Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: Лукашэнка не ўяўляе сябе ў іншай ролі, акрамя прэзыдэнцкай


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія мэдыі паведамляюць пра ўчорашнюю прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. “Бог любіць тройцу”, “Лукашэнка кіруе ўжо 10 гадоў” – такія загалоўкі маюць артыкулы ў польскіх газэтах і на інтэрнэт-парталах.

Найвялікшы польскі штодзёньнік “Gazeta Wyborcza” піша, што “Аляксандар Лукашэнка будзе балятавацца на трэці тэрмін, калі дазволіць народ. Але, паводле ягоных словаў, народ ня мае падставаў, каб “не дазволіць чалавеку, які ўсё жыцьцё прысьвяціў народу, браць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах”, адзначае “Wyborcza”.

Далей газэта піша, што сам Лукашэнка не ўяўляе сябе ў іншай ролі, акрамя прэзыдэнцкай. Далей “Wyborcza” піша пра гісторыю знаходжаньня цяперашняга беларускага кіраўніка пры ўладзе ды адзначае, што прэзыдэнт, паводле беларускай канстытуцыі, павінен сыходзіць пасьля сканчэньня другога тэрміну.

“Калі Лукашэнка застанецца на трэці тэрмін, то будзе кіраваць Беларусьсю амаль столькі ж, колькі Брэжнеў кіраваў Савецкім Саюзам”, падсумоўвае “Gazeta Wyborcza”.

Прыкладна гэтаксама пра прэсавую канфэрэнцыю беларускага кіраўніка распавядаюць і буйнейшыя польскія прэсавыя агенцтвы і інтэрнэт-парталы, такія як, РАР, onet.pl, ці wirtualna Polska.

Між тым газэта “Słowo Podlasia” пад загалоўкам “Лукашэнка дабівае падляскі гандаль” зьмяшчае вялікі матэрыял на іншую тэму, а менавіта – пра новыя правілы ўвозу тавараў з Польшчы ў Беларусь.

У артыкуле гаворыцца, што мытныя правілы, паводле якіх за ўвоз у Беларусь бытавой тэхнікі, будматар’ялаў ці іншых тавараў трэба плаціць мыту ў памеры ад 30 да нават 100% вартасьці тавару – незразумелыя і невыгодныя ані беларусам, ані палякам, бо ў выніку губляюць і тыя, і другія.

“Słowo Podlasia” адзначае, што польскі бок дагэтуль ня быў афіцыйна паінфармаваны пра новаўвядзеньні на беларускай мытні.

“Мы маем намер напісаць беларусам ліст з просьбай патлумачыць новыя правілы ды адказаць, чаму нас пра іх ніхто не паінфармаваў”, паведаміў газэце прадстаўнік польскага міністэрства фінансаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG