Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікам акцыі на плошчы Бангалёр засьпяваюць “Крыві” і “Нэйра-Дзюбель”


Ігар Карней, Менск Адразу ж пасьля шэсьця ў парку “Дружбы народаў” адбудзецца канцэрт папулярных беларускіх рок-гуртоў. Што штурхае маладых людзей публічна выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю?

Плянуецца, што выступяць гурты “Крыві”, “Драм Экстазі”, Аляксандар Памідораў. Самай вялікай зоркай на канцэрце будзе Аляксандар Кулінковіч і ягоны гурт “Нэйра-Дзюбель”. А якія песьні прагучаць у іхным выкананьні, я запытаўся ў Аляксандра Кулінковіча.

(Кулінковіч: ) “Скрыпка дрыгвы”, “Паляўнічы і сайгак”, “Belarus uber alles” на беларускай мове, мы для новага альбома рыхтавалі. Некалькі рэчаў з новага альбому “Танкі” – шматзначнае слова”.

(Карней: ) “А што вас штурхае да такіх акцыяў? Не баіцеся нейкіх наступстваў?”

(Кулінковіч: ) “А чаго баяцца? Зрэшты, пра ўсё можна казаць высокімі словамі, але так гаварыць ня хочацца. Проста ёсьць грамадзянскай пазыцыя і ў мяне, і ў гурта, і кагосьці баяцца – сьмешна”.

Самай вялікай нечаканасьцю сёньняшняга канцэрту будзе адсутнасьць Лявона Вольскага і ягоных камандаў. Учора ўвечары я затэлефанаваў Лявону і запытаўся, у чым прычына, бо на афішах НРМ ёсьць. Вось што адказаў сам Вольскі:

(Вольскі: ) “На жаль, мы ня ўдзельнічаем у гэтай акцыі, хоць вельмі таго хацелі. Прычына палягае ў пэўных адміністрацыйных нестыкоўках: людзі, якія з нашага боку дамаўляліся, не знайшлі паразуменьня з тым бокам (хоць, натуральна, мы па адзін бок знаходзімся). Магчыма, каб гэтым займаўся я, было б па-іншаму. Безумоўна, мы выступілі б без усялякіх грошай. Тым ня меней, у афішах мы абвешчаныя, паўсюль ёсьць такая інфармацыя, так што нам не шкада, што людзі, якія прыйдуць на НРМ, атрымаюць інфармацыю і эмоцыі, якія патрэбныя, і бяз нашага ўдзелу”.

Зрэшты, у падобных імпрэзах наважваюцца ўдзельнічаць далёка ня ўсе беларускія гурты. Некаторыя, хоць і крытычна ставяцца да цяперашняй улады, хаваюць свае погляды за песенькамі пра каханьне. А вось Лявон Вольскі, хоць і ня будзе браць удзел у канцэрце, але ў дзень 10-годзьдзя кіраваньня Лукашэнкі сваю пазыцыю сваім прыхільнікам вырашыў нагадаць яшчэ раз праз наш эфір:

(Вольскі: ) “Хачу сказаць, што з гэтым трэба завязваць. Таму што гэта нерэальна так доўга бачыць ва ўладзе чалавека, у некаторых галінах абсалютна некампэтэнтнага, які вядзе дзяржаву ў нікуды. І я заклікаю ня проста прагрэсіўныя сілы, а ўсе сілы, якія здольныя штосьці разумець, якія незаангажаваныя кватэрамі, машынамі, правільна ацаніць сытуацыю, і калі трэба будзе зрабіць выбар, зрабіць яго, адзіна магчымы ў гэтай сытуацыі. Таму што яшчэ 10 гадоў… не хацелася б гэтага бачыць”.
XS
SM
MD
LG