Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераможцы конкурсу “Мая Свабода” – Валянцін Бойка з Мазыру


Валянціна Аксак, Менск Інтэрвію зь першым зь пяці прызёраў (паводле альфабэту) конкурсу “Мая Свабода” – нашага слухача з Мазыру Валянціна Бойкі.

Валянціну 19 гадоў, ён нарадзіўся ў сям’і савецкага вайскоўца, якая пасьля развалу СССР абрала Беларусь за месца сталага жыхарства. Сын этнічных украінцаў вывучае ў Мазырскім унівэрсытэце беларускую мову й лічыць яе для сябе пакуль адзінаю мажліваю тэрыторыяй вольнага духу.

(Карэспандэнтка: ) “Валянцін, вашае эсэ вельмі паэтычнае. Я нават назвала б яго вершам у прозе. Вы пішаце вершы?”

(Бойка: ) “Зрэдзьчас. Зазвычай я пішу ўсё-ткі лірычную прозу. Адзін мой верш стаў даволі вядомым у нашым унівэрсытэце. Таму што яго прынялі ў якасьці гімну філялягічнага факультэту. А што тычна іншых твораў, якія, так бы мовіць, выходзяць з-пад майго пяра, то я лічу, што яны пакуль маюць даволі аматарскі ўзровень. Спрабаваў дасылаць іх у розныя газэты, але яшчэ не атрымліваў ніякага адказу”.

(Карэспандэнтка: ) “Валянцін, з нашай гутаркі да гэтага інтэрвію стала вядома, што вы – сын этнічных украінцаў. І сам, значыць, – украінец. А як вы прыйшлі да беларушчыны?”

(Бойка: ) “Мой шлях да беларушчыны пачынаўся яшчэ ў клясе шостай ці сёмай. І адбываўся ў два этапы. Справа ў тым, што я вучыўся ў рускамоўнай школе. Аднак там выкладалі беларускую мову й літаратуру. І з гэтымі прадметамі ў мяне ўзьніклі сур’ёзныя праблемы. Але мае бацькі ня сталі пісаць заявы, каб мяне – як сына савецкага вайскоўца – вызвалілі ад вывучэньня беларускае мовы. Маці купіла мне два слоўнікі – руска-беларускі й беларуска-рускі – і параіла: “Валянцін, чытай болей кніг на беларускай мове”. Вучыўся я ў клясе, дзе бальшыня вучняў была дзецьмі савецкіх вайскоўцаў, і, канечне, ніякага беларускага духу там не было й блізка.

Другая хваля беларушчыны захліснула мяне, калі я ўжо быў у дзясятай клясе. Я пачаў цікавіцца грамадзкімі справамі, палітычным жыцьцём краіны. Але найбольш мяне падштурхнула да беларушчыны паездка ва Ўкраіну. На той час працэс украінізацыі ўжо разгарнуўся напоўніцу. Прыехаўшы ў той жа Кіеў, я ўбачыў, што паўсюль шыльды, абвесткі па-ўкраінску, і нават людзі размаўляюць па-ўкраінску даволі часта. Канечне, у мяне ўзьнікла заканамернае пытаньне: а чаму ж у нас не адбываецца гэткіх працэсаў? Чаму мы жывём, як нейкая расейская правінцыя? І я спакваля стаў цікавіцца беларускай літаратурай, захапіўся чытаньнем беларускіх вершаў Купалы, Коласа, вельмі палюбіў прозу Караткевіча”.

(Карэспандэнтка: ) “Адчуваецца, што вы – вельмі моцны духам чалавек, зь вельмі моцным пачуцьцём унутранай свабоды. А што, па-вашаму, трэба, каб гэтае пачуцьцё ўнутранай свабоды супала з пачуцьцём грамадзянкай свабоды, з пачуцьцём свабоды краіны?”

(Бойка: ) “Ведаеце, адзін францускі філёзаф – калі не памыляюся, гэта быў Жан Поль Сартр, – трапіўшы ў нямецкі палон, сказаў, што ніколі не пачуваў сябе такім свабодным, як там, у палоне. Таму што яму там дазвалялася пісаць, працаваць, гуляць, яго кармілі, давалі ложак на начлег… Але я лічу, што нельга суцяшаць сябе такімі філязофскімі катэгорыямі. Трэба ўсё-ткі актыўна адстойваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Гэта значыць – неабавязкова лезьці на барыкады. Грамадзянская пазыцыя, цьвёрдасьць, прынцыповасьць праяўляюцца нават у побытавых рэчах. І для мяне пакуль што ці не адзіная мажлівасьць рэалізацыі памкненьняў да свабоды – гэта беларуская мова. Калі зьвяртаесься да чалавека па-беларуску, то ўжо ў нейкай меры разьнявольваесься, нават пабачыўшы ягоныя зьдзіўленыя вочы. І многія людзі мне нават зайздросьцяць з гэтай нагоды, што вось – малайчына, умее па-беларуску, а я, маўляў, не магу… І ведаеце, гэта радуе, калі ў аўтобусе размаўляеш на сваёй мове – а гэтая мова ўжо стала маёй… І мне нават людзі дзякуюць за беларушчыну. Гэта вельмі прыемна”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ўяўляеце сваю будучыню?”

(Бойка: ) “Традыцыйна, калі мы адзначаем нейкія істотныя даты ў кампаніі сяброў, мы прамаўляем такую застольніцу: “За нашую сьветлую будучыню, якой бы цёмнай яна ні была!” Але я спадзяюся, што нашая будучыня, будучыня беларускай моладзі, будзе сьветлаю. Сьветлаю, эўрапейскаю, дэмакратычнаю й, безумоўна, – беларускаю”.
XS
SM
MD
LG