Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне адбываюцца ўрачыстасьці з нагоды 60-й гадавіны замаху на Адольфа Гітлера


Ганна Соусь, Прага Сёньня ў Нямеччыне адбываюцца ўрачыстасьці з нагоды 60-й гадавіны замаху на Адольфа Гітлера. Канцлер Герхард Шрэдэр і прэзыдэнт Нямеччыны Горст Келер ускладуць вянкі ў Бэрліне на тым месцы, дзе праз некалькі гадзін пасьля няўдалага нападу быў забіты ініцыятар замаху Клаўс фон Штаўфэнбэрг.

20 ліпеня 1944 году 37-гадовы палкоўнік Клаўс фон Штаўфэнбэрг падклаў партфэль з бомбай пад сталом у Гітлера. Бомба выбухнула побач з Гітлерам і забіла чатырох чалавек, аднак сам фюрэр амаль не пацярпеў.

У тую ж ноч чатыры галоўныя ўдзельнікі замаху былі расстраляныя. У наступныя месяцы нацысты пакаралі сьмерцю сотні чалавек, падазраваных ва ўдзеле ў змове.

“Сям’я графа Штаўфэнбэрга зьнікне да апошняга чалавека”, – заявіў тады Гімлер, у выніку цяжарная жонка і дзеці графа трапілі ў канцлягеры. Але ўсё ж ягоны род перажыў нацысцкіх лідэраў. Жонка графа Ніна фон Штаўфэнбэрг жыве ў баварскім Бамбэргу, і ў яе ўжо сямёра праўнукаў.

Да 60-й гадавіны замаху на Гітлера ў Нямеччыне зьнятыя фільмы, выдадзеныя кнігі, адкрытыя выставы. Гэтымі днямі Мэмарыяльны цэнтар нямецкага супраціву наведваюць тысячы людзей. Выпушчаны сёлета тэлесэрыял “Штаўфэнбэрг” пра гісторыю замаху на Гітлера паглядзелі ўжо амаль 25 адсоткаў нямецкіх гледачоў.

“Немцы ня могуць вечна адчуваць толькі адну віну – гэта немагчыма”, – кажа вядомы нямецкі журналіст Хенрык Бродэр. – “Адразу пасьля вайны ў нас было пачуцьцё абсалютнай невінаватасьці, а потым абсалютнай віны. Але цяпер надышоў час нечага іншага – абсалютна натуральна акцэнтаваць увагу на станоўчым,” – адзначае Хенрык Бродэр.

Цяпер Клаўса фон Штаўфэнбэрга афіцыйна прызналі героем супраціву. Вядомы нямецкі гісторык Экгард Клаўзэ лічыць, што гэткае адкрытае ў бурнае захапленьне героямі антыгітлераўскага руху ёсьць новай зьявай у Нямеччыне, гэтак жа як і ідэя пра тое, што параза Нямеччыны ў вайне павінна ўспрымацца як вызваленьне немцаў і ўсёй Эўропы.

Аднак страх перад жахлівымі падзеямі 20-га стагодзьдзя, які ўсё яшчэ адчувае Нямеччына, аказвае вялікі ўплыў на грамадзкае жыцьцё краіны. Ва многіх краінах Эўразьвязу многія жыцьцёва важныя пытаньні вырашаюцца праз усенародныя рэфэрэндумы, аднак ў Нямеччыне гэтая працэдура забароненая, паколькі яе актыўна выкарыстоўвалі нацысты.

(Пры падрыхтоўцы матэрыялу выкарыстоўвалася інфармацыя з сайту BBC russian.com)

***

Нагадаем, што ў сваім інтэрвію ад 23 лістапада 1995 года нямецкай газэце “Handelsblatt” прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сказаў пра Адольфа Гітлера: “…нямецкі парадак фармаваўся стагодзьдзямі. Пры Гітлеры гэтае фармаваньне дасягнула найвышэйшага пункту. Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменьню прэзыдэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзыдэнта”.
XS
SM
MD
LG