Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леванеўскі даслаў ліст Лукашэнку, прэзыдэнт яго не прачытаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня 82 дні сядзіць за кратамі ў Горадні Валеры Леванеўскі – кіраўнік страйкаму прадпрымальнікаў краіны. Яго арыштавалі за распаўсюд першатравеньскай улёткі зь вершам, у якім сьледчыя ўбачылі публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Была распачатая крымінальная справа паводле часткі другой артыкулу 368 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачаных два – сам Леванеўскі і ягоны паплечнік Аляксандар Васільеў, зь якога ўзятая падпіска аб нявыезьдзе. Чацьвёра дзяцей Валерыя Леванеўскага ня бачылі бацьку зь 1 траўня, а жонцы Марыне ўчора дазволілі спаткацца з мужам ужо другім разам.

Спатканьне працягвалася дзьве гадзіны, побач зь Леванеўскімі ўвесь час знаходзіўся ахоўнік. Навіны ў Валерыя такія: ён хоча паўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Напісаў адпаведныя заявы мясцовай уладзе, у Цэнтрвыбаркам і свайму сьледчаму Альфрэду Танкевічу. Праўда, яму невядома, ці трапілі заявы адрасатам, бо трапляюць не заўсёды. Вось што гаворыць жонка Валерыя Леванеўскага Марына:

(Леванеўская: ) “Акрамя таго, ён напісаў ліст Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку з просьбай выказаць сваё асабістае меркаваньне з нагоды заключэньня яго пад варту і наконт верша. Але ліст без адказу вярнуўся назад, і сьледчым пракуратуры быў падшыты да справы”.

Напэўна, у прэзыдэнцкай адміністрацыі не палічылі вартым адказваць сп. Леванеўскаму, а пагатоў перадаваць ліст самому Лукашэнку – так мяркуе Марына Леванеўская.

Тым часам спадар Леванеўскі не прызнае, што ён абразіў прэзыдэнта Лукашэнку. Ён нават накіраваў заявы ў амэрыканскую, нямецкую, польскую ды іншыя амбасады. У заявах Валеры Леванеўскі напісаў, што яго, як невінаватага, незаконна трымаюць пад вартай з палітычных прычынаў. Дарэчы, у камэры напачатку былі два чалавекі, а сёньня, разам зь Леванеўскім, іх ужо чатыры.

(Леванеўская: ) “І ў адносінах яго ажыцьцяўляюць прэсінг: падсадзілі такога крымінальніка, дурненькага, які не дае спаць ні днём ні ноччу. Рохкае, мяўкае, драпае сьцены, плюецца ў ягоны бок. Гэта значыць, ён паводзіць сябе так, што правакуе на канфлікт. Але Валера не рэагуе, ён разумее, што гэта робіцца ўсё для таго, каб прымусіць яго даваць паказаньні супраць сябе. Калі сталі ўжо падсаджваць у камэру “казачкоў”, якія проста ціснуць на псыхіку, не даюць паспаць, гэта ўжо атрымліваецца як зьдзек”.

Валеры Леванеўскі прасіўся ў асобную камэру, але – марна. Дарэчы, сьледзтва працягнутае да 5 жніўня, а знаходжаньне самога Леванеўскага ў сьледчым ізалятары – да 15 жніўня. Але пакуль не падобна, што справу пасьля 5-га перададуць у суд. Хаця сьледчыя маюць досьвед: два гады таму за паклёп на прэзыдэнта засудзілі журналістаў Маркевіча і Мажэйку. Яшчэ раней была закрытая газэта “Пагоня”, якую рэдагаваў Мікола Маркевіч. Яму ўдалося зь цяжкасьцю наладзіць выпуск газэты “Дзень”, але ў зьвязку са справай Леванеўскага КГБ сканфіскавала ў рэдакцыі кампутары, і газэта сёньня не выходзіць.
XS
SM
MD
LG