Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарункі на 10-годзьдзе: Зінаіда Бандарэнка падарыла б Аляксандру Лукашэнку Біблію, а Дабравольскі – квіток да Шклова


Ігар Карней, Менск На юбілеі традыцыйна прыносяць падарункі. Што ў дзень 10-годзьдзя знаходжаньня на вяршыні ўлады хацелі б падарыць Аляксандру Лукашэнку ягоныя прыхільнікі, былыя паплечнікі й апанэнты?

Апанэнты Аляксандра Лукашэнкі, зь якімі я размаўляў, найперш выказвалі сваю гатовасьць прафінансаваць яму падарожныя выдаткі на гістарычную радзіму. Адзін зь лідэраў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Аляксандар Дабравольскі, хоць зараз пабег бы ў чыгуначныя касы.

(Дабравольскі: ) “Я яму падарыў бы квіток на радзіму, у Шклоў. Гэты чалавек папросту ня справіўся з той адказнасьцю, якую на сябе ўзяў. За гэтыя 10 гадоў нічога не адбылося. Усе краіны пайшлі наперад, а мы тапталіся на месцы. І калі запытацца: а што стала лепей? – вельмі цяжка адказаць. Што было 10 год таму, што цяпер – тая ж самая безнадзейнасьць. Вось і ўсё. Якую стабільнасьць захаваў Лукашэнка? Стабільную безнадзейнасьць. Я не арыгінальны ў падарунку. Арыгінальныя цяпер тыя, хто падтрымлівае Лукашэнку ў такіх абставінах. А ўсе людзі хочуць аднаго й таго ж”.

Аляксандра Лукашэнку ў пэўным сэнсе можна назваць гадаванцам Васіля Лявонава – былога першага сакратара Магілёўскага абкаму партыі, а потым міністра сельскай гаспадаркі ўжо лукашэнкавага ўраду. Пазьней вучань выправіў свайго настаўніка за краты. І вось юбілейнае пажаданьне Васіля Савасьцянавіча.

(Лявонаў: ) “Я яму пажадаў бы больш не пакутаваць, а хутчэй пайсьці. А тым, хто прыйдзе на ягонае месца, – каб далі яму гарантыі свабоды, бясьпекі й утрыманьня за кошт дзяржавы. Бо колісь гэта быў выбар беларускага народу, першы дэмакратычны выбар, і гэта мы павінны паважаць. Мы выбралі Лукашэнку – ня мае значэньня, вы галасавалі, ці я. Беларусы абралі, наш выбар. Але наагул – гэта вельмі важнае пытаньне, якое мусяць вырашыць і апазыцыя, і ўлада, сказаўшы яму: “Аляксандар Рыгоравіч, ідзі! Не турбуйся, жыві, але не стварай перашкод”.

А воcь пажаданьне старшыні Канстытуцыйнага суду Белаурсі Рыгора Васілевіча.

(Васілевіч: ) “Я думаю, – каб ён рэалізаваў тыя пляны, якія акрэсьлены, і дзейнічаць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. І вы, мабыць, будзеце згодны, што трэба аддаць належнае розуму й кругагляду прэзыдэнта”.

Самых арыгінальных падарункаў, як заўсёды, можна чакаць ад жанчын. Тым больш, калі гэта тэлезорка Зінаіда Бандарэнка. “Спадарыня Зінаіда, што вы хацелі б сёньня падарыць Аляксандру Лукашэнку?” – пытаюся.

(Бандарэнка: ) “Каму? Лукашэнку? Што можна яму падарыць? Божа мой, Божа. Ведаеце, я яму, пэўна, падарыла б… Біблію. Можа яна яго, як кажуць, прызямліла б. Дый папросту – хай бы ён прачытаў яе, бо мне здаецца, ён наагул яе не чытаў. Ён увогуле робіць усё не па-чалавечы. Хай бы пачытаў усе дзесяць запаведзяў, задаў сабе пытаньні: адкуль мы, хто мы? Усе мы ў гэтым сьвеце часовыя”.

Бадай, самы радыкальны падарунак хацеў бы паднесьці Лукашэнку Андрэй Клімаў. Як ён выказаўся, – “даў бы таму па карку”. За што? – тлумачыць сам Клімаў.

(Клімаў: ) “За тое, што ён зрабіў з нашай краінай, пазбавіўшы яе такіх цудоўных шанцаў увайсьці ў Раду Эўропы, рэалізаваць свой патэнцыял, рэалізаваць сябе як саюзьніка такой найбуйной у эўразійскім рэгіёне краіны, як Расея. Атрымалі … на палачцы ў выглядзе ізаляцыі, коштаў прадуктаў харчаваньня – вышэйшых, дарэчы, чым ува Ўсходняй Эўропе, у выглядзе суцэльнага п’янства й дэградацыі грамадзтва, зьмяншэньні колькасьці насельніцтва. Зноў “засунуў” людзей у заражаныя чарнобыльскія раёны, хоць па краіне й гуляе рак. Народ пакутуе й вымірае ад жабрацтва й гультайства. Што яшчэ? … яму ў твар – вось што яшчэ засталося. Але гэта – не радыкальны падарунак. На 2006 год я яму падрыхтаваў сапраўды радыкальны падарунак”.

Самае ляканічнае з пажаданьняў выказаў былы кіраўнік Ураду ў першыя гады кіраваньня Лукашэнкі – Міхаіл Чыгір. Ён сказаў, што наагул штосьці жадаць Лукашэнку бессэнсоўна.

(Чыгір: ) “Я хацеў бы, каб ён стаў эўрапэйскага складу кіраўніком краіны. Гэта самае важнае, самае асноўнае. І паглядзець на суседзяў – я думаю, яны робяць усё нядрэнна”.

Віншаваць праз Радыё Свабода Аляксандра Лукашэнку адмовіўся толькі Сяргей Гайдукевіч. Лідэр беларускіх лібэрал-дэмакратаў сказаў, што абыдзецца й без пасярэднікаў, бо:

(Гайдукевіч: ) “У мяне ёсьць магчымасьць сустрэцца й сказаць. У мяне няма праблемы ў дзяржаве з кімсьці сустрэцца й штосьці сказаць. Не таму, што не паважаю Радыё Свабода… Папросту гэта рэчы індывідуальныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG