Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Палітыка Лукашэнкі скрала ў краіны ня 10 гадоў – дзесяцігодзьдзі…”


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка – 111”. Лісты слухачоў чытае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

Споўнілася 10 гадоў, як Аляксандар Лукашэнка заняў пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Хтосьці скажа, што 10 гадоў для гісторыі – імгненьне. А калі гэта 10 гадоў з жыцьця тваёй краіны? А калі гэта 10 гадоў твайго ўласнага жыцьця? Жыцьця тваіх родных, сяброў, знаёмых? Калі ў аднаго са знаёмых пасьля рэфэрэндуму 1995 году ня вытрымала сэрца, а другі знаёмы – чалавек, вядомы ўсёй краіне, пайшоў з прыязьнікам у лазьню… – і дагэтуль яны не вярнуліся. Хоць прамінуў ужо не адзін год…

Часам і дзень здаецца вечнасьцю, а тут гаворка пра цэлае дзесяцігодзьдзе… Якім было яно для краіны? – гэтымі днямі разважаюць палітолягі, эканамісты, культуролягі. Не абмінулі згаданае даты й аўтары лістоў на Свабоду.

Трэба сказаць, што нам нярэдка пішуць і зацятыя прыхільнікі Аляксандра Рыгоравіча. Але чамусьці ніхто зь іх ня выкарыстаў нагоды дзеля віншаваньня, або дзеля спробы пераканаць апанэнтаў, што 10 гадоў, пражытых краінаю пад кіраўніцтвам Лукашэнкі, сталіся для Беларусі пэрыядам уражвальных дасягненьняў. Хіба што берасьцеец Віктар Новік запозьнена пратэстуе супраць Пастановы Рады міністраў Эўразьвязу не выдаваць беларускаму кіраўніку візаў на ўезд у свае краіны. Да віншаваньня гэты ліст яўна не дацягвае. Пагатоў, сп. Новік нічым свайго пратэсту не аргумэнтуе.

Іншыя слухачы Свабоды таксама ня схільны да віншаваньняў, але зусім з іншых прычын.

“Усё ў Беларусі магло быць іначай, – піша сп. Семчанка з Глуску, – каб Лукашэнка павёў народ па эўрапейскім шляху, каб мацаваў дзяржаву, а не падважваў падмурак ейнае незалежнасьці. Прызнаюся, я галасаваў тады, у 1994 годзе, за Рыгоравіча. Думаў, што ў краіны мусіць быць моцны прэзыдэнт. Гэта, здавалася мне, непазьбежны этап будаўніцтва маладой дзяржавы, а ўсе размовы аб перавагах парлямэнцкай рэспублікі – лухта. Пра тое самае пісаў і не адзін дэмакратычны журналіст. І вось што атрымалася. Дабудаваліся…”

Шмат каго, сп. Семчанка, 10 гадоў таму публікацыі тых журналістаў насьцярожвалі. Пераўтварэньне краіны ў прэзыдэнцкую рэспубліку ў тым палітычным і эканамічным стане, ахапілым грамадзтва, хавала пад сабою вялікую рызыку. Палітычная культура насельніцтва абсалютна не гарантавала абраньня дэмакратычнага кандыдата. З другога боку, мэханізмы супрацьдзеяньня спробам узурпацыі ўлады толькі нараджаліся. Але гісторыя, як вядома, ня ведае ўмоўнага ладу. Будзьма зыходзіць з рэальнасьці.

“Палітыка Лукашэнкі скрала ў краіны ня 10 гадоў – дзесяцігодзьдзі, – працягвае сп. Семчанка. – Даразьвіваліся да таго, што амаль палова беларускіх прадпрыемстваў – стратныя. Я ўжо маўчу пра дэмакратычныя стандарты. А стан культуры! Закрываюцца беларускія школы. Тэлебачаньне, асабліва так званы “першы нацыянальны канал”, працуе на мове ўсходніх суседзяў. Не разумею, пры чым тут слова “нацыянальны”? Зноў жа, пасьля непрацяглага перапынку, з дня ў дзень чуем пра нейкую саюзную дзяржаву. Дзякуй Богу, у людзей вочы ўжо расплюшчваюцца. Днямі прачытаў у газэце “Салідарнасьць”, што аб’яднаньне ў адну дзяржаву з Расеяй падтрымлівае сёньня ўсяго 15,5% нашых грамадзян”.

Відавочна, не да ліку гэтых 15 з паловаю працэнтаў належыць і сп. Зіноўеў са Смаргоні. “Лукашэнка, – піша наш слухач, – любіць паўтараць, што рускі чалавек у Беларусі павінен адчуваць сябе лепей, чым у Расеі. Крыўдна й балюча чуць такое. Я ня супраць расіян. Але спачатку трэба зрабіць, каб самім беларусам ува ўласнай дзяржаве было ўтульна. Каб мы адчувалі тут сябе гаспадарамі, а ня нейкім электаратам або працоўнай масай. Хачу таксама ў правадыра інтэгратараў запытацца: а хто паклапоціцца, каб я, беларус, пачуваўся ў Расеі – не, ня лепей, чым рускі, – але хоць бы паўнапраўным чалавекам. Не пасьпееш выйсьці на Беларускім вакзале з цягніку, як міліцыянэр можа запатрабаваць пашпарт. І паспрабуй сказаць, што ты жывеш зь ім у адной саюзнай дзяржаве. У лепшым выпадку пасьмяецца, а ў горшым – давядзецца й зьдзекі перажыць. Я неяк дазваніўся беларускаму консулу ў Маскве. Той сказаў, што пасол Грыгор’еў дакладаў па гэтым пытаньні – самі здагадваецеся – каму. У выніку анічога не зьмянілася. Вось чаго вартая іхная інтэграцыя! Як хацелася б, каб восень 2004 году была апошняй восеньню хлусьні!”

Шэрагі людзей з такімі, як у сп. Зіноўева, спадзяваньнямі, відочна растуць. На маю думку, зьменаў у палітыцы, эканоміцы, культуры чакае большасьць нашых суайчыньнікаў. Але адна рэч – чаканьне, і зусім іншая – воля да пераменаў, асабісты ўдзел у набліжэньні іх. Формы такога ўдзелу могуць быць самыя розныя. Хтосьці гатовы да галадовак пратэсту, да масавых апазыцыйных акцый, а некаму трэба набрацца мужнасьці, каб ня выканаць загаду начальства й выпісаць не “Советскую Белоруссию” , а выдаткаваць тыя самыя ўласныя грошы на “Народную волю” або “Нашу ніву”. Галоўнае – зрабіць першы крок. І тады вы адчуеце, што не адны. А разам мы здольныя на многае. Адзін з апошніх красамоўных прыкладаў – дзейнасьць зачыненага ўладамі, але жывога й непераможанага Беларускага гуманітарнага ліцэю. Гэта таксама змаганьне за будучую Беларусь.

Сп. Зіноўеў зьвязвае свае спадзяваньні з восеньню гэтага году, на якую прызначаны выбары у Палату прадстаўнікоў. Сапраўды, выбарчая кампанія, як лічаць шмат якія нашыя слухачы, нават у цяперашніх умовах дае апазыцыі шанец калі не на перамогу, дык, прынамсі, на заваёву значнай колькасьці новых актыўных прыхільнікаў.

А вось мянчук Ян Грыб заглядае яшчэ далей – задумваецца ўжо цяпер пра выбары прэзыдэнцкія. Адным з годных кандыдатаў ён лічыць Пятра Краўчанку. Слухач нагадвае заслугі сп.Краўчанкі ва ўсталяваньні плённых кантактаў зусім яшчэ юнай Рэспублікі Беларусі з дэмакратычнымі краінамі сьвету, піша пра ягоную прынцыповую пазыцыю ў часе распачатай Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня працэдуры імпічмэнту прэзыдэнту.На пацьверджаньне свайго выбару Ян Грыб падае паўтара дзясятка дасьціпна сфармуляваных высноваў, якія цалкам маглі б стаць асноваю перадвыбарчай улёткі.

“А пакуль што, – завяршае допіс наш слухач, – трэба падтрымаць аб’яднаўчыя працэсы дэмакратычных сіл Беларусі й усяго сьвету, каб змусіць рэжым прывесьці Выбарчы кодэкс да эўрапейскіх стандартаў. Інакш любыя так званыя выбары, ініцыяваныя й кантраляваныя лукашыстамі, будуць заўсёды мець загадзя вызначаны вынік, які яны зноў назавуць “элегантнай перамогай”.

Пагаджаючыся з вамі, сп.Грыб, мне хацелася б толькі заўважыць, што на дэмакратычныя сілы “ўсяго сьвету” спадзявацца асабліва ня варта. У іх хапае клопатаў і бяз нас. На дзейсную падтрымку можна будзе разьлічваць адно тады, калі сваю моц прадэманструюць дэмакратычныя колы Беларусі. Параза, як вядома, заўсёды сірата, а ў перамогі – шмат бацькоў. Якраз таму, што міжнародныя структуры, як і людзі, схільны найперш дапамагаць не слабым, а больш моцным.

“Штатныя абаронцы Лукашэнкі, – разважае Пятро Ульяновіч зь Менску, – ставяць яму ў заслугу захаваньне ў Беларусі міжнацыянальнага міру. Але пры чым тут Рыгоравіч? Міжэтнічных канфліктаў у нас не было й у часы ВКЛ…”

З трапным назіраньнем слухача нельга не пагадзіцца. Сапраўды, гісторыя Беларусі сьведчыць пра нашыя шматвяковыя традыцыі талерантнасьці. Ратуючыся ад азіяцкіх парадкаў і жорсткага рэлігійнага перасьледу, у Беларусь, напрыклад, дзясяткамі тысяч перасяляліся й знаходзілі тут сваю другую радзіму расейскія стараверы. У беларускіх гарадох і мястэчках на адным пляцы здавён мірна стаялі побач і царква, і касьцёл, і сынагога, і мячэт. Таму ня менш сьмешнымі выглядаюць і спробы прыпісаць цяперашняй уладзе захаваньне міжканфэсійнага міру ў краіне.

А вось чаго ўлада дамаглася насамрэч, дык гэта – расколу грамадзтва. Сёньня існуюць, па сутнасьці, дзьве Беларусі. Кожная – са сваімі духоўнымі каштоўнасьцямі й уяўленьнямі пра будучыню краіны. У кожнай – свая мова, сымболіка, сваё бачаньне гісторыі й далейшага шляху. Між тым, пэрспэктыву нацыі й дзяржаве пакідае тая беларуская Беларусь, якая павольна, але няўхільна ўмацоўвае свае пазыцыі. Пра гэта сьведчыць і слухацкая пошта Свабоды.

Дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць нам. Чакаем новых лістоў.
XS
SM
MD
LG