Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фралоў напярэдадні акцыі 21 ліпеня: “Галоўнае для нас – колькі людзей зьбярэцца”


Любоў Лунёва, Менск Арганізатары маючай адбыцца сёньня апазыцыйнай акцыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам, запэўнілі супрацоўнікаў міліцыі, што асноўныя мерапрыемствы адбудуцца на плошчы Бангалёр. Менскія гарадзкія ўлады далі дазвол правесьці акцыю менавіта там. Нягледзячы на гэта, людзі будуць зьбірацца на плошчы Якуба Коласа. Тым часам, усе апошнія вулічныя акцыі апазыцыі мелі наступствамі затрыманьні, суды і пакараньні – штрафы і арышты. Выключэньнем былі толькі “жывыя ланцугі”. Ці абыдзецца гэтым разам без затрыманьняў?

Гэтым разам міліцыянты будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Амаль усіх супрацоўнікаў Савецкага РУУСу задзейнічаюць на акцыі, паколькі гэта іх тэрыторыя. Я зьвярнулася да намесьніка кіраўніка аддзела па масавых мерапрыемствах ГУУС Зьміцера Маскаліка. Ён паведаміў, што да яго прыходзіла адна з арганізатараў акцыі Ірына Красоўская і запэўніла: усе мерапрыемствы адбудуцца на плошчы Бангалёр.

(Маскалік: ) “Прыходзіла сюды Ірына Красоўская, размаўляла з намі і запэўніла, што ўсе пойдуць туды. А тым хто ня ведае… Там на плошчы Якуба Коласа будзе Фралоў, і ён будзе карэктаваць усе дзеяньні. Будзе казаць: “Мы ідзем у бок плошчы Бангалёр, у парк “Дружбы народаў.” І ўсіх будзе накіроўваць туды”.

Генэрал Валеры Фралоў пацьвердзіў, што ён будзе знаходзіцца на плошчы Якуба Коласа, куды прыйдуць людзі, і прапануе ім арганізавана прайсьці на плошчу Бангалёр, дзе адбудзецца канцэрт.

(Фралоў: ) “Усе зьбіраюцца на плошчы Якуба Коласа. Ёсьць такі палкоўнік Палудзень. Мы там зь ім зробім так, каб тыя людзі (а іх, мне здаецца, будзе вельмі шмат), з нашымі ахоўнікамі зробім так, каб былі добрыя ўмовы рухацца зь Якуба Коласа да плошчы Бангалёр… Арганізавана па праспэкце Скарыны, потым на Сурганава і на Бангалёр”.

Мы памятаем, як падчас акцыі Маладога Фронту: “Разьвітаньне з плошчай Бангалёр” усіх удзельнікаў затрымалі, непаўнагадовых адпусьцілі, а астатніх некалькі чалавек арыштавалі на 10 сутак. Прадстаўнікі “Народнай Грамады” выказваліся, што таксама болей туды не пойдуць. Што да меркаваньня Валерыя Фралова, які ўпершыню арганізоўвае акцыю, дык ён казаў, што для яго галоўнае – колькі людзей прыйдзе на плошчу: маўляў, гэта будзе галоўным паказчыкам неабыякавасьці народа да палітыкі дзяржавы.

(Фралоў: ) “Галоўнае для нас – паглядзець, што за людзі, якія працуюць з намі, колькі людзей зьбярэцца. А – дзе?! У кожнай краіне ёсьць 8-10% людзей, якія цікавяцца палітыкай. На мой погляд людзі мусяць займацца сям’ёй, дзецьмі, нехта маркі зьбіраць, нехта сабак на шпацыр выводзіць…Чакаць, каб усе кінуліся – трэба быць дурным. Калі для Беларусі 10% гэта 700 000. А, калі зьбярэцца тысячаў 100-150… Аляксандр Рыгоравіч казаў, што, калі выйдуць 120 тысячаў, то ён сыдзе ў адстаўку. Вось мы й паспрабуем зрабіць, каб ён сышоў”.

Палітыкі розных апазыцыйных партыяў схіляюцца да таго, што гэтым разам, хутчэй за ўсё, затрыманьняў не будзе. Асноўная прычына – выбарчая кампанія: уладам трэба прадэманстраваць цывілізацыйны падыход перад сусьветнай супольнасьцю.
XS
SM
MD
LG