы ў камэрцыйных пытаньнях Лукашэнку. Спадар Сматрыцкі кажа, што ў Лукашэнкі заўсёды былі лідэрскія якасьці, а ўменьне кантактаваць зь людзьмі ўзьняло яго так высока.

Ставяцца звычайныя людзі на Шклоўшчыне да Лукашэнкі па-рознаму. А вось улады 23 ліпеня, пятніцу, па ўсім раёне абвесьцілі выходным днём: з нагоды 10-гадовага юбілею прэзыдэнцтва земляка й 80-годзьдзя ўтварэньня ўласна Шклоўскага раёну. Чакаецца прыезд і самога Аляксандра Лукашэнкі – паведаміў мне шклоўскі журналіст Аляксандар Шчарбак.

(Шчарбак: ) “Ува ўсялякім разе, ідзе сур’ёзная падрыхтоўка – вуліцы мятуць бясконца. Думаю, сам ён абавязкова зьявіцца: яму патрэбен рэфэрэндум, яму трэба “празьвінець”. Зьявіцца, будзе хадзіць па горадзе, сьвіта яго будзе акружаць”.

Апошнім часам Лукашэнка ня часты госьць на Шклоўшчыне. Нязважна на тое, што там дагэтуль жыве й працуе ягоная жонка Галіна Радзівонаўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG