Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка заявіў пра магчымасьць свайго ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году праз папярэдні рэфэрэндум


Уладзімер Глод, Менск Нагадаю, што, згодна зь дзейнай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, адна й тая ж асоба можа абірацца прэзыдэнтам краіны ня больш, чым на два тэрміны. Між тым, Аляксандар Лукашэнка перамагаў ужо на выбарах двойчы – у 1994 і 2001 гадох.

Пра свой магчымы намер балятавацца й у 2006 годзе спадар Лукашэнка заявіў падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 20 ліпеня ў ягонай рэзыдэнцыі:

(Лукашэнка: ) "Гэта трэба яшчэ атрымаць дазвол людзей на права ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Ня трэба тут казаць пра трэйці тэрмін, палохаць людзей. Трэйці тэрмін у Лукашэнкі будзе толькі паводле Канстытуцыі й толькі тады, калі народ так вырашыць. Я ня буду "працісківаць" ніякіх тэрмінаў. Калі мне народ дазволіць удзельнічаць у 2006 годзе ў прэзыдэнцкіх выбарах, дык я буду ўдзельнічаць гэтаксама, як і ў папярэдніх выбарах, – нароўні з іншымі кандыдатамі. Калі народ дазволіць. Для таго, каб гэта зрабіць, патрэбен рэфэрэндум. І на гэтым рэфэрэндуме людзі павінны сказаць: так, Лукашэнка, мы табе дазваляем удзельнічаць у чарговых прэзыдэнцкіх выбарах".

Такім чынам, журналісцкае й грамадзкае зацікаўленьне тым, які шлях абярэ кіраўнік дзяржавы дзеля працягу сваіх паўнамоцтваў, – задаволена. Больш за тое, спадар Лукашэнка сказаў: тое-сёе ён і ягонае атачэньне наконт рэфэрэндуму ўжо цяпер прадумалі. Але асабліва гэтым пытаньнем пакуль не займаліся, бо, як сьцьвярджае кіраўнік краіны, аб''явіць рэфэрэндум – справа простая.

Прэсавая канфэрэнцыя, якую я ад самага пачатку да канца праслухаў у эфіры Беларускага дзяржаўнага радыё, праходзіла ў звыклай для такіх мерапрыемстваў форме. Чарговым разам на ёй было зусім мала журналістаў з дэмакратычных выданьняў. На гэта зьвяртае ўвагу ўдзельнік канфэрэнцыі Юрась Карманаў:

(Карманаў: ) "З кожным разам мы бачым, што на прэсавыя канфэрэнцыі гэткага кшталту запрашаецца ўсё менш і менш людзей, якія не працуюць у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі. Гэтым разам іх можна было літаральна пералічыць па пальцах: быў калега зь Бі-Бі-Сі, з Польскага тэлебачаньня й радыё, я прадстаўляў амэрыканскую агенцыю Асашэйтэд прэс... Можа, гэтым выклікана такая бурная рэакцыя Аляксандра Лукашэнкі на маё пытаньне?.."

На думку галоўнага рэдактара "Белорусской деловой газеты" Сьвятланы Калінкінай, прэсавая канфэрэнцыя яшчэ раз паказала, як улада маніпулюе журналістамі: незалежную прэсу чарговы раз прынізілі: не даслалі запрашэньняў шмат якім выданьням.

(Калінкіна: ) "Запрашэньня на прэсавую канфэрэнцыю мы не атрымлівалі..."

Я пацікавіўся ў спадарыні Калінкінай: якое пытаньне яна задала б Аляксандру Лукашэнку, каб патрапіла на гэтую сустрэчу? Адказ быў наступны:

(Калінкіна: ) "Я ў яго спыталася б: ці не надышоў час думаць не пра сябе, але пра краіну й пра ейных дзяцей, якія будуць вывучаць гісторыю, у тым ліку, і гісторыю праўленьня першага беларускага прэзыдэнта. І ці ня сорамна, як вучню, заставацца на другі год, нібыта на гэтай пасадзе можна навучыцца яшчэ чамусьці больш, чым за 10 гадоў".

Я асабіста добра памятаю першую прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, якую ён праводзіў пасьля свайго абраньня прэзыдэнтам у 1994 годзе. Тады мой калега Аляксандар Тамковіч спытаўся ў яго пра ролю незалежнай прэсы. Спадар Лукашэнка вельмі высока адгукнуўся пра незалежных журналістаў і абяцаў ім поўную падтрымку. Але насамрэч усё адбываецца інакш. Газэту “Свободные новости”, ад якое тады выступаў калега Тамковіч, за гэты час тройчы спрабавалі закрыць, абкладалі вялікімі штрафамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG