Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне Свабоды: ці магчымыя ў Беларусі дэмакратычныя прэзыдэнцкія выбары?


Галіна Абакунчык, Менск У часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў: каб прэзыдэнцкія выбары адбываліся сёньня, ён бы перамог наноў абсалютна дэмакратычным шляхам. Кіраўнік Беларусі ня выключыў і магчымасьці свайго вылучэньня на трэйці прэзыдэнцкі тэрмін. Што думаюць пра гэтыя заявы грамадзяне краіны?

Меркаваньні мінакоў на вуліцах гораду адносна магчымасьці дэмакратычнага пераабраньня Аляксандра Лукашэнкі падзяліліся. Але вельмі нязначна.

(Карэспандэнтка: ) “Ці магчымы сёньня дэмакратычныя выбары, у часе якіх прэзыдэнт атрымаў бы большасьць галасоў, і ці прагаласавалі б вы за цяперашняга прэзыдэнта ў выпадку ягонага пераабраньня на трэйці тэрмін?”

(Юнак: ) “Мне здаецца, што на сёньняшні дзень дэмакратычных выбараў у Беларусі ня можа быць, бо ў нас цяпер такая ўлада”.

(Спадарыня: ) “Менавіта сёньня? Ну, асабіста я не прагаласавала б. Цяжка казаць пра нейкія дэмакратычныя шляхі, але ў яго ўсе шанцы ёсьць застацца яшчэ. Я ня ведаю на які тэрмін, але вельмі надоўга”.(

(Юнак: ) “У дыктатарскіх краінах дэмакратычных выбараў не бывае”.

(Спадар: ) “Думаю, што прайшоў бы ізноў, яго выбралі б. Можа, крыху й менш было б галасоў, чым раней, але падтрымалі б усё роўна”.

(Юнак: ) “Калі б ён і мог перамагчы, то ён бы перамог “прыгожа й элегантна” – толькі так”.

(Дзяўчына: ) “Пакуль дэмакратычных выбараў ня можа быць. Веру, што народ Беларусі зможа выбіраць свой лёс і свайго прэзыдэнта справядліва, але цяпер такога быць ня можа. Па-першае, няма ўмоваў для арганізацыі такіх выбараў, а па-другое, сам народ баіцца рабіць гэты выбар. І нават няма цяпер кандыдатаў. А ў тых, якія ёсьць, – няма магчымасьці скласьці канкурэнцыю сёньняшняму прэзыдэнту”.

Гэтаксама па-рознаму меркавалі мае выпадковыя суразмоўцы пра магчымасьці выбараў Аляксандра Лукашэнкі на трэйці прэзыдэнцкі тэрмін.

(Карэспандэнтка: ) “Ці прагаласавалі б вы за сёньняшняга прэзыдэнта ў выпадку ягонага пераабраньня на трэйці тэрмін?”

(Юнак: ) “Я не пайшоў бы на гэткія выбары ўвогуле, бо не лічу, што гэтыя выбары былі б дэмакратычнымі й праўдзівымі для народу”.

(Спадарыня: ) “Думаю, што ён выберацца й на трэйці тэрмін. Я асабіста прагаласую, бо думаю, што ён па правільнаму шляху ідзе: падняў культуру, падняў вытворчасьць, эканоміка паднялася й усё кругом”.

(Спадар: ) “Да гэтага яшчэ далёка й я пра гэта яшчэ ня думаў”.

(Юнак: ) “Прагаласаваў бы, бо мне сваякі так кажуць: трэба”.

(Спадарыня: ) “Сто адсоткаў, што ня выбралі б. Па-першае, хлусьні вельмі шмат, заробак малы. Моладзі працаваць трэба – а дзе тая праца?”

(Юнак: ) “Я – беларускі нацыяналіст. А нацыяналісты за маскалёў, якім ёсьць Лукашэнка, не галасуюць”.

(Дзяўчына: ) “Я не галасавала б. Бо добра ведаю становішча ў нашай краіне, і ў мяне да яго няма даверу. Мне не падабаецца ідэалёгія, некаторыя напрамкі ўнутранай і зьнешнеэканамічнай палітыкі не падабаюцца – таму й не галасавала б”.

(Юнак: ) “Я не галасаваў бы, бо мяне не задавальняюць адносіны цяперашняга прэзыдэнта да простых прадпрымальнікаў, да краін Захаду, не задавальняе сацыяльная, унутраная й зьнешняя палітыка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG