Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычына начных пажараў на Гомельшчыне ня выяўленая


Казімір Яноўскі, Гомель Апошнім часам у вёсцы Бацьвінава Чачэрскага раёну даволі часта ўзьнікаюць начныя пажары. Некаторыя людзі сьпяць літаральна на чамаданах, баючыся чарговага начнога здарэньня.

Жыхары Бацьвінава перакананыя, што ў вёсцы ці недзе побач сапраўды завёўся зламысьнік – магчыма, нават і не адзін. Ён і ўчыняе падпалы. Прычым, заўважана пэўная заканамернасьць: падпалы ўчыняюцца звычайна з надыходам сенакоснай пары, калі рупныя гаспадары запаўняюць гумны і хляўчукі сенам.

Распавядае жыхар вёскі Бацьвінава Аляксандр Шапяленка, чый вялікі хлеў з ладным запасам сена згарэў ноччу адным з апошніх:

(Шапяленка: ) “Гэта адзінаццаты пажар з кастрычніка месяца. У мяне гэта адзінаццаты пажар. Як пачынаецца сенаўборка, так і пачынаюцца падпалы. І на чамаданах сьпяць, і дзяжураць – як хто”.

На жаль, гараць ня толькі хляўчукі. Агонь часам дабіраецца і да хатаў, асабліва, калі яны стаяць побач. Да прыкладу, у Надзеі Кротавай начны пажар зьнішчыў і хату.

Пра матывы падпалаў ніхто дакладна ня ведае. Людзі кажуць нават пра магчымае псыхічнае адхіленьне ў здароўі падпальшчыка.

Старэйшыя вяскоўцы прыгадваюць, што ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя нешта падобнае здаралася ў недалёкай вёсцы Шырокая. Там ўсё супакоілася, калі ня стала двух жыхароў, якія былі на падазрэньні.

У Чачэрскім атрадзе надзвычайных сытуацыяў распавялі, што ў Бацьвінаве дакладна ўдалося ўстанавіць прычыну толькі аднаго пажару – неасьцярожнасьць.

Выратавальнікі таксама заўважылі пэўную пэрыядычнасьць начных пажараў. Распавядае намесьнік начальніка атраду надзвычайных сытуацыяў з Чачэрску Сяргей Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Пэрыядамі. Ёсьць два-тры пажары, а потым – ціха. Месяцы два-тры ціха, а потым зноў можна чакаць бяды”.

Я цікавіўся ў жыхароў Бацьвінава, як рэагуе на гэта міліцыя. Вось што адказаў ужо знаёмы нам Аляксандр Шапяленка:

(Шапяленка: ) “Абсалютна нічога не ўстанавілі. У нас у Бацьвінава – чорт яго ведае… Во парсюка выцягнулі кілаграмаў на 120. Месяц таму цяля забралі ў суседа. Прыехала міліцыя, пахадзіла. На гэтым усё і скончылася”.
XS
SM
MD
LG